Спяшаюцца ў “саламянае царства”…

Шмат гадоў працуе Валянціна Міхайлаўна Рыбакова метадыстам Мсціслаўскага дома рамёстваў. За гэты час яе рукі паспрабавалі бісерапляценне, вышыўку бісерам і крыжыкам, вязанне, выраб народных лялек-сувеніраў. Ды толькі больш за ўсё яе цягне да саломапляцення. Гэты від беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва захапляе не толькі жанчыну, але і многіх вучняў Капачоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Дзеці імчацца ў “саламянае царства” і пасля ўрокаў, і ў выхадны дзень. Іх прываблівае і майстэрства Валянціны Міхайлаўны, якое яна перадае сваім навучэнцам, і незлічоныя павер’і і абрады, звязаныя з саломай.

Нашы продкі верылі ў чароўную сілу саломы і збожжа, якія нясуць у сабе жыватворную сілу прыроды і шчодра аддаюць яе не толькі сцяблу і каласам новага ўраджаю, але і тым, хто так ці інакш датыкаецца да іх. Таму так шанаваўся апошні сноп, прыбраны з поля, які захоўваўся ў хаце да новага ўраджаю. З саломай сяляне звязвалі сваё будучае жыццё, даруючы ёй ролю прадказальніцы ў каляднай варажбе. Збожжам абсыпалі маладых на вяселлі, а маладую саджалі на салому, каб сіла раслін перадалася маладой сям’і і іх будучым дзецям. На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання чалавек не мог абысціся без надзеі на дапамогу і падтрымку незразумелых ім да канца звышнатуральных сіл. Ён надзяляў іх выявамі, якія суправаджалі яго ўсё жыццё. Саламяныя фігуркі дарылі маладым на вяселлі, адно аднаму ў адпаведныя святы, вялікія выявы Масленіцы, Марэны рабілі падчас масавых абрадаў, прыносячы ў ахвяру праз спаленне ці патапленне.

Саломка для Валянціны Рыбаковай стала матэрыялам, пры дапамозе якога яна выказвае свае пачуцці і думкі, паказвае свет і сваё стаўленне да яго. Такія, здавалася б, незлучальныя якасці саломкі, як непадатлівасць і супраціўляльнасць, і неверагодная пластыка пляцёнак і саламяных стужак адкрылі перад майстрыхай вялікія творчыя абшары, якія яна з задавальненнем перадае падрастаючаму пакаленню.

Работы з саломкі розныя па тэхніцы выканання і па складанасці. Маленькія выхаванцы робяць званочкі, павучкоў, аплікацыі. Старэйшыя плятуць з разрэзаных саломінак кветкі, лісточкі, коскі, потым камбінуюць іх, афармляюць гатовыя вырабы. Многія ўжо могуць самастойна зрабіць павука, вянок, казу, ляльку, пеўніка ці жар-птушку. А букет кветак, зроблены дзіцячымі рукамі, — найлепшы падарунак для кожнай матулі.

Зразумела, за кожным дзіцячым вырабам трэба прасачыць, дапамагчы маленькаму творцу, але ў Валянціны Міхайлаўны гэта з лёгкасцю атрымліваецца. Яна да кожнага знойдзе падыход, патрэбны ўзровень складанасці, неабходную эмацыянальную падтрымку пры няўдачах. І хоць саломапляценне страціла сваё першапачатковае побытавае рытуальнае прызначэнне, яно перасягнула праз стагоддзі і працягвае сваё існаванне. А дзякуючы Валянціне Міхайлаўне Рыбаковай яно захоўваецца і развіваецца як частка нашай вялікай культурнай і духоўнай спадчыны, дэманструючы пышную гаму сваіх дэкаратыўных уласцівасцей.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Капачоўскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*