151 кіламетр па вадзе

Правёўшы цэлы год за партамі ў школе, у аколіцах дома, летам дзеці маюць магчымасць выйсці за межы гэтага замкнёнага кола і ўбачыць прыгожую прыроду, гістарычныя і архітэктурныя помнікі, спазнаць шмат новага пра сваю краіну і навакольны свет, паспрабаваць сябе ў іншай ролі, напрыклад, у якасці турыста-водніка, спартсмена.

На працягу некалькіх гадоў юныя турысты з Цэнтра турызму, краязнаўтва і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска падчас летніх канікул адпраўляюцца ў падарожжа па Беларусі. Вось і гэтым летам група турыстаў у складзе 14 чалавек пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аляксандра Аляксандравіча Пахомава і метадыста Таццяны Сяргееўны Прасмыцкай здзейснілі водны паход 1-й катэгорыі складанасці па рацэ Бярэзіна. Маршрут пралягаў праз Мінскую вобласць (в. Жукавец — г.Беразіно — в.Міраслаўка) і Магілёўскую (г.п.Свіслач — в.Арлінскае — г.Бабруйск).Працягласць маршруту склала 151 км.Мэтай паходу было аздараўленне дзяцей, замацаванне атрыманых навыкаў і ўменняў турысцкага жыцця, набытых дзецьмі на занятках турысцкіх аб’яднанняў па інтарэсах. Пачаўся паход суботняй сонечнай раніцай. Наша каманда сабралася ў Цэнтры турызму, дзе ўжо чакаў мікрааўтобус, які паспяхова даставіў нас да пункта старту ў Жукаўцы. Першы дзень нашага паходу прайшоў у падрыхтоўчай рабоце. Дружнай камандай хутка справіліся з задачай па зборцы плавальных сродкаў — 2 катамаранаў і 2 байдарак, правялі вучэбна-трэніровачныя заняткі, на якіх разгледзелі пытанні па тэхніцы бяспекі і тэхніцы перамяшчэння па воднай дарозе. Далей былі водныя і сонечныя працэдуры, каб атрымаць зарад энергіі на падарожжа.
Раніцай наступнага дня наша “флатылія” адправілася ў плаванне. Наперадзе нас чакалі 8 дзён шляху да роднага горада, з іх 6 дзён сплавам, 1 дзень адпачынку і дзень збору і вяртання дадому.Рака Бярэзіна — адна з найбуйных рэк Беларусі, хаця апошнім часам драбнее. Высокія пясчаныя берагі чаргуюцца з голымі і бязмежнымі прасторамі. У найбліжэйшых лясах у сезон поўна грыбоў і ягад, а багацце рыбы тлумачыць любоў да Бярэзіны рыбакоў. На яе берагах стаяць такія гарады, як Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск. За час паходу дзеці бачылі шмат маляўнічых месцаў, найбольш запомніліся месцы стаянак ля Свіслачы і Арлінскія азёры. Убачылі мясцовых насельнікаў: белага і чорнага бусла, чаплю, качак, рыб і вужоў. Прыходзячы на месцы начлегу, групай прыбіралі месцы стаянак ад смецця, хаця ў большай частцы было даволі чыста. А вось недалёка ад ракі Ольсы сустрэлася стаянка вельмі засмечаная, і група вырашыла правесці акцыю “Чысты лес”.
Так, дзень за днём, непрыметна для ўсіх нас падарожжа падыходзіла да канца. У перадапошні дзень падарожжа па традыцыі мы прыгатавалі святочны торт, а вечарам сядзелі ля вогнішча і дзяліліся сваімі ўражаннямі, а іх набралася многа за час паходу.Маршрут пройдзены, мэты і задачы дасягнуты. Па выніках паходу дзецям прысвояць 3-ці дарослы разрад па спартыўным турызме, выдадуць даведку аб заліку падарожжа, што ў далейшым дасць ім магчымасць быць кіраўнікамі воднага паходу і ісці далей у больш складаныя паходы. І гэта стала мэтай на наступнае лета — здзейсніць паход 2-й катэгорыі складанасці па рацэ Шуі, што цячэ ў Расіі, у Карэліі.
На канцавым пункце маршруту ўсе доўга развітваліся, абяцаючы адно аднаму званіць і абавязкова сустрэцца. Такі від актыўнага адпачынку я лічу самым удалым. Дзеці даведваюцца пра свой край шмат новага, бачаць такія месцы, да якіх яны ніколі б у іншых абставінах не дабраліся. І самае галоўнае, пасля такіх паходаў утвараецца самы з’яднаны калектыў, на які ты як кіраўнік або проста сябар можаш паспадзявацца.

Таццяна ПРАСМЫЦКАЯ,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства
і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.