20 гадоў пад “Пунсовымі ветразямі”

Аднаму са старэйшых клубаў ЮНЕСКА “Пунсовыя ветразі” ў 2013 годзе спаўняецца 20 гадоў. Гэта клуб-доўгажыхар, які стаяў ля вытокаў стварэння РГА “БелАЮ” і за гады свайго існавання выхаваў сапраўдных грамадзян сваёй краіны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гатовых распрацоўваць і рэалізоўваць самыя смелыя праекты на карысць радзімы.

Клуб ЮНЕСКА “Пунсовыя ветразі” дзейнічае ў мінскай гімназіі № 25 з 1993 года. Кіраўніцтва гімназіі, усведамляючы важную ролю клуба ў навучанні, выхаванні і развіцці навучэнцаў, заўсёды падтрымлівала ў любых пачынаннях маладых людзей.
Сёння клуб налічвае 33 члены, сярод якіх навучэнцы 6—11 класаў. Працуе клуб згодна са Статутам, у якім прапісаны законы, правы і абавязкі членаў клуба. Вышэйшым органам клуба з’яўляецца савет, у які ўваходзяць старшыня клуба, яго намеснікі, інфармацыйны менеджар, сакратар савета, старшыня рэвізійнай камісіі. Клуб удзельнічае ў рабоце па некалькіх праграмах РГА “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”: “Культура свету”, “Нефармальная адукацыя”, “Здаровы лад жыцця”, “Інфармацыя і камунікацыя”. У рамках гэтых праграм за 2011—2013 гады члены клуба прынялі ўдзел у канферэнцыі па мадэляванні ААН “GYMUN 2013” на тэму “Моладзь за ўстойлівую будучыню”, фестывалях і акадэміях РГА “БелАЮ”. Таксама ў рамках праграмы “Здаровы лад жыцця” члены клуба ў лістападзе 2012 года ўдзельнічалі ў маладзёжным трэнінгу, прысвечаным Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам, які быў праведзены пры падтрымцы старшыні Сакратарыята РГА “БелАЮ” Таццяны Працкевіч і саліста гурта “OpenSpace” пасла маладзёжнай сеткі Y-EEPR Віталія Маціеўскага.
Наступным, ужо самастойным крокам у гэтым напрамку, было правядзенне трэнінгу “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі” па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Мэта трэнінгу — павышэнне ўзроўню інфармаванасці па праблеме ВІЧ-інфекцыі ўдзельнікаў трэнінгу. Такія практыкаванні, як “Чатыры куткі”, “Ступень рызыкі”, вызначэнне паняццяў ВІЧ, ВІЧ-інфекцыя, СНІД хутка і лёгка дапамаглі засвоіць новыя і замацаваць старыя веды. Рух, актыўнасць, удзел, зацікаўленасць, добразычлівасць — ключавыя словы, якія дакладна адлюстроўваюць ход падзей трэнінгу.
Клуб “Пунсовыя ветразі” не абмяжоўваецца прапанаванымі праектамі РГА “БелАЮ” і ахвотна арганізоўвае ўласныя акцыі і мерапрыемствы. Так, 21 верасня па даўняй традыцыі дзеці святкуюць Дзень свету. Сёлета гэта была акцыя PeaceOneDay.
С самай раніцы пачаўся першы этап гульні “Знайсці сваю планету”. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі аказаліся навучэнцы 5—7 класаў. Да трэцяга перапынку ўтварыліся 5 каманд з 4-х чалавек, якія адразу ж прыступілі да другога тура гульні “Знайсці словы”. Пераможцы былі вызначаны і ўзнагароджаны салодкімі прызамі.
Падчас перапынкаў працавалі пошта свету, кірмаш талентаў, фотагалерэя. Асаблівае задавальненне прынёс майстар-клас Pinwheels.
У холе першага паверха трансліраваліся вучэбныя ролікі пра Дзень свету і работу клуба ЮНЕСКА “Пунсовыя ветразі”. Святкаванне Дня свету прайшло весела, з запалам, захапляльна.
З’яўляючыся членамі клуба ЮНЕСКА, дзеці атрымліваюць унікальныя веды, бясцэнныя сувязі, вопыт кіравання, вопыт эфектыўнай камунікацыі. У іх ёсць магчымасць вызначыць свой далейшы жыццёвы шлях, а галоўнае — рэалізаваць самыя цікавыя і значныя для грамадства ідэі. Запатрабаванасць арганізацыі ў маладзёжным асяроддзі — адзін з самых важных крытэрыяў поспеху. З кожным годам усё больш гімназістаў уцягваецца ў кола ідэй і праектаў “Пунсовых ветразяў”, дзякуючы шырокаму спектру напрамкаў работы клуба. За кошт актыўнай работы таленавітых і энергічных спецыялістаў РГА “БелАЮ”, “Пунсовыя ветразі” збіраюць пад крыло самую яркую і актыўную моладзь, дапамагаючы ёй рэалізаваць свае таленты, ідэі, мары.

 

Вольга ТАРАСАВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 25 Мінска, кіраўнік клуба “Пунсовыя ветразі”.