26 гадоў і больш за 100 вучняў, або Сакрэты поспеху маладых педагогаў

На мінулым тыдні ў сталіцы віншавалі лепшых педагогаў дадатковай адукацыі. Конкурс “Узыходжанне” праходзіў з кастрычніка па лістапад у рамках конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Удзел у ім прынялі 13 маладых педагогаў, стаж работы якіх не перавышаў 5 гадоў.

Пераможцам конкурсу стаў Раман Русланавіч Гудзь, які з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Асновы радыёкіруемых аўтамадэлей” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.
Другое месца падзялілі паміж сабой два педагогі: Вольга Генадзьеўна Паліцкавая, кіраўнік студыі ірландскага танца “Фенікс” Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна, і Надзея Сяргееўна Брылёва, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Весянчук” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і маладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна.
Дыплом III ступені і 3 месца адпаведна атрымаў Сяргей Дзмітрыевіч Маўчанаў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чэмпіён” Цэнра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Маскоўскага раёна.
Конкурс “Узыходжанне” складаўся з трох творчых заданняў. Яго ўдзельнікі прадстаўлялі традыцыйную педагагічную візітку, дзе трэба было прадставіць сябе і расказаць пра работу аб’яднання. Другім этапам стала праходжанне псіхолага-педагагічнага тэста. Прычым тэст меў дастаткова ўніверсальны характар і ўключаў у сябе, напрыклад, пытанне аб колькасці куплетаў беларускага гімна. Апошняй часткай тэставага задання стала вырашэнне канфліктнай сітуацыі.
“Мне дасталася цікавая сітуацыя, — адзначае пераможца конкурсу Раман Гудзь. — За два дні да аўтамадэльных спаборніцтваў адзін з выхаванцаў даведваецца, што яго мадэль пашкоджана і гэта зроблена спецыяльна. Ніхто не хоча прызнавацца ва ўчынку.
Натуральна, што першая думка ў такой сітуацыі — супакоіць дзіця, вярнуць яму жаданне спаборнічаць, а потым прыцягнуць усіх членаў аб’яднання па інтарэсах да аднаўлення мадэлі. Так мы вырашаем адразу дзве задачы: па-першае, аднаўляем мадэль, а па-другое, гэта выхаваўчая мера, бо той, хто знарок пашкодзіў мадэль, удзельнічае ў рабоце над ёй”.
Адкрытыя заняткі Рамана Русланавіча прайшлі на творчым уздыме. Педагог вучыў дзяцей рабіць раму для радыёкіруемага аўтамабіля. Выхаванцы аб’яднання загадзя падрыхтавалі чарцяжы і загатоўкі да мадэлей, а на занятках сабіралі раму, працуючы з пластыкам.
Думаецца, нездарма камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама вылучыў асобны конкурс для маладых педагогаў дадатковай адукацыі ў рамках традыцыйнага маштабнага конкурсу педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Менавіта так і запальваюцца новыя зоркі, так знаходзяцца людзі, адданыя адукацыі.
Раману Гудзю ўсяго 26 і ён дакладна ведае, што педагогіка, у прыватнасці выкладанне аўтамадэлявання, — яго прызванне. Нягледзячы на тое, што малады чалавек скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Бібліяграфія” і пачаў сваю працоўную дзейнасць у камітэце па навуцы і тэхналогіях, дзе займаўся работай з дакументацыяй, у прыватнасці з патэнтамі, зусім хутка ён зразумеў: справа, якой быў захоплены з самага дзяцінства, не адпускае.
“Гэта шчасце, калі захапленне і работа супадаюць, — усміхаецца пераможца конкурсу. — Я займаўся аўтамадэляваннем яшчэ ў школе, прычым самастойна, толькі зусім кароткі час наведваў гурток. Спачатку спрабаваў арыентавацца на фотаздымкі з часопісаў, а калі з’явіўся інтэрнэт, усё стала намнога прасцей, з’явілася магчымасць развівацца.
Для мяне аднолькава цікавая і педагагічная, і тэхнічная частка маёй работы. Мне падабаецца рашаць тэхнічныя задачы з дзецьмі. Сёння я працую са старэйшымі ў “Студыі эксперыментальнага мадэлявання”. Тыя, хто крыху маладзей, наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Асновы радыёкіруемых мадэлей”, а з самымі маленькімі займаюся канструяваннем аўтатранспарту. На цяперашні момант у мяне больш за 100 вучняў”.
Раман Русланавіч працуе ў сістэме дадатковай адукацыі крыху больш за тры гады, і большую частку гэтага часу — у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, дзе паспеў заваяваць рэпутацыю чалавека творчага, удумлівага, ініцыятыўнага. Малады педагог упэўнены: нашай сістэме ёсць чым ганарыцца, а таму пара выходзіць з аўтамадэляваннем на міжнародны ўзровень.

Наталля АЛЁХІНА.