На зямлі, вадзе і снезе

Зімовыя канікулы ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшлі пад знакам навукі, тэхнікі і спорту. З 27 снежня па 6 студзеня ў галоўнай установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталіцы праводзіліся агульнагарадскія мерапрыемствы Тыдня (а дакладней, амаль двух каляндарных тыдняў) навукі, тэхнікі і спорту “Пошук і творчасць — табе, Беларусь!”. Навучэнцы гурткоў спартыўна-тэхнічнага напрамку паказвалі сваё майстэрства ў аўта- і суднамадэлізме, архітэктурныя здольнасці, кемлівасць, фізічную падрыхтоўку.

Сёння — аўтамадэлісты, заўтра — суднамадэлісты, паслязаўтра — шахматысты, праз два дні — архітэктары-дызайнеры… Так дзень за днём падчас зімовых канікул Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі жыў асаблівым жыццём, яго кабінеты і залы былі напоўнены атмасферай спаборніцтваў. Як паведаміў загадчык сектара аддзела тэхнічнай творчасці і спорту МДПДіМ Валерый Іванавіч Канончык, правядзенне гарадскога тыдня накіравана на развіццё і папулярызацыю тэхнічнай творчасці і спорту, раскрыццё патэнцыялу і падтрымку таленавітых дзяцей і падлеткаў, стымуляванне работы аб’яднанняў спартыўнай і тэхнічнай накіраванасці. Удзел у тыдні стаў для навучэнцаў і педагогаў своеасаблівай справаздачай аб рабоце ў першым паўгоддзі бягучага навучальнага года, якая вялася ў аб’яднаннях тэхнічна-спартыўнай накіраванасці ўстаноў дадатковай адукацыі горада.

Арганізацыі Тыдня навукі, тэхнікі і спорту папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Для камплектавання раённых каманд былі праведзены раённыя туры з ахопам 856 навучэнцаў. “Так, работы навучэнцаў лабараторыі “Радыёэлектроніка” і кабінета “Архітэктуры і дызайну” нашага цэнтра прымаюць удзел у XII Міжнародным конкурсе электронных калядных дэкораў, што праходзіць у Рызе. А вось старт усім мерапрыемствам тыдня даў адкрыты гарадскі чэмпіянат па скорасным манеўраванні на карце. Нягледзячы на снег і галалёд, на старт выйшлі 54 спартсмены. Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла каманда Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў складзе Стафаніі Юшкевіч, Улада Якулевіча, Яраслава Мазурава. Кіраўнік каманды — Дзмітрый Юр’евіч Белабародаў”, — паведаміў Валерый Іванавіч.

Не менш цікавым быў гарадскі турнір радыёкіруемых аўтамадэлей “Навагодні серпанцін”. У Беларусі, як вядома, гор няма, таму серпанціны былі штучнымі, умоўнымі, аднак іх праходжанне было не менш эмацыянальным і захапляльным, чым пераадоленне крутых віражоў над сапраўднымі скаламі і абрывамі. Спадзяёмся, што адчуць атмасферу спаборніцтваў, няхай і завочна, вам, паважаныя чытачы, дапамогуць фотаздымкі. Мы ж адзначым толькі, што ў намінацыі “Фігурнае ваджэнне радыёкіруемых мадэлей”, клас “Цацкі”, ва ўзроставай катэгорыі ўдзельнікаў, не старэйшых за 11 гадоў, у тройцы прызёраў апынуліся адразу тры выхаванцы МДПДіМ: Цімафей Бруханчык (першае месца), Уладзіслаў Фурман (другое месца) і Мацвей Турок (трэцяе месца).

Турнір “Кубак чайніка”, які прайшоў 27 снежня, сабраў спартсменаў-пачаткоўцаў, усіх тых, хто пажадаў паказваць сваё майстэрства ў трасавым мадэлізме. Першае месца заняла каманда МДПДіМ, другое месца — у каманды Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна, трэцяе — у каманды Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна. Выдатныя вынікі паказалі ўдзельнікі гуртка “Ваджэнне трасавых мадэлей” (кіраўнік Юрый Аляксандравіч Дубік) МДПДіМ. Так, у малодшай, сярэдняй і старэйшай узроставых катэгорыях у класе ТВ першыя месцы занялі адпаведна Максім Гусачык, Міхаіл Смірноў і Дзмітрый Жук.

У шахматным сямейным турніры “Снежная каралева” прынялі ўдзел 38 каманд. Прызавыя месцы былі размеркаваны наступным чынам: у старэйшай узроставай групе пераможцай стала сям’я Харкевіч з Першамайскага раёна, на другім месцы — сям’я Мінальд з Фрунзенскага раёна, на трэцім — сям’я Бельмач з Ленінскага раёна і сям’я Шлык з Першамайскага раёна; у малодшай узроставай групе першае месца — у сям’і Андрэевых з Першамайскага раёна, другое — у сям’і Койшман з Маскоўскага раёна, трэцяе месца — у сям’і Доўгіх з Першамайскага раёна.

Спаборніцтвы праводзіліся не толькі, умоўна кажучы, на зямлі, але і на вадзе. Дзякуючы кіраўніцтву ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Першамайскага раёна і сярэдняй школы № 159, былі праведзены спаборніцтвы па суднамадэльным спорце, у якіх удзельнічалі 75 спартсменаў і 116 мадэлей. У агульнакамандным заліку першае месца прысуджана камандзе “Палац-Мінск”, другое месца — камандзе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўна-тэхнічнай школы па водных відах спорту ДТСААФ Цэнтральнага раёна, трэцяе месца — камандзе “Карал” Партызанскага раёна.

У наступнага гарадскога Тыдня навукі, тэхнікі і спорту будзе юбілей: спаборніцтвы тэхнічна-спартыўнага напрамку будуць праводзіцца 25-ы раз. Арганізатары тыдня, якімі выступаюць Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, упэўнены, што колькасць удзельнікаў у юбілейных турнірах будзе рэкорднай.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*