У педагогі — мэтанакіравана

Профільныя класы педагагічнай накіраванасці — эфектыўны спосаб арыентацыі вучняў на атрыманне запатрабаваных у рэгіёне спецыяльнасцей.

Моладзь — гэта будучыня любой дзяржавы. Матываваная моладзь — яго прагрэсіўная будучыня! Сёння ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў цэнтры павышанай увагі — профільнае навучанне. Гэта абумоўлена неабходнасцю ўжо ў школьныя гады стварыць умовы для паспяховага асобаснага самавызначэння, дапамагчы навучэнцам усвядоміць адказнасць за рэалізацыю сваіх планаў і прафесійных мэт.

На працягу пяці гадоў у сярэдняй школе № 8 Полацка працуюць групы педагагічнай накіраванасці. За гэты перыяд, акрамя вывучэння асноўных тэм факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, навучэнцы прынялі ўдзел у Рэспубліканскай навуковай алімпіядзе па педагогіцы, дзе ў намінацыі “Інавацыйнае мысленне” перамогу атрымаў Мікіта Ядрэўскі; сталі ўладальнікамі дыпломаў II ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Будучыя педагогі — пра школу будучыні”, у абласной адукацыйна-пазнавальнай гульні “Педагагічны батл”.

Асноватворную ролю ў выхаванні і развіцці ўсіх пакаленняў выконвае настаўнік. Вельмі важна, каб гэты настаўнік прыйшоў у прафесію не ад бязвыхаднасці ці па нечым жаданні, а па клічы душы. Работа педагагічных груп у нашай школе накіравана на аказанне дапамогі ў выбары прафесіі тым дзяўчатам і юнакам, якія потым мэтанакіравана прыйдуць у педагагічную прафесію, ведаючы пра яе не па чутках. Даволі часта дзесяцікласнікі пачынаюць наведваць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” дзеля цікаўнасці. Але ўжо да канца навучальнага года многія спыняюць свой выбар на прафесіі настаўніка.

Менавіта таму ўсе навучэнцы педагагічных класаў практычна з першых заняткаў сумяшчаюць тэорыю і практыку. Пачынаючы з першай чвэрці вучні 10 класа наведваюць урокі педагогаў, заняткі настаўнікаў-дэфектолагаў, прысутнічаюць на выхаваўчых мерапрыемствах, прымаюць удзел у рабоце школьнага лагера.

У другім паўгоддзі навучэнцам прапануецца правесці ўрокі ў пачатковых класах, паспрабаваць сябе ў якасці настаўніка-дэфектолага. У гэты перыяд вучні маюць цесныя зносіны з педагогамі, якія аказваюць ім метадычную і практычную дапамогу.

У 11 класе вучні настроены ўжо больш рашуча. Яны становяцца смялейшымі, больш разняволенымі і імкнуцца паспрабаваць свае сілы ў старшай школе. Хлопцы і дзяўчаты самі вызначаюцца з класамі, прадметамі, па якіх хацелі б даць урокі. Так, за навучальны год яны маюць магчымасць рэалізаваць сябе ў ролі настаўнікаў: філолагаў, матэматыкаў, гісторыкаў і г.д. І, вядома, будучым педагогам прапануецца на непрацяглы час паспрабаваць свае сілы ў якасці класных кіраўнікоў: правесці класныя гадзіны, КТС, рухавыя перапынкі.

Падчас тэарэтычных заняткаў навучэнцы педагагічных класаў не толькі праслухоўваюць тэарэтычны курс лекцый, але і актыўна ўключаюцца ў абмеркаванне шматлікіх пытанняў, якія тычацца выбранай імі прафесіі. Што значыць быць настаўнікам у наш час? Як зрабіць прафесію настаўніка больш прэстыжнай? Якім настаўнікам я хачу і магу быць? Чаму я выбраў(ла) прафесію настаўніка? Настаўнік — гэта гучыць горда?! Таксама яны пішуць эсэ на падобныя тэмы, разважаючы пра вартасці і недахопы прафесіі. І, што не можа не радаваць, вартасцей заўсёды знаходзяць больш.

На працягу ўсяго курса навучання ў педагагічным класе вучні збіраюць матэрыялы для партфоліа “Я — педагог”. І, ужо свядома выбраўшы прафесію і спецыяльнасць, пачынаюць яго афармляць. Навучэнцы вызначаюцца са сваім будучым педагагічным крэда, разважаюць пра статус і патрэбнасць выбранай імі прафесіі і сваё месца ў ёй, знаёмяцца з дзейнасцю вялікіх педагогаў, дзеляцца сваімі інтэлектуальнымі і творчымі поспехамі і прысвячаюць цэлы раздзел педагагічным пробам.

Паколькі навучэнцы педагагічных класаў — гэта высокаматываваныя юнакі і дзяўчаты, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, то педагагічны савет з гордасцю дае ім рэкамендацыі для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці, каб пасля заканчэння ўніверсітэтаў пісьменныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя маладыя педагогі вярнуліся ў родны Полацк.

Як гаварыў Д.І.Мендзялееў, “да педагагічнай справы трэба заклікаць, як да справы марской, медыцынскай або таму падобнага, не тых, якія імкнуцца толькі забяспечыць сваё жыццё, а тых, якія адчуваюць да гэтай справы і да навукі свядомае пакліканне і адчуваюць у ім сваё задавальненне”.

Алена ВАЛЕЎКА,
настаўніца факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” сярэдняй школы № 8 Полацка.