У цікавай сустрэчы заўсёды ёсць працяг

Праяўленая вучнямі Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна цікавасць да спорту прывяла іх да жадання даведацца пра развіццё спорту на Дзятлаўшчыне і дасягненні яе спартсменаў. Гэтае захапленне вылілася ў рэалізацыю праекта “Citius! Altius! Fortius!”, прысвечанага спартыўнай славе Дзятлаўшчыны, і стварэнне аднайменнага музея на базе нашай установы адукацыі.

Падчас вывучэння названай тэмы перад вучнямі адна за адной паўставалі асобы нашых землякоў, якія дасягнулі значных вышынь у спорце. Адной з такіх асоб з’яўляецца цікавы суразмоўца, таленавіты кіраўнік і цудоўны чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які вядзе здаровы лад жыцця, — Сяргей Дзмітрыевіч Чу­дзілоўскі, што жыве ў вёсцы Будзёнаўка Ашмянскага раёна. Ня­гледзячы на сваю занятасць (працуе дырэктарам Гальшанскага крухмальнага завода) Сяргей Дзмітрыевіч, па запрашэнні вучняў, наведаў нашу ўстанову.

Падчас сустрэчы Сяргей Дзмітрыевіч расказаў, як складвалася яго спартыўнае жыццё. Цікавая размова праляцела як адна хвіліна, але пакінула ў вучняў яркія ўражанні. Сяргей Дзмітрыевіч правёў з дзяцьмі майстар-клас па выкананні пэўных фізічных практыкаванняў, а на развітанне запрасіў усіх у Ашмяны на фестываль бегу “Ашмянская пяцёрка”, які збірае прыхільнікаў актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця з усёй Беларусі. Дарэчы, ініцыятарам свята і яго натхняльнікам з’яўляецца сам Сяргей Дзмітрыевіч. Цудоўна, што спорт займае важнае месца ў свядомасці нашых навучэнцаў, і таму на пазачарговым пасяджэнні турыстычнага сектара савета школьнага музея “Памяць” вучні аднагалосна вырашылі паўдзельнічаць у прапанаваным Сяргеем Дзмітрыевічам мерапрыемстве.

Стартавы стрэл — і кожны з удзельнікаў у сваёй узроставай групе накіраваўся не толькі да спартыўнай перамогі, але і да перамогі над няўпэўненасцю і сваімі слабасцямі. Усе ўдзельнікі паспяхова пераадолелі заяўленыя дыстанцыі. А Софія Ляпешка ва ўзроставай групе да 11 гадоў заняла ганаровае 1-е месца.

Збіраючыся на фестываль бегу, нам хацелася пашырыць свае веды па гісторыі Ашмян­скага раёна, і таму ў маршрут паездкі былі ўключаны яшчэ два экскурсійныя аб’екты: агра­сядзіба “Гіпіка” і руіны палацава-паркавага комплексу “Гальшанскі замак”. У аграсядзібе вучні даведаліся аб спартыўнай конегадоўлі і яе развіцці ў Беларусі. У інтэрактыўнай форме дзецям дазволілі пэўныя дзеянні па доглядзе коней, а таксама далі магчымасць праехацць вярхом на кані па манежы.

Падчас наведвання палацава-паркавага комплексу “Гальшанскі замак” дзеці з захапленнем пазнаёміліся з гісторыяй заснавання палаца, яго ўладальнікамі, з мясцовымі легендамі і паданнямі, якімі авеяны палац, і з гістарычнымі падзеямі, што тут адбываліся.

Усе выхадныя дні сацыяльныя сеткі і класныя чаты “закіпалі” ад дзіцячых уражанняў ад убачанага і аповедаў пра тое, у чым ім пашчасціла паўдзельнічаць падчас падарожжа па Ашмянскім раёне. Мы вельмі ўдзячны Сяргею Дзмітрыевічу Чудзілоўскаму за запрашэнне на фестываль, якое падарыла нам яшчэ і цікавую змястоўную экскурсію.

Сяргей КАСКО,
адказны за турыстычна-краязнаўчую работу ў Дварэцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна.