У каледж як у музей

“Каледж — на час, прафесія — на ўсё жыццё. Беражы кожную хвіліну!” Такі заклік у выглядзе плаката-фрэскі сустракае вас у Гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Да гэтага можна дадаць і такое назіранне: тут берагуць і цэняць кожны квадратны метр прасторы. Таму што ўсё гэта — і праcтора, і час — працуе на рэалізацыю праекта “каледж-музей”. Менавіта такое бачанне развіцця сваёй навучальнай установы ёсць у яе супрацоўнікаў.

Бязмежнасць жыцця і магчымасцей

Кінапраектар 1962 года, старыя музычныя інструменты (гуслі, баян, піяніна) у холах, і на іх можна пайграць на перапынку, вінілавыя кружэлкі, школьная форма з чырвоным піянерскім гальштукам, памятныя таблічкі з біяграфіямі выдатных выпускнікоў і зусім нязвыклы экспанат — розгі ў кабінеце псіхолага-педагагічных дысцыплін… Усе гэтыя, а таксама дзясяткі іншых прадметаў у аўдыторыях і калідорах ствараюць атмасферу, якая дазваляе гаварыць аб новай з’яве — каледжы-музеі. Намаганнямі ўсяго калектыву выкладчыкаў і навучэнцаў ствараецца канцэпцыя, якая працуе на ідэю выхавання гарманічнай асобы: высокаадукаванага прафесіянала і грамадзяніна-патрыёта.
Будынак, у якім размешчаны каледж, аб’ядноўвае пабудовы трох перыядаў: 1899, 1961 і 1980 гадоў. Зразумела, такая гаспадарка патрабуе рамонтаў. У каледжы вырашылі прытрымлівацца некалькіх прынцыпаў: па-першае, рабіць усё якасна, на доўгі час; па-другое, максімальна выкарыстоўваць тое, што можна захаваць і абнавіць; па-трэцяе, усё, што магчыма, рабіць самім.
Не выкінулі старыя жырандолі. Адмылі, ачысцілі, аднавілі элементы дэкору і ўстанавілі энергазберагальныя лямпачкі. Усе вокны замянілі на сучасныя шклопакеты, а вось масіўныя драўляныя дзверы пафарбавалі. Сцены будынка ХІХ стагоддзя не абшывалі гіпсакардонам, а вярнулі ім першапачатковы выгляд, які ўражвае прыгожай цаглянай кладкай.
Стары кінапраектар, які працаваў у шасцідзясятых гадах ХХ стагоддзя і быў для навучэнцаў таго часу цудам тэхнікі, для сённяшніх уладальнікаў айпадаў і планшэтаў — сапраўдны музейны экспанат. З гэтым апаратам увогуле была цікавая гісторыя. Спатрэбіўся спецыяліст, які мог бы яго спачатку разабраць (з-за непатрэбнасці кінапраектар знаходзіўся на гарышчы), а потым сабраць на новым месцы. Не адразу, але ўсё ж знайшлі спецыяліста. Супрацоўнік гродзенскага кінатэатра “Чырвоная зорка” спачатку шукаў інфармацыю ў інтэрнэце, бо такая тэхніка засталася толькі ў двух месцах — расійскім Белгарадзе і французскіх Канах, а потым нанова сабраў кінапраектар.
Але ўсё вонкавае патрабавала ўнутранага ўвасаблення, новай канцэпцыі.

Усе разам

Дырэктар Наталля Аляксандраўна Валковіч:
— Сёння складана сказаць, калі і ў каго з’явілася ідэя стварэння менавіта каледжа-музея. Гэта калектыўная творчасць. Да гэтага падводзіла, напрыклад, кніга загадаў, датаваная 16 лістапада 1944 года, і зафіксаваныя выкладчыцай Яўгеніяй Антонаўнай Мірановіч падзеі і факты з жыцця вучылішча, і жаданне аб’яднаць калектыў агульнай справай. Я неаднаразова бачыла, што агульная карысная справа не толькі аб’ядноўвае, але і дае развіццё ініцыятыве, творчасці і гонару. Без пачуцця гонару, любові да сваёй справы немагчыма выхаваць сапраўднага грамадзяніна. Такой агульнай справай сталі для калектыву каледжа штогадовыя акцыі “Памяць”, якія мы разам са студэнтамі і выкладчыкамі Гродзенскага ўніверсітэта праводзім напярэдадні пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 21 чэрвеня, у цэнтральным гарадскім парку. А яшчэ хацелася, каб сённяшнія навучэнцы ведалі і знакамітых выпускнікоў, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесіі і грамадскай дзейнасці, былі абаронцамі Беларусі ў гады вайны.

Алена Яўгенаўна Юшкевіч, узначальвае цыклавую камісію па філалагічных навуках:
— Працую ў каледжы з 1985 года. Тут працавала і мая мама. Мы заўсёды адчувалі адказнасць за ўсё, што адбываецца ў каледжы, маем магчымасць выказаць свае думкі, прапанаваць ідэі. Разумеем, што час патрабуе новых форм работы з абавязковым творчым элементам. Вось, напрыклад, заняткі на тэму Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне правялі самі навучэнцы: яны сабралі ўспаміны сваіх дзядоў аб падзеях таго часу. Думаю, што такая размова была вельмі карыснай прадстаўнікам і малодшага, і старэйшага пакаленняў. А яшчэ нашы дзяўчаты апрануліся ў адзенне 40-х гадоў — і зноў жа з дапамогай сваіх бабуль. Такі экскурс у гісторыю, а таксама штодзённае бачанне гісторыі ў сценах каледжа дапамагае нам у рабоце. Тэмы некаторых курсавых работ таксама стараемся звязаць з гісторыяй каледжа.

