Ад лучыны да энергазберагальнай лямпачкі

Энергазберажэнне з кожным годам становіцца ўсё больш актуальным пытаннем. Абмежаванасць энергетычных рэсурсаў, высокі кошт энергіі, негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, звязаны з яе вытворчасцю, — усе гэтыя фактары прыводзяць да думкі: разумней зніжаць спажыванне энергіі, чым пастаянна павялічваць яе вытворчасць.

Маштабы шкоды прыродзе ў значнай ступені залежаць ад экалагічнай культуры і культуры энергаспажывання насельніцтва. Таму надзвычай важнае значэнне набылі экалагічная адукацыя і выхаванне, а таксама прывіццё навыкаў беражлівых адносін да энергарэсурсаў. Вядучая роля ў дасягненні гэтых мэт належыць агульнаадукацыйным установам. У Мураванаашмянкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе “яслі-сад — сярэдняя школа” яшчэ ў 2010 годзе створаны практычны цэнтр па энергазберажэнні, які працуе дзеля павышэння ўзроўню культуры энергазберажэння ў педагогаў, вучняў і іх бацькоў, работнікаў школы, навучання навыкам правільнага энергаспажывання, прыцягнення ўвагі да пытанняў энергазберажэння.
Наш практычны цэнтр працуе па некалькіх кірунках, у тым ліку па інфармацыйна-прапагандысцкім. Для навучэнцаў школы праводзяцца тэматычныя міні-экскурсіі, праходзяць урокі беражлівасці, на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць інфармацыю пра крыніцы энергіі і іх ролю ў жыцці чалавека, правілы эфектыўнага і эканомнага выкарыстання энергарэсурсаў. Асаблівай цікавасцю ў старэйшых вучняў карыстаюцца тэматычныя кніжныя выставы на тэмы энергазберажэння: “АЭС: за і суп раць”, “Энергазберажэнне дома”. Навучэнцы вучэбна-педагагічнага комплексу (сярэдняе і старшае звяно) актыўна карыстаюцца сайтам ШПІРЭ, дзе знаёмяцца з цікавымі практычнымі работамі, з творчасцю дзяцей на тэму энергазберажэння і г.д.
Пастаянна пашыраецца метадычная база цэнтра, асноўная інфармацыя знаходзіцца на электронных носьбітах, што вельмі зручна. Настаўнікі выкарыстоўваюць наяўную інфармацыю (прэзентацыі, відэафільмы, канспекты заняткаў) на ўроках, класных і інфармацыйных гадзінах, факультатывах. Створана экспазіцыя “Ад лучыны да энергазберагальнай лямпачкі”.
Актыўны ўдзел вучні прымаюць у рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці цэнтра па энергазберажэнні. Удзельнічаюць у конкурсах малюнкаў, выпуску агітацыйных лістовак, складанні слоўніка спецыяльных тэрмінаў, зборы друкаваных артыкулаў, якія закранаюць пытанні энергазберажэння. Дзеці ствараюць казкі, апавяданні на тэму энергазберажэння, крыжаванкі і памяткі.
Штогод у школе праходзіць тэматычны тыдзень “Эканомім разам!”, падчас якога праводзяцца конкурс малюнкаў, выстава вырабаў з непрыдатных матэрыялаў “Другое жыццё рэчаў”, тэматычныя заняткі, прагляд відэафільмаў. Традыцыйнымі сталі акцыі па зборы макулатуры, металалому, вырабе птушыных кармушак. У нас рэгулярна працуюць патрулі “Вадзяша”, “Цяплоша”, “Святлоша”, членамі якіх з’яўляюцца навучэнцы пачатковай школы.
А яшчэ цэнтр рэгулярна прымае ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах “Энергамарафон” і “Энергія і асяроддзе пражывання”. У 2011 годзе наш кабінет па энергазберажэнні заняў 3 месца ў рэспубліканскім конкурсе ”Энергамарафон-2010” у намінацыі “Лепшы практычны цэнтр (музей) па энергазберажэнні”.
Мы ў сваёй рабоце ніколі не спыняемся. Так, плануем папаўняць экспазіцыю, пашыраць абмен вопытам, актывізаваць вэб-старонку на школьным сайце і г.д.

Марына ГАБРЫЯЛОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Мураванаашмянкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна.