У лагер з усмешкай

Кожныя канікулы школьны аздараўленчы лагер “Усмешка” сярэдняй школы № 78 Мінска ветліва сустракае сваіх выхаванцаў. Адпачыць, умацаваць здароўе і правесці час з карысцю сюды прыходзяць дзеці ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Паркі актыўнага адпачынку, навуковыя і мастацкія выставы, тэатры і кінатэатры з году ў год становяцца аблюбаванымі месцамі вольнага часу выхаванцаў лагера.

Па выніках фестывалю-конкурсу летніх аздараўленчых лагераў “Летні фэст — 2021” атрад “Маскі” быў прызнаны лепшым профільным атрадам Савецкага раёна.

У 2020 годзе пандэмія каранавіруснай інфекцыі ўнесла свае карэктывы ва ўсе сферы жыцця нашага грамадства, у тым ліку і ў арганізацыю работы аздараўленчых лагераў: нам прыйшлося адмовіцца ад наведвання масавых мера­прыемстваў па-за школай. І мы задумаліся: а раптам, аб’яднаўшы намаганні нашых таленавітых выхаванцаў і не менш таленавітых выхавальнікаў, у нас атрымаецца стварыць уласны школьны тэатр, зняць фільм, правесці канцэрт з вясёлымі танцамі, звонкімі песнямі і запальнымі флэшмобамі? Тым больш што на базе школы на працягу навучальнага года ўжо функцыянаваў гурток тэатральнай скіраванасці “Маскі”. Так і ўзнікла ідэя стварэння атрада тэатральнага профілю “Маскі” пад кіраўніцтвам Дар’і Васільеўны Шкурко і Валянціны Мікалаеўны Качаргіной. Фарміраванне актыўнай творчай асобы сродкамі тэатральнага мастацтва стала асноўнай мэтай яго работы.

Заняткі атрада пачыналіся з тэарэтычнай часткі, дзе дзеці пашыралі свой кругагляд: знаёміліся з рознымі відамі тэатра, законамі акцёрскага майстэрства, правіламі тэатральнага этыкету. У другой частцы заняткаў атрыманыя тэарэтычныя веды дзеці з задавальненнем прымянялі на практыцы. Яны авалодвалі комплексам артыкуляцыйнай гімнастыкі, спаборнічалі ў конкурсах чытальнікаў вершаў і скорагаворак, выраблялі бутафорыю, дэкарацыі, сцэнічныя касцюмы, імправізавалі ў прапанаваных абставінах і, вядома, вельмі шмат рэпеціравалі. Самымі доўгачаканымі і хвалюючымі момантамі ў жыцці атрада сталі прэм’еры спектакляў, сцэнак, творчых справаздачных канцэртаў. Вывучыўшы структуру тэатральных афіш і іх прызначэнне, дзеці стварылі ўласныя афішы. Пасля абароны праектаў былі выбраны найбольш яркія і інфарматыўныя з іх.

Упрыгажэннем віртуальнай экскурсіі “Тэатры народаў свету” стала прэзентацыя маляваных лялек з дамашняй калекцыі адной з выхаванак лагера. Лялькі настолькі натхнілі нашых юных артыстаў, што яны вырашылі правесці тэатральны паказ па матывах японскай народнай казкі “Ісумбасі”.  Моцнае ўражанне аказала на нашых выхаванцаў выстава аўтарскіх лялек Алы Аленінай “Страшна прыгожыя лялькі”. Сапраўдным адкрыццём для дзяцей стала тое, што любая старэнькая непатрэбная рэч у руках мастака можа ператварыцца ва ўнікальны твор мастацтва. Пасля заканчэння выставы дзецям па­шчасціла наведаць спектакль беларускай батлейкі “Цар Ірад”.

Некалькі гадоў назад  у нашым лагеры быў выпрабаваны метад навучання “роўны навучае роўнага”: крыніцай ведаў для вучня служыц­ь не прафесійны настаўнік, а такі ж вучань,  якога ўжо навучылі прадмету. У рамках метаду былі праведзены майстар-класы па балеце, чырлідынгу, маляванні. Дзецям спадабалася выступаць у ролі настаўнікаў. І зараз падчас канікул яны прапануюць, чым могуць па­дзяліцца з аднагодкамі.

Чэрвеньская змена лагера не стала выключэннем. У ролі настаўніка выступіла выхаванка мадэльнай школы Rinamodels Насця Завадская. На занятках Kids fashion school 78 юных мадэлей пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення прафесіі манекеншчыцы, правіламі добрага тону ў адзенні, мастацтвам дэманстрацыі мадэлей адзення на подыуме, а таксама вывучылі комплекс фізічных практыкаванняў, бо адну з галоўных роляў у дэфіле іграе правільная пастава. Вынікам заняткаў стаў модны паказ штодзённага i вячэрняга адзення.

Наша школа размешчана ў маляўнічым кутку горада Мінска. У дзесяці мінутах хады знаходзіцца Цнянскае вадасховішча. На яго берагах, атрымліваючы асалоду ад свежага хвойнага паветра, дзеці працавалі над развіццём маўлення, праводзілі спартыўныя святы. Адным з самых яркіх уражанняў гэтай змены стала творчая сустрэча з беларускім пісьмен­нікам і журналістам Сяргеем Ула­дзіміравічам Клімковічам, а­ўтарам серыі кніг для дзяцей і падлеткаў, якія пераносяць у свет прыгод і магіі. Нікога не пакінула абыякавым выступленне, якое спалучыла ў сабе аповеды пра казачных герояў, загадкі і магічныя конкурсы. Дзеці атрымалі ўнікальную магчымасць папоўніць сваю бібліятэку кнігай з дароўным надпісам аўтара.

Людміла ЗАВАДСКАЯ,
начальнік школьнага аздараўленчага лагера “Усмешка” сярэдняй школы № 78 Мінска.