У раскладзе — урокі прадпрымальніцтва

Папулярызацыя і ўзняцце прэстыжу прадпрымальніцтва, а таксама фарміраванне поўнага і правільнага ўяўлення аб гэтай дзейнасці неабходны сёння і ў сістэме адукацыі. Гаворачы пра магчымасці, якія можна выкарыстоўваць для дасягнення пастаўленых мэт, а таксама для самарэалізацыі школьнікаў, можна прывесці ў прыклад работу нашай школьнай бізнес-кампаніі “ШАНС” (Школьная арцель новых самаўдасканаленняў), якая створана па ініцыятыве дырэктара ўстановы адукацыі Т.У.Мілаш.

Актуальнасць пачатай работы падкрэсліваецца тым, што ў цяперашні час праблемным пытаннем на вёсцы застаецца забеспячэнне занятасці вучняў у вольны ад вучобы час, магчымасць зарабіць і ўдасканальваць свае навыкі ў якой-небудзь дзейнасці.

Арганізацыя школьнай швейнай майстэрні “ШАНС” дапамагае вучням сарыентавацца ў сферы бізнесу, убачыць і развіць дзелавыя якасці будучага менеджара, маркетолага, прадпрымальніка, кіраўніка, выхаваць у сабе неабходныя якасці для будучай, неабавязкова прадпрымальніцкай, дзейнасці і па магчымасці зарабіць. Школьная майстэрня шые недарагія тавары народнага спажывання, якіх недастаткова ў продажы, і рэалізоўвае іх на гандлёвай пляцоўцы ў нашай мясцовасці.

Кухня — адно з месцаў у доме, дзе гаспадыня праводзіць шмат часу, і, вядома ж, усім хочацца бачыць прыгажосць, чысціню і ўтульнасць гэтага кутка дома. А што можа быць лепш, чым дабавіць яркія дэталі, невялікія акцэнты, якія прынясуць зачараванне? У гэтым дапамагаюць нашы кухонныя камплекты, якія распрацаваны і пашыты ў прыгожай лапікавай тэхніцы “пэчворк”, у якіх гарманічна падабраны ўсе колеры. Таксама гэта добры падарунак любой дзяўчыне ці жанчыне на свята. Спажыўцы — прадстаўнікі розных узроставых груп. Вырабленыя тавары добра прадаюцца, бо яны не даражэйшыя за вытворчыя, эстэтычна больш прывабныя, распрацаваны індывідуальна і, самае галоўнае, заўсёды неабходны ў гаспадарцы. А гэта прыхопкі, фартухі, ручнікі.

Тавары недарагія, бо намаганнямі ды­рэктара школы знойдзены спонсары — нашы выпускнікі, якія забяспечваюць майстэрню “ШАНС” тканінай. Гэта дае магчымасць набываць кухонныя камплекты спажыўцам з розным матэрыяльным дастаткам.

Важным момантам з’яўляецца тое, што тавары вырабляюць дзеці, і, як правіла, гэты факт служыць лепшай рэкламай. Школьная бізнес-кампанія, асабліва ў сельскай мясцовасці, — гэта вучэбна-дзелавая гульня, у працэсе якой удзельнікі атрымліваюць базавыя асновы прадпрымальніцтва і рэалізуюць іх на прыкладзе кіравання гульнявым прадпрыемствам, якое ствараецца на абмежаваны тэрмін (не больш за адзін навучальны год). Школьная бізнес-кампанія “ШАНС” стане эфектыўным інструментам атрымання эканамічных ведаў праз практыку, выхавання ў вучняў пачуцця адказнасці за сваё жыццё і кар’еру, дапамогі ў здзяйсненні ўсвядомленага выбару прафесіі.

Занятасць навучэнцаў у гэтай сферы дазваляе запоўніць іх вольны час, удасканаліць швейныя навыкі, падзарабіць на кішэнныя расходы, выпрацаваць уменне псіхалагічных зносін і сумеснай творчасці ў калектыве, дае магчымасць адчуць сябе сапраўдным прадпрымальнікам праз удасканаленне навыкаў праектавання бізнес-праектаў, спрыяе выпрацоўцы ўмення рызыкаваць разумна, дае прыклад пачаткоўцам, якія збіраюцца адкрыць свой бізнес з нуля, знаёміць з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Навучанне прадпрымальніцтву ў сельскай школе не ставіць перад сабой мэты ператварэння школьнікаў у прадпрымальнікаў. Гэта немагчыма, ды і не трэба, паколькі не кожны чалавек можа займацца гэтым відам дзейнасці. Але разуменне школьнікамі мэт і прынцыпаў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, асаблівасцей прымянення іх на практыцы дазваляе выхаваць творчае, ініцыятыўнае і адказнае маладое пакаленне, больш даведацца аб бізнесе, зразумець звязаныя з ім выгады і рызыкі, высветліць, якую ролю кожны з іх адыгрывае ў эканоміцы і жыцці грамадства, каб садзейнічаць умацаванню эканамічнага патэнцыялу нашай краіны.

Алена ФЕДАСЮК,
настаўніца абслуговай працы Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.