У свеце мінулай рэчаіснасці

У гэтым годзе Мінск святкуе сваю юбілейную дату — 950-годдзе. З гэтай нагоды ў сталіцы праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Установы адукацыі таксама не застаюцца ў баку ад гэтай падзеі. Так, сёлета яны прэзентуюць сябе ў намінацыі “950-годдзе горада Мінска” ў рамках гарадскога конкурсу “Формула саду”.

У сярэдняй школе № 126 Мінска даўно вядзецца работа па паляпшэнні прышкольнай тэрыторыі: з 2011 года ствараецца ландшафтны дызайн у этнастылі, дзе гарманічна спалучаюцца малыя архітэктурныя формы з кветкавымі кампазіцыямі. Сярод іх “Мінскі замак — 1067”, “Назіральная вежа”, “Сялянская хатка ХІ стагоддзя”, “Ганчарнае кола”, “Рэчка”. Можна таксама ўбачыць пшанічнае поле і кампазіцыю ў тэхніцы тапіярыя “Заказнік “Лебядзіны”. У гэтым годзе да гэтых кампазіцый дабавілася яшчэ адна — “Гісторыя Мінска”, якая прымеркавана да юбілею горада і знаёміць наведвальнікаў з гістарычнымі і сучаснымі славутасцямі Мінска. З’явіўся таксама ружоўнік з кветак беларускай селекцыі.

Што ўяўляе сабой асобны элемент кампазіцыі “Гісторыя Мінска”? Побач з устаноўленымі аркамі маляўніча размясцілася фасоля пляцістая, якая аплятае апору практычна з усіх бакоў. На фоне гэтай прыгажосці — пурпурныя ампельныя петуніі, а таксама “алоўкі з подпісам”, на якіх пазначаны славутасці Мінска. Калі вясной зелянгас рабіў планавую абрэзку дрэў, мы нарыхтавалі матэрыял з бярозы, які пасля спатрэбіўся для вырабу алоўкаў. Слова “аловак” асацыіруецца з напісаннем. Вось мы і вырашылі напісаць для нашых равеснікаў гісторыю горада Мінска. Хацелася зрабіць вытанчана і ў той жа час так, каб надпісы на алоўках захаваліся як мага даўжэй (наш маленькі музей знаходзіцца пад адкрытым небам, а гэта значыць, што летам кампазіцыя будзе праверана на трываласць дажджом, а зімой — снегам). Параіўшыся, мы прыйшлі да высновы, што не толькі прыгожымі, але і найбольш практычнымі будуць надпісы, зробленыя ў тэхніцы выпальвання. Так, на першай арцы побач з мініяцюрным Мінскім замкам размясцілася разгорнутая кніга з надпісам “Гісторыя Мінска”, на іншых арках — надпісы са славутасцямі Мінска. Шкада, што арак у нас толькі 10, інакш мы змаглі б расказаць пра большую колькасць цікавых месцаў.

У спіс славутасцей увайшлі найбольш значныя аб’екты нашага горада і тыя, якія лічацца архітэктурнымі гістарычнымі помнікамі: Мінскае замчышча, Мінская гарадская ратуша, Траецкае прадмесце, касцёл святых Сымона і Алены, а таксама Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі трактарны завод, холдынг “Гарызонт”, Мінскі аўтамабільны завод і рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лебядзіны”. Мы палічылі, што пра гэтыя аб’екты павінен ведаць кожны свядомы навучэнец школы. Сярод дзесяцікласнікаў былі выбраны экскурсаводы. Што ж расказалі яны пра славутасці Мінска?

Аловак “Мінскае замчышча”
Мінскі замак згадваецца ў летапісах з 1067 года (бітва на Нямізе). Пабудаваны быў на правым беразе Свіслачы, у раёне сучаснай станцыі метро “Няміга”. Мінскі замак паспяхова вытрымаў не адну аблогу: ваяводы Пуцяты і князёў Яраслава Уладзіміравіча і Алега Святаслававіча (1104 год), Уладзіміра Манамаха (1116 год), Рагвалода Барысавіча (1156—1161 гадоў). Гэты замак быў рэзідэнцыяй князя Вялікага Княства Літоўскага, а потым польскага караля Ягайлы. У 1505 годзе крымскі хан Мухамед Гірэй, захапіўшы Мінск, не змог авалодаць крэпасцю. Можна ўявіць, якім магутным збудаваннем быў Мінскі замак.

Да нашых дзён замак не захаваўся. Гістарычную каштоўнасць уяўляе Мінскае замчышча (месца забудовы). Год згадвання Мінскага замка лічыцца годам заснавання Мінска. Вось чаму сёлета горад святкуе свой юбілей.

Аловак “Мінская гарадская ратуша”
Гісторыя Мінскай ратушы пачалася з атрымання горадам Магдэбургскага права (14 мая 1499 года). Будынак ратушы выкарыстоўваўся ў першую чаргу як дом сходаў — месца пасяджэнняў магістрата — органа гарадскога самакіравання. Тут жа знаходзіўся архіў, суд, захоўваліся сімвалы горада — герб, пячаць. На вежы ратушы знаходзіўся гадзіннік, што для той пары было вялікай каштоўнасцю, захоўваліся эталоны адзінак вагі і аб’ёму. На плошчы ля ратушы вёўся гандаль, праходзілі гарадскія святы, акцёры праводзілі тэатральныя паказы — батлеечныя спектаклі.

На сёння будынак ратушы адноўлены і адкрыты для наведвальнікаў. На першым паверсе размешчаны выставачныя залы. На вежы з флюгерам вышынёй 32 метры ўстаноўлены гадзіннік і герб горада. Кожную гадзіну куранты адбіваюць фрагмент мелодыі (19 секунд прыпеву) з “Песні пра Мінск” кампазітара Ігара Лучанка. Каля ратушы праходзяць розныя сталічныя мерапрыемствы, у тым ліку адкрываюцца дні горада.

Аловак “Касцёл святых Сымона і Алены”
Найбольш вядомы каталіцкі храм Мінска размяшчаецца на плошчы Незалежнасці. Узвядзенне храма пачалося ў 1905 годзе. Будаўніцтвам кіраваў мінскі дваранін Эдвард Вайніловіч. Касцёл атрымаў імёны святых Сымона і Алены ў памяць аб дзецях Вайніловіча, якія рана памерлі. Храм быў цалкам пабудаваны з чырвонай цэглы — адсюль і народная назва Чырвоны касцёл.

З 1923 па 1989 год храм не выкарыстоўваўся па прызначэнні.
У 1990 годзе касцёл святых Сымона і Алены быў вернуты каталіцкай царкве. У 1996 годзе ля касцёла была ўстаноўлена скульптура архангела Міхаіла, які пранізвае змяю. У 2000 годзе быў устаноўлены помнік “Звон Нагасакі”.

Аловак “Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лебядзіны”
Заказнік утвораны ў 1984 годзе і з’яўляецца адзіным заказнікам у межах горада.
На невялікай сажалцы, створанай на месцы затопленых торфараспрацовак, арнітолагі заўважылі пару лебедзяў-шыпуноў. У тыя гады гэтыя птушкі былі занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фактычна дзякуючы сям’і лебедзяў тэрыторыя і атрымала статус заказніка.

Але не толькі лебедзі вызначаюць каштоўнасць заказніка. З 1984 года на яго тэрыторыі было адзначана каля 10 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: шарашчокая паганка, малая чайка, турухтан, вялікі вераценнік, малы бугай, малая крачка. Драч, чубаты жаваранак маюць еўрапейскі статус аховы. Рэдкімі лічацца чырка-траскунок, траўнік, шэрая мухалоўка, жулан звычайны. Гняздуюцца бугай малы і драч. На тэрыторыі заказніка ёсць участак нізіннага асаковага балота, дзе адзначаны расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, — трывостранік балотны і відомец балотны.

Вывучаючы мінулае, мы ствараем сваю будучыню, кіруючыся багатым вопытам папярэдніх пакаленняў.

Ірына НОВІК,
настаўніца біялогіі
сярэдняй школы № 126 Мінска.