У краіну прафесій праз гульню

Падрыхтоўка чалавека да будучай працоўнай дзейнасці пачынаецца вельмі рана, задоўга да таго, як ён зможа ўдзельнічаць у грамадска карыснай працы. У перыяд дашкольнага дзяцінства падрыхтоўка да працы заключаецца ў фарміраванні пэўных псіхалагічных перадумоў, а таксама ў пачатковых формах уласна працоўнай дзейнасці. 

Важную ролю пры азнаямленні дашкольнікаў з прафесіямі адыгрываюць дыдактычныя гульні. Для таго каб выклікаць цікавасць і выхаваць у маіх выхаванцаў паважлівыя адносіны да працы, узбагаціць іх уяўленні аб розных відах прафесій дарослых, я зрабіла дыдактычны дапаможнік “Дзівосны свет прафесій”.

Гэты гульнявы матэрыял дапамагае вырашаць наступныя адукацыйныя задачы:

• абагульніць уяўленні аб структуры працоўнага працэсу, разумець узаемасувязі паміж кампанентамі працоўнай дзейнасці, прыладамі працы, неабходнымі для людзей пэўнай прафесіі; 

• сфарміраваць у дзяцей эмацыянальна станоўчае стаўленне да чалавека працы; 

• развіваць пазнавальную актыўнасць, цікавасць да прафесій дарослых;

• выхоўваць беражлівыя адносіны да працы дарослых, вынікаў іх працы.

Дапаможнік складаюць дзве гульні: “Асацыяцыі, або Каму што трэба для працы” і “Загадкі”.

Мэта гульні “Асацыяцыі” — у лёгкай займальнай форме выявіць істотныя асаблівасці розных прафесій. Гульня заснавана на вядомым асацыятыўным прынцыпе, калі сутнасць аб’екта (у нашым выпадку прафесію) трэба раскрыць з дапамогай малюнкаў-асацыяцый. 

З набору прапанаваных разразных малюнкаў дзіця збірае пазл (прафесія), які складаецца з чатырох частак, прымацоўваючы на гульнявую аснову з дапамогай ліпучак. Далей неабходна вызначыць прафесію і з прапанаваных малюнкаў знайсці патрэбныя малюнкі-асацыяцыі для прадстаўніка гэтай прафесіі, назваць іх і растлумачыць свой выбар.

У прафесіі кухар гульня мае далейшае развіццё. Дзецям прапануецца пераўвасобіцца ў кухараў і згатаваць пэўныя стравы. Педагог выстаўляе малюнак стравы, якую неабходна згатаваць, альбо дзеці самі выбіраюць з прапанаванага, што ім хочацца гатаваць. Далей неабходна выбраць з малюнкаў тыя прадукты, з якіх гатуецца гэтая страва.

Мэта гульні “Загадкі” — сістэматызаваць і замацоўваць асноўныя ўяўленні аб прафесіях людзей, іх назвы; развіваць разумовыя аперацыі аналізу і сінтэзу (уменне вылучаць істотныя і другарадныя прыкметы аб’ектаў для адказу на загадку). Падчас гульні дзецям прапануецца адправіцца ў свет загадак. Гульня ўяўляе сабой 16 каляровых кішэняў-пытанняў, закрытых на ліпучкі, і адпаведна 16 загадак з каляровымі зорачкамі.

Дзеці выбіраюць любую кішэньку і прымацоўваюць з дапамогай ліпучкі на гульнявую аснову. Далей у адпаведнасці з колерам кішэнькі выбіраецца каляровая зорачка-загадка. Педагог чытае загадку, дзіця называе адгадку, пасля чаго адкрывае кішэньку і правярае правільнасць адказу.

Дзякуючы гэтым і шэрагу іншых гульняў, якія выкарыстоўваю як на занятках, так і ў час самастойнай гульнявой дзейнасці, мае выхаванцы практыкуюцца ва ўменні расказваць аб працы дарослых, адгадваць па апісанні назву той ці іншай прафесіі, замацоўваюць уяўленні аб выкарыстанні прадметаў-памочнікаў у той ці іншай справе.

Надзея ПЕРАГУД,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 5 Любані.
Фота аўтара.