Выхаванцы аздараўленчага лагера “Экаландыя” Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна вельмі любяць падарожнічаць. За час, праведзены ў лагеры, яны шмат дзе пабывалі.
Самымі запамінальнымі былі экскурсіі ў Правамастоўскі эколага-біялагічны цэнтр, да мемарыяльнага комплексу “Шымкі” і ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.
У эколага-біялагічным цэнтры нас сустрэла метадыст Вольга Байгот. Яна ветліва згадзілася расказаць пра жывы куток і пазнаёміла з яго жыхарамі: чарапашкамі, папугайчыкамі і трусамі. Мы адчулі, што ўсім жывёлам у гэтым райскім кутку вельмі добра: іх тут лечаць, даглядаюць і любяць.
Потым мы наведалі сад і аддзел кветкаводства, дзе з захапленнем слухалі аповед пра розныя, раней невядомыя нам расліны і дрэвы. Сваім велічным выглядам і прыроднай прыгажосцю нас зацікавіла цюльпанавае дрэва. Магутны ствол і раскідзістыя галіны ўтвараюць цень — пад дрэвам прыемна адпачываць у спякотны дзень. На жаль, дрэва на той момант не цвіло. Як нам сказала Вольга Васільеўна, у перыяд цвіцення яно набывае проста казачны выгляд: пяшчотныя кветкі, падобныя па форме на цюльпаны, маюць яркую афарбоўку.
Дырэктар цэнтра Кацярына Рэкуць правяла з дзецьмі заняткі ШАГ, прысвечаныя Сусветнаму дню аховы навакольнага асяроддзя. Затым гасцінныя гаспадары цэнтра пачаставалі дзяцей гарбатай з лекавых траў.
Выхаванцы аздараўленчага лагера адправіліся на экскурсію па маршруце “Пескі — Шымкі — Пескі”. Наведалі Свята-Троіцкую Шчарскую крыніцу, якая ўзнікла на месцы знішчанай фашыстамі царквы. Вада ў крыніцы неверагодна чыстая, халодная, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Ходзяць легенды, што яна вылечвае людзей ад розных хвароб. Народная сцежка да крыніцы не зарастае. Недалёка захаваліся рэшткі старой дзягцярні, якая працавала пасля вайны, тут выганялі смалу. Па падземных хадах без доступу кіслароду яна перацякала ў бочкі, становячыся дзёгцем.
Дзецям цікава было ўбачыць музей-зямлянку, наведаць мемарыяльны комплекс “Шымкі” ў памяць аб жыхарах Мастоўшчыны, якія загінулі ў вайну.
Трапіўшы ў заказнік “Ліпічанская пушча”, дзеці са здзіўленнем разглядалі 250-гадовы дуб з таўшчынёй ствала 3 метры і даведаліся, што ўсяго ў лесе расце каля 20 парод дрэў і звыш 250 відаў траў.
У Жыровіцкім манастыры выхаванцы нібы трапілі ў зусім іншы, асаблівы свет, далёкі ад мітусні, акунуліся ў атмасферу невытлумачальнага ўнутранага камфорту. Мы накіраваліся ў Свята-Успенскі сабор, каб убачыць галоўную святыню манастыра — цудатворны абраз Жыровіцкай Маці Божай, схадзілі да святой крыніцы, а затым акунуліся ў святую ваду купальні.
Вяртаючыся дадому з кожнага падарожжа, мы з радасцю заўважалі, як шмат мы атрымалі новых эмоцый, колькі новага даведаліся. А яшчэ ў такія моманты пачынаеш разумець, як моцна ты любіш сваю малую радзіму, які дарагі для цябе твой аграгарадок, дом, як хочацца хутчэй убачыць родных і падзяліцца з імі сваімі ўражаннямі, паказаць фотаздымкі.
Наталля МАНДЗІК,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Экаландыя” Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.