150 слаўных гадоў

Лошніцкая сярэдняя школа, што ў Барысаўскім раёне, адна са старэйшых устаноў адукацыі нашай рэспублікі, адсвяткавала 150-гадовы юбілей. Школа мае шматгадовую і слаўную гісторыю, якая цесна звязана з лёсам роднага пасёлка і ўсёй Беларусі.

Упершыню аб адукацыі ў вёсцы Лошніца згадваецца ў другой палове ХIХ стагоддзя. Менавіта тут, у 1863 годзе, было заснавана аднакласнае народнае вучылішча, якое нават не мела свайго будынка і размяшчалася ў сялянскай хаце. На ўтрыманне вучылішча казна давала мала грошай, таму большую частку сродкаў збіралі бацькі і папячыцелі. З-за мізэрнай аплаты настаўнікамі працавалі, як правіла, пазаштатныя дзячкі і адстаўныя салдаты. У 1884 годзе для школы было пабудавана спецыяльнае памяшканне, дзе мелі магчымасць навучацца каля 60 дзяцей.
Бясцэнны ўклад у развіццё ўстановы ўнёс Васіль Самуілавіч Бірыч, які стаў яе першым прафесійным настаўнікам і першым дырэктарам. Яшчэ ў 1900 годзе ён здолеў пераканаць сялян у неабходнасці навучання дзяцей грамаце, а ў 1923 годзе яго намаганнямі працоўная школа першай ступені была пераўтворана ў сямігадовую, дзе навучалася ўжо больш за сто вучняў.
У 1948 годзе ўстанова атрымала статус сярэдняй школы, павялічылася колькасць навучэнцаў, з’явіліся новыя настаўнікі. І хоць пасляваенныя гады былі цяжкімі — не хапала сродкаў для папаўнення матэрыяльнай базы, драўляны будынак патрабаваў рамонту, для асвятлення карысталіся газавымі лямпамі, — цяга да ведаў у жыхароў вёскі Лошніца і навакольных паселішчаў была вялікая. У 1964 годзе ў пасёлку з’явілася цагляная трохпавярховая школа, а ў 1985 — свае дзверы ветліва расчыніла новая светлая і прасторная школа.
Як вядома, гонарам любой установы адукацыі з’яўляюцца яе вучні. У Лошніцкай школе сапраўдную пуцёўку ў жыццё атрымалі тысячы юнакоў і дзяўчат, многія з якіх сталі знакамітымі людзьмі і назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю роднай альма-матар. Сярод іх: Афанасій Фёдаравіч Кавалёў — Старшыня Саўнаркама БССР, аўтар кніг “Звон мой, праўда”, “Зялёнае і чорнае”; Таццяна Васільеўна Бірыч — заслужаны ўрач і заслужаны дзеяч навук БССР, выдатнік аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук , член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР; паэт-франтавік Аляксандр Іванавіч Сакалоў, аўтар зборнікаў вершаў “Сталасць”,  “Скрозь гады”, кніг “Сустрэча з юнацкасцю”, “Восеньскі настрой” і інш. Уладзімір Васільевіч Ізох — вучоны-радыёфізік, доктар навук, прафесар, які 16 гадоў загадваў кафедрай радыёфізікі і электронікі БДУ; Уладзімір Аляксеевіч Котаў, які сумесна з С.П.Каралёвым працаваў у цэнтры касмічных палётаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вучні і педагогі школы абаранялі Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ваявалі ў Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах. Пазней яе выпускнікі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Так, Г.С.Серафімовіч служыў у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, загінуў у студзені 1986 года. За мужнасць і гераізм ён узнагароджаны медалём “За адвагу”, граматай за важкі ўклад у справу ўмацавання інтэрнацыянальнай дружбы паміж ДРА і СССР.
Выпускнікі Лошніцкай школы працуюць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, дасягаюць поспехаў у прафесійнай дзейнасці, ствараюць свае сем’і і выхоўваюць дзяцей. Школа ганарыцца і тымі з іх, хто вярнуўся ў яе, каб працаваць настаўнікам, а гэта — 36 педагогаў!
Лошніцкая школа сёння — гэта сучасная ўстанова адукацыі, у якой створаны ўсе ўмовы для паспяховага навучання і выхавання дзяцей. Педагогі школы поўныя творчых планаў, адкрытыя для прагрэсіўных і дзейсных інавацый. А іх навучэнцы, якіх зараз каля 450, прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных спартыўных і культурных мерапрыемствах. Яны вядуць даследчую і пошукавую работу, удзельнічаюць у акцыях “Абеліск”, “Ветэран жыве побач”, “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”, “Дзякуй за жыццё”, “Рука ў руцэ”, “Нашы дзеці”, “Мы перамаглі”, “Дом без адзіноты” і інш.
Заснаваная 150 гадоў назад, Лошніцкая сярэдняя школа сёння захоўвае і памнажае свае слаўныя традыцыі, імкнецца да новых поспехаў і дасягненняў.

Таццяна НАТАЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Лошніцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна.