Ад дзіцячага садка да школы

Праблема пераемнасці паміж дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыяй актуальная ва ўсе часы. Паняцце пераемнасці трактуецца як бесперапынны працэс развіцця, выхавання і навучання дзіцяці, які мае агульныя і спецыфічныя мэты для кожнага ўзроставага перыяду. Іншымі словамі, гэта сувязь паміж рознымі прыступкамі развіцця. Невыпадкова ў цяперашні час неабходнасць захавання пераемнасці і цэласнасці адукацыйнага асяроддзя належыць да найважнейшых прыярытэтаў развіцця адукацыі.

Пераходны перыяд ад дашкольнага да школьнага дзяцінства лічыцца найбольш складаным і ўразлівым. Неабходнасць цеснага супрацоўніцтва дзіцячага садка і школы відавочная. Найважнейшай умовай эфектыўнасці работы па наладжванні ўзаемадзеяння паміж дзіцячым садам і школай з’яўляецца дакладнае разуменне мэт, задач і зместу ажыццяўлення пераемнасці. Асноўнымі задачамі тут можна вызначыць усталяванне адзінства імкненняў і поглядаў на выхаваўчы працэс паміж дзіцячым садам, сям’ёй і школай; выпрацоўку агульных мэт і выхаваўчых задач, шляхоў дасягнення намечаных вынікаў; стварэнне ўмоў для спрыяльнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — выхавальнікаў, настаўнікаў, дзяцей і бацькоў; усебаковую псіхолага-педагагічную асвету бацькоў; аказанне псіхалагічнай дапамогі ва ўсведамленні ўласных сямейных і сацыяльных рэсурсаў, якія спрыяюць вырашэнню праблем пры паступленні дзіцяці ў школу; фарміраванне ў сем’ях пазітыўнага стаўлення да актыўнай грамадскай і сацыяльнай дзейнасці дзяцей.
Для вырашэння азначаных задач на базе сярэдняй школы № 18 Віцебска разам з санаторным яслямі-садам № 37 Віцебска, яслямі-садам №№ 58, 76, дзіцячым садам № 23 Віцебска быў створаны клуб педагагічных зносін “Кантакт”. Галоўная мэта клуба — стварэнне эфектыўнай сістэмы работы па пераемнасці паміж школай і ўстановамі дашкольнай адукацыі. Членамі клуба з’яўляюцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Ірына Астапенка, намеснікі загадчыкаў санаторнага ясляў-сада № 37 Іна Гефтэр, ясляў-сада № 58 Аксана Белякова, ясляў-сада № 76 Лідзія Баярава, дзіцячага сада № 23 Алена Бутко і педагогі гэтых устаноў.
Работа клуба накіравана на ажыццяўленне бесперапыннасці ў навучанні і выхаванні дзяцей, памяншэнне негатыўных праяў адаптацыйнага перыяду на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. На працягу года мы арганізоўваем розныя мерапрыемствы. На бацькоўскіх сходах, якія праводзяцца разам з дашкольнымі ўстановамі, расказваем аб праблемах, якія могуць узнікнуць у перыяд адаптацыі першакласніка ў школе. Даём рэкамендацыі, як зрабіць так, каб гэты перыяд прайшоў менш балюча для дзіцяці. Для выпускнікоў дашкольных устаноў на базе нашай школы арганізаваны курсы па падрыхтоўцы да школы. Педагогі працуюць з дзецьмі і кансультуюць бацькоў. Для педагогаў дашкольных устаноў і школы клуб праводзіць семінары, на якіх вырашаюцца праблемы, што ўзнікаюць пры навучанні ў дашкольных установах і на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Адным з яркіх арганізаваных клубам свят стаў Дзень здароўя. Гэтае мерапрыемства ўключала ў сябе спартландыю паміж камандамі школы і дашкольнымі ўстановамі. У адной звязцы ўдзельнічалі бацькі і іх дзеці. Весела спаборнічаючы адно з адным, усе ўдзельнікі атрымалі зарад станоўчых эмоцый. А як жа інакш? Прыйшлося паказаць сябе ў розных конкурсах. У конкурсе “Візітоўка” — талент і згуртаванасць, у конкурсе “Звязак” — дружбу і хуткасць. І, вядома ж, куды без песні? Нашы навучэнцы і выпускніца ясляў-сада № 76 прадэманстравалі свае музычныя і танцавальныя таленты. Яркія нумары пакінулі самыя добрыя, пазітыўныя ўражанні як у каманд, так і ў запрошаных гасцей.
Усе мерапрыемствы, якія праводзіць клуб “Кантакт”, накіраваны на згуртаваную работу ўстаноў адукацыі, а вынік — падрыхтаваны да школьнага жыцця будучы першакласнік.

Ірына АСТАПЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Віцебска.