А нам цікава!

Нашы дзеці ў сацыяльных сетках адчуваюць сябе вельмі добра. Яны там вельмі актыўныя. Пра цікавы праект, які рэалізавалі школьнікі з сярэдняй школы № 2 Ашмян, расказвае кіраўнік праекта па вывучэнні распаўсюджвання інфармацыі ў сацыяльнай сетцы Facebook намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Апанель.

— Актуальнасць гэтай тэмы мы ўбачылі ў тым, што карыстальнікі, размяшчаючы інфармацыю ў сацыяльнай сетцы, могуць больш эфектыўна прыцягнуць увагу грамадскасці да пэўнай праблемы, ініцыятывы, праекта, вывучыўшы асаблівасці распаўсюджвання інфармацыі ў сацыяльнай сетцы, — гаворыць Алена Іванаўна. — На старонцы карыстальніка сацыяльнай сеткі Facebook была размешчана фатаграфія, на якой навучэнцы нашай школы васьмікласнікі Мікіта Шыраеў і Глеб Смірноў трымаюць плакат з надпісам наступнага зместу: “Добры дзень, мы два хлопцы з Ашмян (Беларусь). Мы працуем над школьным праектам і хочам даведацца, у якіх кутках свету апынецца гэтая фатаграфія. Просім падзяліцца ёй”.
Ідэю падказала такая ж ініцыятыва школьнікаў з Даніі.

Для рэалізацыі праекта была выбрана сацыяльная сетка Facebook, бо яна з’яўляецца самай папулярнай сацыяльнай сеткай у свеце і дае магчымасць ахапіць карыстальнікаў не толькі рускамоўнай аўдыторыі. Менавіта з гэтай мэтай зварот да карыстальнікаў сеткі быў напісаны на англійскай мове.

Фатаграфія навучэнцаў была размешчана ў сацыяльнай сетцы з пісьмовага дазволу іх законных прадстаўнікоў, што адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Інфармацыю размясцілі на маёй старонцы, дзе на зыходнай старонцы першапачаткова былі 63 сябры. Умовы праекта: тэрмін 31 дзень — з 24 снежня мінулага года па 24 студзеня 2016 года; замер колькасці рэпостаў і падлік колькасці краін, у якіх адзначылі фатаграфію, праводзіўся штодзённа ў 21.00; адсочванне дынамікі колькасці рэпостаў і адказы на каментарыі наведвальнікаў старонкі таксама рабіліся кожны дзень.
За 31 дзень спасылкай на старонку праекта падзяліліся 2509 карыстальнікаў і яе адзначылі ў 54 краінах свету. Самыя актыўныя краіны — Беларусь, Расія, Украіна. Самыя актыўныя гарады — Мінск, Масква, Даўгаўпілс. 29 снежня стаў самым рэкордным днём — 561 карыстальнік адзначыў старонку праекта.

А вось якія каментарыі з’яўляліся:

— Падтрымаць ініцыятыву беларускіх школьнікаў — святы абавязак кожнага памяркоўнага фэйсбучніка.

— Let’s help the guys! Давайце дапаможам хлопцам!

— Ужо ў Рыме) дапаможам гэтаму фота абляцець свет) Repost per favore)

— Hello, Belarus! Waving from Mobile Alabama! Прывітанне, Беларусь! Махае мабільная Алабама!

— Let’s help boys to realise their project! Давайце дапаможам хлопчыкам рэалізаваць іх праект!

— Well, I am in Singapore. Is it possible more far? Смайлік “smile”. Я ў Сінгапуры. Можаце яшчэ далей?

Праект, без сумненняў, прыцягнуў увагу жыхароў розных краін да нашага горада Ашмян і да нашай краіны.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.