Ад камп’ютара да кнігі, што “акрыляе розум і сэрца”

Мы жывём у век камп’ютарных тэхналогій. Дастаткова націснуць клавішу — і апынешся на другім канцы планеты, здзейсніш падарожжа па экзатычных краінах, сустрэнешся з чалавекам, які знаходзіцца за сотні кіламетраў ад цябе. Усё гэта — не выходзячы з дома! Нашы продкі маглі аб гэтым толькі марыць, прыдумваючы казкі аб цудадзейным люстэрку. Выгода прагрэсу відавочная: электронныя тэхналогіі робяць наша жыццё камфортным. Але ж ёсць і адмоўныя бакі. Захапляючыся камп’ютарнымі цацкамі, забываем пра тое, што ёсць правераныя вякамі крыніцы, з якіх можна чэрпаць веды, — гэта кнігі. Так, сустрэчу з сябрам праз кнігу арганізаваць, канечне, немагчыма, а вось трапіць у мінулае і наведаць нязведаныя краіны — іншая справа… Тут усё залежыць ад фантазіі і таленту аўтара кнігі і таго, хто яе чытае. Кніга перанясе ў любую эпоху, у фарбах раскажа пра падзеі далёкай мінуўшчыны.

На вялікі жаль, падрастаючае пакаленне страчвае прыхільнасць да друкаванага слова, аддае перавагу камп’ютару і інтэрнэту.
Як павысіць цікавасць вучняў да мастацкага слова? Над гэтым пытаннем задумаліся мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Ірына Васільеўна Гавароўская і Таццяна Пятроўна Пажытка. Вырашылі, што прыйсці да кнігі дапаможа камп’ютар, бо менавіта ён з’яўляецца аб’ектам захаплення сучасных школьнікаў. У выніку быў распрацаваны электронны адукацыйны рэсурс, які атрымаў назву “Пра вайну раскажуць мастакі пяра”. 70 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адзываецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі. І таму тэма Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца адной з найважнейшых у беларускай літаратуры.
Імкнучыся замацаваць у памяці маладога пакалення трагедыю вайны, настаўнікі Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення пастараліся сабраць у электронным дапаможніку “Пра вайну раскажуць мастакі пяра” творы беларускіх пісьменнікаў, якія можна лічыць своеасаблівым помнікам загінуўшым на вайне, якія вучаць нас мужнасці, адвазе, бясстрашнасці, высокай маральнасці, шчырай адданасці Айчыне, змаганню за мір і справядлівасць на ўсёй планеце.
Аснову дапаможніка склалі апавяданні М.Лынькова “Васількі”, В.Быкава “Незагойная рана”; вершы М.Сурначова “У стоптаным жыце”, А.Пысіна “Проня”, Р.Барадуліна “Бацьку”, А.Вярцінскага “Рэквіем па кожным чацвёртым”; аповесць В.Быкава “Жураўліны крык”. Камп’ютарны сродак навучання змяшчае цэласную сістэму матэрыялаў, неабходных для паспяховага вывучэння літаратурных твораў. У дапаможніку сцісла і даступна пададзены біяграфіі аўтараў. Жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў прадстаўлены ў выглядзе прэзентацый, якія выкананы ў праграме PowerPoint. У электронным варыянце можна прачытаць літаратурны твор і паслухаць яго аўдыязапіс. Значэнні цяжкіх слоў змешчаны тут жа, у слоўніку. Зразумець тэму, ідэю літаратурнага твора, праблемы, узнятыя ў ім, дапамогуць спецыяльна складзеныя пытанні і заданні, якія пададзены ў праграме Notebook, а таксама аналіз блізкіх па тэме музычных кампазіцый і рэпрадукцый карцін. Замацаванне і праверка набытых ведаў адбываецца праз выкананне тэставых заданняў.
Выкарыстоўваючы дапаможнік “Пра вайну раскажуць мастакі пяра”, навучэнцы спецыяльных і агульнаадукацыйных устаноў могуць вывучаць прапанаваныя творы самастойна ці здабываць неабходныя веды, якія спатрэбяцца на вучэбных занятках. А настаўнікам электронны сродак дапаможа якасна і хутка падрыхтавацца да ўрокаў.
Дапаможнік “Пра вайну раскажуць мастакі пяра” створаны з мэтай выклікаць цікавасць да беларускай гісторыі, культуры, літаратуры ў сучасных школьнікаў, выхаваць патрыятызм у падрастаючага пакалення, данесці думку, якую выказаў калісьці Максім Горкі: “Любіце кнігу, яна палегчыць вам жыццё, па-сяброўску дапаможа разабрацца ў стракатай і бурнай блытаніне думак, пачуццяў, падзей, яна навучыць вас паважаць чалавека і саміх сябе, яна акрыляе розум і сэрца пачуццём любові да свету, да чалавека”. А пра вайну няхай мы будзем ведаць толькі з кніг!

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.