Піянеры і патрыёты

Раённая спартыўна-патрыятычная піянерская гульня “Патрыёт” зноў сабрала 19 піянерскіх дружын Савецкага раёна.

Ужо сёмы раз па ініцыятыве арганізатараў — Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля, а таксама раённага савета грамадскай арганізацыі “БРПА” — раённая гульня праводзіцца напярэдадні гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета пляцоўкай для правядзення вялікага піянерскага свята стала сярэдняя школа № 38 Гомеля.

Раённую гульню традыцыйна падтрымалі грамадскія арганізацыі Гомельскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру”, гомельскія абласныя арганізацыі ГА “БРПА” і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, раённыя арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і Камуністычная партыя Рэспублікі Беларусь, а таксама аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.19 піянерскіх дружын адабралі ў сваіх установах адукацыі самых спрытных, творчых і актыўных піянераў і сфарміравалі каманду з 6 чалавек. Пасля ўрачыстага адкрыцця раённай гульні ўдзельнікам трэба было прайсці 7 тэматычных станцый: “Візітоўка каманды”, “Адгадай мелодыю”, “Старонкі гісторыі”, “Піянерская крыжаванка”, “Конкурс капітанаў”, “Паласа перашкод”, “Тэматычны калаж”.

Сёлета арганізатары гульні яшчэ больш старанна падышлі да выбару тэматыкі некаторых станцый. Напрыклад, у “Візітоўцы” камандам неабходна было расказаць не толькі пра сваю дружыну, але і пра піянерскія праграмы, па якіх працуюць піянеры. Не забыліся яны і пра ветэранаў. Асаблівая ўвага з боку арганізацыі ўдзяляецца цімураўскаму руху. Сёння важна не толькі ўмець распавесці, але і сваімі справамі і ўчынкамі паказаць дзейнасць дружыны. Самі піянеры неаднаразова гаварылі пра неабходнасць больш актыўнай работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Невыпадкова тэма візітоўкі гучала “Піянерам быць выдатна!”.

Цікавай у гэтым годзе была і тэма станцыі “Тэматычны калаж” — “Спецвыпуск газеты “Зорька”. Сёння гэтая дзіцячая газета не толькі анансуе дзіцячыя мерапрыемствы, але і размяшчае інфармацыю пра цікавыя піянерскія конкурсы, якія здольны прыцягнуць дзяцей любога ўзросту ў калектыўную творчую справу. У працэсе падрыхтоўкі да раённай гульні навучэнцам было прапанавана вывучыць структуру выдання, а таксама паспрабаваць сябе ў ролі юных карэспандэнтаў, размясціўшы на старонках спецвыпуску газеты матэрыялы аб мерапрыемствах і падзеях сваёй піянерскай дружыны. Работа юных карэспандэнтаў ішла на працягу ўсёй гульні. Кожная піянерская дружына самастойна размяшчала фотасправаздачы аб праходжанні станцый у групу раённага савета “Піянерскі веснік” у сацыяльнай сетцы.

Завяршылася раённая гульня падвядзеннем вынікаў. Першае месца было прысуджана піянерскай дружыне “Гардэмарыны” сярэдняй школы № 38 Гомеля, другое месца — піянерскай дружыне “Чырвоная зорка” гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля, трэцяе месца заняла піянерская дружына “Дружба” сярэдняй школы № 62 Гомеля. Усе пераможцы атрымалі кубкі, дыпломы, а таксама каштоўныя прызы ад раённых і абласных грамадскіх арганізацый.

Дар’я ЧЫКУНОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*