А ў нас — спартыўны клас!

З гэтага навучальнага года ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна дзейнічае спартыўны клас. Ідэю адкрыцця такога класа ахвотна падтрымалі бацькі вучняў 6 “Б” класа, бо ўпэўнены: заняткі спортам, падтрымка выдатнай фізічнай формы — гэта жыццёвая энергія як для вучобы, так і для працы.

Пэўную ролю ў адкрыцці спартыўнага класа адыграла тое, што вучні іншых класаў і выпускнікі нашай установы з’яўляюцца прызёрамі спартыўных раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў: Настасся Рароўская ўваходзіць у склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы (спартыўная хадзьба), прызёр міжнародных спаборніцтваў; Алеся Сцефановіч (сёння яна студэнтка 1 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка) увайшла ў склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці па зімовым мнагаборстве “Здароўе” (3-е месца); Руслан Пяткевіч — удзельнік і прызёр раённых і абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы (бег на доўгія і кароткія дыстанцыі), у верасні 2015 года залічаны ў Лідскі філіял Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву; Аляксандр Статкевіч, вучань 7 “А” класа, пастаянны прызёр раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы (спартыўная хадзьба), удзельнік абласных мерапрыемстваў. Камплектаванне класа ажыццяўлялася па заявах бацькоў з улікам здольнасцей да заняткаў лёгкай атлетыкай пры адсутнасці супрацьпаказанняў. Ва ўсіх вучняў — добрыя фізічныя даныя, асноўная група здароўя. Сёння спартыўны клас — гэта 8 дзяўчынак і 3 хлопчыкі. Займаецца з юнымі спартсменамі трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Астраўца Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі.
Трэніроўкі праходзяць тры разы на тыдзень. Клас функцыянуе толькі з пачатку навучальнага года, але пачынаючыя лёгкаатлеты змаглі ўжо праявіць сябе. Так, на першынстве раёна па лёгкай атлетыцы (спартыўная хадзьба) Марта Шафран паказала вынікі, якія дазволілі заняць ёй 1-е месца, а Віталій Гілевіч заняў 3-е месца. Дыплом ІІ ступені ў раённым фестывалі сямейных каманд “Тата, мама і я — спартыўная сям’я” заваявала сям’я Ангеліны Аліхвер. Добрыя вынікі паказваюць выхаванцы спартыўнага класа і на іншых спаборніцтвах.
Самыя актыўныя ўдзельнікі і пераможцы спартыўных мерапрыемстваў у межах правядзення Тыдня спорту і здароўя — таксама вучні спартыўнага класа. Вучням ёсць з каго браць прыклад: класным кіраўніком у іх з’яўляецца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Артур Слававіч Грачанік, улюбёны ў свой прадмет, захоплены спортам настаўнік. Ён імкнецца выхоўваць у сваіх вучняў звычку да пастаянных заняткаў фізічнай культурай і спортам не толькі з мэтай спартыўных дасягненняў, але і з мэтай штодзённага аздараўлення.
Будучыя спартсмены павінны не толькі быць моцнымі фізічна, але і атрымаць добрую адукацыю. Дзеці, якія захапляюцца спортам, выпрацоўваюць пачуццё ўпэўненасці ў сабе, волю, паспяхова вучацца ў школе. Вучні наведваюць факультатыўныя заняткі па матэматыцы, працоўным навучанні, займаюцца ў музычнай школе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, паспяхова прадстаўляюць інтарэсы школы на розных конкурсах, алімпіядах.
Зараз вучні спартыўнага класа актыўна рыхтуюцца да ўдзелу ў раённым этапе ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Будзь здаровы”, прысвечанага Году культуры.

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.