А ў нашым двары… “Гармідар”

Лета — гэта час, калі трэба паспець зрабіць усё: завесці новых сяброў, адпачыць у аздараўленчым лагеры, пабываць на моры, а можа, проста выдатна правесці час у сваім двары. Адпачынак на дваровых пляцоўках ужо некалькі гадоў запар арганізоўваюць педагогі Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Цэнтр творчасці — гэта месца, куды дзеці ідуць для таго, каб пагутарыць з сябрамі, навучыцца тварыць і проста адпачыць. Таму было вырашана, што ўсю дзейнасць цэнтра падчас летніх канікул неабходна перанесці ў мікрараёны горада. Работа пачалася з таго, што ў адзін з дзён педагогі цэнтра адначасова выйшлі ў тры мікрараёны. У альтанках размясцілі інфармацыю аб дзейнасці трох дваровых пляцовак — “ДіМ”, “Гармідар”, “Шакалапка”. Работа закіпела. З кожным днём дзяцей прыходзіла ўсё больш і больш.
Педагогі цэнтра працавалі па многіх кірунках. Адным з самых запатрабаваных аказалася дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Наталлі Уладзіміраўны Ромаш дзеці навучыліся ляпіць з салёнага цеста. Разам з педагогам Наталляй Уладзіміраўнай Шыдлоўскай — вучыліся бодзі-арту, а таксама маляваць нацюрморты, пейзажы. А з якім задавальненнем выхаванцы плялі фенечкі ў тэхніцы макрамэ! А навучыла іх гэтаму віду творчасці Вера Іванаўна Грыгарэнка.
Як паказала практыка, асноўны змест работы пляцоўкі па месцы жыхарства складае гульнявая і адукацыйная дзейнасць. Для таго, каб далучыць дзяцей да гульнявой дзейнасці, педагогу трэба быць добрым рэжысёрам, сцэнарыстам, акцёрам, арганізатарам гульнявых і масавых свят. Творчыя педагогі Марына Міхайлаўна Тамялойць, Тамара Уладзіславаўна Кетрыс, Аліна Уладзіміраўна Івашка, Ірына Вацлаваўна Юнашка змаглі так спланаваць кожны дзень, што хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем і азартам пераўвасабляюцца ў розных герояў, становяцца ўдзельнікамі падарожжаў, вядучымі папулярных праграм. Галоўная каштоўнасць гэтага віду дзейнасці ў тым, што на пляцоўках мы адраджаем нацыянальныя беларускія гульні: “Ручаёк”, “Лянок”, “Млын”, “Іванка” і іншыя.
Мы павінны вучыць дзяцей быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Акцыі “Чысты двор”, “Захавай прыроду” і іншыя з’яўляюцца важным выхаваўчым элементам падчас арганізацыі дваровых пляцовак. Галоўная ўмова — у працоўным дэсанце павінен удзельнічаць кожны. Аздараўленне дзяцей і фарміраванне здаровага ладу жыцця ажыццяўляецца праз гутаркі, спартыўныя мерапрыемствы.
Хутка лета скончыцца, і вельмі многія хлопчыкі і дзяўчынкі з арганізаваных намі дваровых пляцовак стануць навучэнцамі аб’яднанняў па інтарэсах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Вопыт паказвае, што ў далейшым яны становяцца актыўнымі ўдзельнікамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Ірына БУЙНІЦКАЯ,
дырэктар Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.