Цуды ў “Ластаўцы”

На зіму ластаўкі адлятаюць на поўдзень, а ў Астравецкім раёне дзіцячы аздараўленчы лагер “Ластаўка” сустракае хлопчыкаў і дзяўчынак. У снежні тут на два тыдні адкрылася сядзіба Дзеда Мароза.За гэты час больш за 500 дзяцей і іх бацькоў з задавальненнем акунуліся ў навагоднюю атмасферу казачнага лесу. Каля чароўнай брамы сядзібы гасцей сустракалі лясныя героі, якія разам з наведвальнікамі прамаўлялі замову і апыналіся на сцежцы казак. На станцыях можна было сустрэцца з казачнымі персанажамі. Баба Яга загадвала дзецям загадкі, Снежная Каралева са сваім памочнікам Снегавіком падчас гульні замарожвала і размарожвала гасцей лесу, Лесавічок прапаноўваў згуляць у снегабол, Падчарка з казкі “Дванаццаць месяцаў” размяркоўвала прысутных на групы паводле месяца іх нараджэння і прапаноўвала пагрэцца ля казачнага вогнішча, Заяц скакаў з гасцямі па снежных купінах і пераадольваў чароўны лабірынт. Апошнімі сустракалі наведвальнікаў сядзібы Кашчэй Бессмяротны і пачвары: яны прапаноўвалі пакінуць на ёлцы жаданняў ліст Дзеду Марозу і паўдзельнічаць у навагоднім флэш-мобе. У актавай зале сядзібы праходзіла прадстаўленне “Цуды пад Новы год”. Акрамя таго, у дзяцей і іх бацькоў была магчымасць наведаць фітабар і прадэгуставаць фірменныя ластаўчыны аладкі. А калі дазваляла надвор’е, можна было пакатацца на лыжах.

Вольга ДЭМБОЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*