6 “п” праектнага метаду навучання

Выкарыстанне праектнага метаду навучання дапамагае развіваць творчыя здольнасці школьнікаў. Праект — гэта вынік творчасці настаўніка і вучня. Лічу, што менавіта творчы пачатак у дзейнасці педагога і яго выхаванцаў здольны істотна павысіць якасць адукацыі.

Даволі часта ў мяне ўзнікалі пытанні: “Што неабходна змяніць ва ўроку, каб зрабіць яго сучасным?”, “Як узмацніць матывацыю да вучобы і інтарэс дзяцей да пазнання, павысіць іх адказнасць за вынікі сваёй працы?”. Для гэтага пачала выкарыстоўваць метад праектаў.

У зносінах з вучнямі ўважліва назіраю за іх асобаснымі якасцямі, ацэньваю іх стаўленне да вучобы і ў залежнасці ад гэтага будую сваю дзейнасць. Развіваючы творчыя задаткі школьнікаў, фармірую ў дзяцей здольнасць да супрацоўніцтва, незалежнасць, знаходлівасць, імкненне да творчага пошуку. Метад праектаў — добры спосаб рэалізаваць не толькі вучэбныя, але і выхаваўчыя задачы.

Дзякуючы метаду праектаў, удаецца ўстанавіць трывалыя сувязі паміж тэорыяй і практыкай, павысіць узровень засваення ведаў, уменняў і навыкаў, а таксама тэхналагічную дасведчанасць. Паколькі гэты метад грунтуецца на асобасна арыентаваным падыходзе, ён з’яўляецца адной з найбольш прадукцыйных і інтэнсіўных методык, якая дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў у навучанні.

Праект прадугледжвае наяўнасць пэўных этапаў і ацэнкі вынікаў. Падчас работы над праектам настаўнік з’яўляецца кансультантам, крыніцай інфармацыі, каардынатарам і памочнікам. Сумесная творчая дзейнасць фарміруе ў вучняў станоўчыя ўзаемаадносіны з равеснікамі, уменні супрацоўнічаць, разумець і цаніць творчасць іншых.

Выкарыстоўваю метад праектаў 10 гадоў у 3—11 класах. Праект — гэта 6 “п”: праблема, праектаванне (планаванне), пошук інфармацыі, прадукт, прэзентацыя і партфоліа. Дзякуючы выкарыстанню гэтага метаду, дзеці дасягаюць высокіх вучэбных вынікаў. Так, яны займаюць прызавыя месцы ў розных конкурсах падчас прадметнага метадычнага тыдня па англійскай мове, у пазаўрочных конкурсах і мерапрыемствах, актыўна ўдзельнічаюць у штогадовым гарадскім конкурсе тэатральных пастановак і гарадской навукова-практычнай канферэнцыі. Сярод вучнёўскіх работ варта вылучыць такія, як “Запазычаныя словы з англійскай мовы ў маладзёжным слэнгу”, “Нацыянальная кухня Беларусі і Вялікабрытаніі”, “Рэклама турыстычнага агенцтва” і “Цікавыя факты з жыцця акцёраў і пісьменнікаў”.

Праектная дзейнасць — адзін з метадаў, накіраваны на выпрацоўку самастойных даследчых уменняў. Ён дапамагае развіваць творчыя здольнасці і лагічнае мысленне, сістэматызуе веды, далучае да праблемнага пошуку.

Валянціна ДАРОНІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.