Карысць парнай і групавой работы ў пачатковай школе

Думаю, няма такога настаўніка, які не задумваўся б над тым, як зрабіць урок цікавым для вучняў. В.А.Сухамлінскі пісаў, што “інтарэс да вучобы з’яўляецца толькі тады, калі ёсць натхненне, народжанае ад поспеху”. Таму імкнуся арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб дзеці з рознымі здольнасцямі не толькі авалодалі пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, але і захавалі пры гэтым здароўе. Зразумела, што гэта прадугледжвае выкарыстанне іншага метаду арганізацыі сумеснай дзейнасці. На змену маналогу прыходзіць дыялог.

Адным са сродкаў развіцця мыслення вучняў з’яўляецца парнае і групавое ўзаемадзеянне. Эфектыўнасць групавой работы заключаецца ў хуткасці рашэння задач, фарміраванні навыкаў арганізатарскай дзейнасці і рэфлексіўных здольнасцей дзяцей. Лічу групавую работу адной з самых прадукцыйных форм арганізацыі вучэбнага супрацоўніцтва школьнікаў.

Шукаю шляхі актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў-пачаткоўцаў, развіваю іх здольнасці і самастойнасць. Выкарыстанне парнай і групавой формы правядзення ўрокаў павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, развівае камунікатыўныя навыкі, лагічнае мысленне і маўленне, фарміруе актыўную жыццёвую пазіцыю малодшых школьнікаў.

Групавая работа вельмі падабаецца дзецям. Падчас яе выкарыстання вучні самастойна здабываюць веды, у выніку чаго паглыбляецца разуменне вучэбнага матэрыялу, павышаюцца пазнавальная актыўнасць і творчая самастойнасць школьнікаў. Мяняецца характар узаемаадносін паміж дзецьмі. Вучні набываюць навыкі, неабходныя для жыцця ў грамадстве: шчырасць, тактоўнасць, уменне будаваць уласныя паводзіны з улікам пазіцыі іншых людзей.

Канечне, выкарыстанне групавой работы патрабуе ад настаўніка сур’ёзнай і карпатлівай падрыхтоўкі. Але педагог павінен імкнуцца да таго, каб дзеці адчувалі ўпэўненасць у сваіх сілах, навучыліся любіць сябе і станоўча адносіцца да навакольнага свету.

Мая задача заключаецца не толькі ў забеспячэнні трывалых ведаў вучняў, але і ў развіцці іх самастойнасці і пазнавальнай актыўнасці. У гэтым напрамку працую 15 гадоў. За плячыма — аўтарскія курсы і лекцыі вядомых педагогаў. Вывучэнне спецыяльнай літаратуры прывяло да разумення, што арганізацыя групавой работы ў пачатковай школе з’яўляецца паэтапным працэсам.

Арганізацыю групавой работы пачынала з парнай (самай простай). Падчас калектыўнай работы ў кожнага вучня развіваюцца такія якасці, як узаемадапамога, асабістая адказнасць, патрабавальнасць да сябе і свайго таварыша, уменне ацаніць сябе і яго. Так паступова ў дзяцей фарміруецца навык работы ў пары. Думаю, што работа ў парах з’яўляецца найбольш камфортнай формай арганізацыі вучэбнага працэсу для школьнікаў, мэта якой заключаецца ў фарміраванні міжасобасных зносін.

Заўважыла, што такая работа вельмі карысная, бо яна павышае ўвагу вучняў, пабуджае іх удумліва адносіцца да заданняў, паколькі іх трэба выканаць самастойна і праверыць работу таварыша. Гэта садзейнічае трываламу засваенню ведаў, развіццю навыкаў самакантролю і самаацэнкі. Дзеці свабодна кантактуюць адно з адным. А паколькі яны абмежаваны ў часе і не жадаюць адстаць ад іншых пар, імкнуцца не страчваць увагу і гавораць толькі па тэме ўрока.
Вядома, што ў кожным класе ёсць дзеці, якія саромеюцца выступаць перад равеснікамі. У больш вузкім коле аднакласнікаў яны разнявольваюцца і пачынаюць гаварыць. Дзіця ведае, што таварыш выслухае, не будзе смяяцца, растлумачыць і дапаможа. У сарамлівых дзяцей з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах. Таму парную работу выкарыстоўваю сістэматычна на працягу ўсіх 4 гадоў навучання ў пачатковай школе.

Па меры авалодання ўменнямі сумеснай работы ў парах уводжу работу ў групах. Прымяняю яе з 1 класа. Спачатку зрабіць гэта было цяжка, бо ў дзяцей яшчэ не сфарміраваны навыкі супрацоўніцтва і групавых зносін з аднакласнікамі. Акрамя таго, вучні вельмі эмацыянальныя, працуюць марудна. Таму пачынаю з арганізацыі аднароднай групавой работы, якая прадугледжвае выкананне групамі аднолькавага задання.

Выкарыстоўваю групавую работу на розных этапах вучэбных заняткаў: пры праверцы дамашніх заданняў, на этапе актуалізацыі ведаў, замацавання і паўтарэння, адкрыцця новых ведаў, пры падвядзенні вынікаў. Працуючы ў групах, вучні могуць самастойна асвоіць і новы матэрыял.

Лічу, што калектыўныя віды работы робяць заняткі больш цікавымі і жывымі, выхоўваюць у дзяцей усвядомленыя адносіны да вучобы, актывізуюць мысліцельную дзейнасць, дапамагаюць настаўніку тлумачыць матэрыял і пастаянна кантраляваць веды, уменні і навыкі ва ўсіх вучняў. Несумненна, групавыя формы работы з’яўляюцца адным з дзейсных сродкаў развіцця мыслення школьнікаў.

Аналізуючы сваю дзейнасць па арганізацыі групавой работы на ўроках, прыйшла да шэрага высноў:

— групавая дзейнасць з’яўляецца натуральнай для актыўнай прыроды дзіцяці, але для арганізацыі эфектыўнага пазнавальнага працэсу ў групе неабходна развіваць у дзяцей навыкі супрацоўніцтва;

— для фарміравання эфектыўных вучэбных груп неабходна выконваць шэраг умоў, якія прадугледжваюць колькасны і якасны склад удзельнікаў групы;

— вучэбнае супрацоўніцтва ў групе павышае эфектыўнасць пазнавальнага працэсу;

— сфарміраваныя ў выніку сумеснай дзейнасці вучэбныя і камунікатыўныя навыкі неабходны школьнікам для далейшага паспяховага навучання;

— сумесная дзейнасць вучняў у групе павышае ўзровень выніковасці вучэбнага працэсу, фарміруе дружны вучнёўскі калектыў.

Станаўленне чалавека як асобы адбываецца ў пачатковай школе. Любы дзіцячы калектыў — гэта мадэль будучага грамадства. Навучаючы сёння дзяцей супрацоўніцтву, уменню валодаць сабой у крытычных сітуацыях і цывілізавана адстойваць асабісты пункт гледжання, мы можам разлічваць на будучыню ў гарманічным і дэмакратычным грамадстве.

Лаліта САБАЛЕЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ляхавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*