А я абавязкова апрану касцюм ратавальніка!

У сярэдняй школе № 1 Ашмян даўно вядзецца работа па змястоўным напаўненні вольнага ад вучобы шостага школьнага дня. Распрацавана мадэль выхаваўчай работы ў суботні дзень, у аснове якой — праграма па арганізацыі гэтага дня з улікам патэнцыялу сацыякультурнага асяроддзя рэгіёна.

Ззахопленых рэплік дзяцей, якія спяшаліся раніцай суботы ў школу, можна было зразумець, што гэты суботні дзень пройдзе цікава: “Павінны быць пажарныя машыны!”, “А я абавязкова апрану касцюм ратавальніка!”, “Абяцалі паказаць, як ратуюць людзей на вадзе”.
З самага ранку ў фае школы ўжо гаспадарылі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: раскладвалі на сталах інфармацыйныя маляўнічыя матэрыялы, брашуры і буклеты “Вучым правілы бяспекі разам”, шлемы, вогнетушыцелі рознай мадыфікацыі, развешвалі камплекты спецадзення. Абсалютна кожны жадаючы мог прымераць знакамітую аранжавую баёўку, пакрасавацца ў вогнетэрмастойкім і цяплоадбівальным касцюмах, патрымаць у руках найноўшыя выратавальныя вынаходкі, апарат падачы сціснутага паветра, паспаборнічаць у надзяванні процівагазаў, паўдзельнічаць у віктарыне на веданне асноў бяспекі жыццядзейнасці.
Паралельна ў двух камп’ютарных класах дэманстраваліся відэафільмы пра гісторыю стварэння адной з самых важных структур у нашай краіне, дзейнасць беларускіх ратавальнікаў, іх нялёгкую і такую патрэбную прафесію, пра захаванне правіл пажарнай бяспекі.
А 12-й гадзіне на школьным стадыёне разгарнуліся паказальныя выступленні ашмянскіх ратавальнікаў. І дзеці, безумоўна, былі ў поўным захапленні ад убачанага. Супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі магчымасці аварыйна-выратавальнага абсталявання: за лічаныя секунды яны ўзнімаліся на вялікую вышыню па пажарнай лесвіцы, вокамгненна тушылі ўмоўныя ўзгаранні, з неверагоднай лёгкасцю адмысловымі нажніцамі перакусвалі жалезную арматуру і рэзалі метал.
Затым супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі спосабы выратавання людзей, якія праваліліся пад лёд. Сітуацыя, калі чалавек праваліўся пад лёд, патрабуе захавання адмысловых правіл засцярогі. Пры дапамозе выратавальнай дошкі і ў вадалазным касцюме ратавальнік прайшоў да пацярпелага, паклаў яго на дошку, падаў сігнал супрацоўніку, які з дапамогай вяроўкі транспартаваў іх да берага. Такі незвычайны сродак вельмі спадабаўся дзецям. Кожнаму з іх хацелася пракаціцца, і супрацоўнікі РАНС нікому не адмаўлялі.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Андрэя МАШУТЫ.