Казкі венскага балю

Замест дыскатэкі — вальсы, паланэз, экасез і гросфатар; замест актавай залы — танцавальны паркет абласной філармоніі. Магія грацыёзных рухаў і класічных мелодый, памножаная на працу, энтузіязм і стратэгічны разлік, нараджае сапраўднае каляднае дзіва.

Радзіма вальсаў з даўніх часоў захоўвае за сабой тытул сусветнай сталіцы баляў. За сезон іх тут арганізуецца больш за 200, прычым цэнтральнай падзеяй не толькі ў Аўстрыі, але і ва ўсёй Еўропе традыцыйна лічыцца баль у знакамітай Венскай дзяржаўнай оперы. Па яго ўзоры венскія балі сталі праводзіцца па ўсім свеце: у Празе і Нью-Ёрку, Рыме і Токіа… Віцебск не выключэнне. Візітная картка любога такога балю — удзел у ім дэбютантаў, дзяўчат і юнакоў, для якіх гэта першая вялікая свецкая падзея ў жыцці. Венскі баль у фестывальнай сталіцы Беларусі другі год прымае абласная філармонія; яго арганізатарам выступае гімназія № 2 Віцебска. Запрашэнні атрымліваюць галоўным чынам старшакласнікі, якія дзякуючы балю пераканаліся: строгі класічны дрэс-код, вальс і вытанчаныя манеры — зусім не перажытак мінулага, а частка сучаснага жыцця.
— Венскі калядны баль для навучэнцаў на прасторы нашага рэгіёна і, напэўна, усёй рэспублікі — унікальная з’ява, — расказаў дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Найперш мы імкнуліся адысці ад звычайных навагодніх дыскатэк і далучыць старшакласнікаў да высокай культуры, што поўнасцю адпавядае паліткультурнай канцэпцыі нашай установы адукацыі. Аднак сталі сведкамі, як літаральна на вачах баль перарос зададзены маштаб свецкага мерапрыемства і набыў абрысы значнай рэгіянальнай грамадска-культурнай падзеі.

У Беларусі бальны рух даволі папулярны. Асабліва шырока прадстаўлены сучасныя балі, пачынаючы ад выпускнога і да “дарослых” варыянтаў. Рэканструктарскі напрамак, калі арганізатары карпатліва аднаўляюць атмасферу і прадметна-прасторавае асяроддзе пэўнай эпохі, нават канкрэтнага года, распаўсюджаны крыху менш. Затое кожнае з такіх мерапрыемстваў выклікае павышаную цікавасць і моцны грамадскі рэзананс. Венскі баль у Віцебску пачаўся з лёгкай рукі і асабістага захаплення настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Элы Каржыцкай. Доўгі час яна займаецца менавіта рэканструктарскімі балямі, з уласнага вопыту ведае, як яны праводзяцца ў нашай краіне, Расіі, Польшчы. Гімназісты, дарэчы, заўсёды былі ў курсе захаплення настаўніцы, часам некаторыя з іх — у якасці гледачоў — наведвалі балі разам з ёй. І паступова ў Элы Іванаўны выспела думка арганізаваць венскі баль для старшакласнікаў. Пры падтрымцы кіраўніцтва ўстановы адукацыі і абласной філармоніі ідэю ўдалося бліскуча рэалізаваць. Так нарадзілася новая традыцыя.— Папярэдне мы разгарнулі цэлую рэкламна-азнаямляльную кампанію, юнакі і дзяўчаты асэнсавалі, што можа атрымацца, і многія да нас далучыліся, — успамінае Эла Каржыцкая. — Падрыхтоўка да балю пачынаецца ў пачатку кастрычніка. Мы прымалі і прымаем усіх жадаючых, незалежна ад іх фізічных даных і вопыту. Займаемся па дзве гадзіны тройчы на тыдзень, і так тры месяцы. Пры гэтым трэба браць пад увагу, што ў старшакласнікаў жорсткі дэфіцыт вольнага часу. Тым не менш яны стараюцца прысутнічаць на ўсіх занятках або ў крайнім выпадку стараюцца адпрацоўваць прапушчанае. Паступова стала крыху прасцей: з’явіліся вопытныя ўдзельнікі балю, і яны падключыліся да падрыхтоўкі дэбютантаў — між іншым, у нашых навучэнцаў часам атрымліваецца лепш, чым у нас. Затое ўдалося пашырыць праграму, увесці ў яе новыя танцы, у тым ліку гістарычныя, пра якія дзеці раней не ведалі. На слыху вальс, полька, паланэз, а мы дадалі экасез, гросфатар. Такім чынам стараемся рэалізаваць адукацыйны кампанент, пашыраць кругагляд. Зразумела, некаторыя танцы стараемся адаптаваць пад магчымасці навучэнцаў, каб на балі яны максімальна адчувалі свой поспех.

…Па паркеце лёгка і грацыёзна рухаюцца пары, і цяжка паверыць, што гэта не прафесійныя танцоры. З балконаў другога яруса за сваімі дзецьмі і фігурамі танцаў назіраюць бацькі, настаўнікі і іншыя запрошаныя госці. У іх вачах — адчуванне далучанасці да казкі, высокага чарадзейства.

— Калядная казка — вынік велізарнай працы, рэпетыцый, псіхалагічнай падрыхтоўкі і дакладнага разліку, — далучаецца да размовы настаўніца замежнай мовы Вольга Таранда. — Хаця і без магіі не абыходзіцца. Калі дзяўчынка апранае бальную сукенку, у яе адразу мяняюцца постаць, паходка, выраз твару, паводзіны — юная дама нават размаўляе і ўсміхаецца па-іншаму. А як мяняюцца нашы хлопцы, калі яны бачаць такіх дзяўчат! Кавалеры стараюцца адпавядаць дамам, якіх вядуць у танцы, і радасна бачыць, што ў іх таксама ўсё атрымліваецца. Гэта тое, дзеля чаго варта праводзіць баль. І ў гэтым яго прынцыповае адрозненне ад навагодняй дыскатэкі: наўрад ці дзеля яе сучасны малады чалавек стане больш за семдзесят гадзін вучыцца танцаваць. А ў баль ён укладвае ўласную працу і бачыць вынік.

Склад удзельнікаў балю прыходзіцца рэгуляваць, зала не можа змясціць усіх жадаючых. Тым не менш усё часцей сярод прадстаўнікоў гімназіі № 2 можна пабачыць навучэнцаў з іншых устаноў адукацыі. Звычайна за сваіх будучых кавалераў стараюцца замовіць слоўца “свае” дзяўчаты — як ім адмовіць? А маладыя людзі ўспрымаюць запрашэнне як выклік, сур’ёзнае выпрабаванне. Сярод удзельнікаў балю ёсць хлопцы, за плячыма якіх не адзін скачок з парашутам. Здавалася б, такога запалохаць цяжка, але і яны напярэдадні першай рэпетыцыі відавочна пабойваліся! Потым зацятая насцярожанасць знікла і прыйшло захапленне, адчуванне палёту. Далучаюцца да балю і выкладчыкі гімназіі. Прыклад тут падае дырэктар. Яго выхад у паланэзе ў пары з самай паспяховай навучэнкай — яшчэ адна прыгожая традыцыя.

— Канечне, нам прыходзіцца паламаць галаву над праграмай, каб адначасова на паркеце была аптымальная колькасць удзельнікаў, — дзеліцца вопытам Эла Каржыцкая. — Танцы раздзяляюцца: асобна для 10 і 11 класаў, для дэбютантаў. Сёлета ў праграме было больш за 20 розных танцаў. Дзяўчаты, як правіла, выходзілі праз адзін ці два, а вось кавалеры вытрымалі танцавальны марафон амаль поўнасцю, і мы ганарымся іх поспехам. За месяц да балю складаюцца спісы, хто з кім жадае танцаваць, старшакласнікі запрашаюць адно аднаго — дарэчы, гэта таксама вельмі цікавы працэс. Потым мы ўносім даныя ў табліцу, правяраем, каб не было супадзенняў, карэкціруем. Аддаём кожнаму чарнавы варыянт яго індывідуальнай праграмы, згодна з якім і адбываюцца рэпетыцыі. А на балі ўдзельнікі атрымліваюць прыгожыя бальныя кніжкі, дзе распісана, хто, з кім і калі танцуе.

— Нашы танцы не толькі дысцыплінуюць, але і вучаць дзяцей кантактаваць, правільна паводзіць сябе ў грамадстве і адказваць за сябе і за таго, хто побач, — лічыць Вольга Таранда. — Вельмі хачу, каб у кожнага перажытае на свяце адчуванне гармоніі, суладдзя ўнутранай і знешняй прыгажосці захавалася, каб навучэнцы і далей бачылі і бераглі гэтую прыгажосць у сабе і ў іншых.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*