Наталля Мікалаеўна Лінкевіч, выкладчык сацыяльна-гуманітарных дысцыплін:
— За кожнай групай замацавана аўдыторыя. Навучэнцы зацікаўлены не толькі ў тым, каб тут былі чысціня і парадак. Яны спаборнічаюць і за напаўненне сваіх аўдыторый экспанатамі, прыносяць цікавыя рэчы. Напрыклад, у абсталяванай сучаснымі камп’ютарамі аўдыторыі па фізіцы на палічках размясцілі прыборы, якія выкарыстоўваліся для правядзення доследаў пяцьдзясят гадоў назад. Нядаўна адна з нашых навучэнак прынесла драўляныя лічыльнікі. Яны зоймуць месца ў кабінеце матэматыкі. А яшчэ за кожнай групай замацаваны кавалачак унутранага дворыка каледжа, дзе ідзе спаборніцтва ў стварэнні зялёных кампазіцый. Дзеці так і гавораць: “Гэта наша зямля”.

Форма і змест

Аляксандра Дзерына, навучэнка ІІ курса спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.
— Аляксандра, калі б табе давялося праводзіць экскурсію па каледжы для сваіх сяброў, з чаго б ты пачала?
— Мне больш за ўсё падабаецца ў старым корпусе. Пасля рамонту тут сапраўдны музей, дзе можна ўбачыць шмат старадаўніх прадметаў. А яшчэ мы працавалі над стварэннем інтэр’ера — бялілі сцены. Да гэтага ніколі не даводзілася такое рабіць. Мы вельмі цэнім гэта і нікому не дазваляем паводзіць сябе неахайна — мы тут гаспадары і стваральнікі. У каледжы нас вучаць не толькі прафесіі, але і таму, як сябе паводзіць, як размаўляць, нават як прыбірацца. Напрыклад, 14 лютага каледж праводзіць баль у Новым замку. Мы танцуем вальс, паланэз і ўбранне для гэтага выбіраем адпаведнае.

— Калі размова зайшла пра ўбранне, як вы ставіцеся да форменнага адзення каледжа? (Адразу не магла падабраць словы — форма, фірменны стыль, на мой погляд, не вельмі падыходзілі. Дзякуючы Аляксандры ўсё стала на месца.)
— Элітарнае адзенне нам даспадобы. Па-першае, яно прыгожае. Па-другое, мы маглі выбраць з некалькіх варыянтаў. Па-трэцяе (Саша смяецца), зараз не спазняемся на заняткі — не трацім раніцай час на выбар вопраткі.

Наталля Аляксандраўна Валковіч:
— Думка пра дрэс-код была даўно. Абмяркоўвалі гэтую тэму на бацькоўскіх сходах, бралі пад увагу і сацыяльны момант. На некаторыя спецыяльнасці прыходзяць дзеці пасля 9-ці класаў. Узрост 15-16 гадоў. Ды і дастатак у сем’ях розны. Сёння нашы навучэнцы маюць сваю форму адзення. Пры паступленні ў каледж мы папярэджваем аб гэтым бацькоў і абітурыентаў. Падчас уступнай кампаніі ў холе быў выстаўлены манекен, каб усе маглі пабачыць гэтае адзенне. Камплект (спадніца, пінжак, камізэлька) каштуе каля 500 тысяч рублёў. Шые гэтае адзенне адно з гродзенскіх прадпрыемстваў.

Планы

Наталля Аляксандраўна Валковіч:
— Скончыць рамонт актавай і спартыўнай залаў. Абсталяваць памяшканне для правядзення дыскатэк. Чакаем і папаўнення экспазіцыі артэфактамі, якія былі знойдзены падчас правядзення археалагічных раскопак у двары каледжа. Іх рабілі спецыялісты з кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы на чале з доктарам гістарычных навук Сяргеем Аркадзьевічам Піваварчыкам. Да канца года наша музейная экспазіцыя папоўніцца артэфактамі ХVII стагоддзя.
І на будучае лета вялікія планы. Мы пасябравалі з аграрным каледжам з горада Гусева Калінінградскай вобласці. А замацаваць сяброўства плануем “бартарам”: нашы дызайнеры ўпрыгожаць сцены ў гусеўскім каледжы, а будучыя аграномы дапамогуць нам у стварэнні зялёнай зоны ў двары каледжа.
Галоўная ж падзея будучага года — 115- гадовы юбілей нашай навучальнай установы.

Пасляслоўе

Пра розгі. Таблічка ля кабінета псіхолага-педагагічных дысцыплін апавяшчае: “У лютым 1940 года газета “Вольная Беларусь” паведамляла, што, у адпаведнасці з распараджэннем Беластоцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, загадамі № 14 ад 22 лістапада 1939 года і № 17 ад 26 снежня 1939 года ў Гродне адкрыта педагагічнае вучылішча. Дзясяткі юнакоў і дзяўчат, якія раней толькі маглі марыць аб вучобе, селі за парты, каб атрымаць адну з самых высакародных прафесій — настаўніка. Навучэнцы з энтузіязмам асвойвалі прадметы і паспяхова прымянялі веды на практыцы, але ж адбываліся і такія выпадкі. Гісторыя захавала факты выкарыстання неадпаведных метадаў. Загад па педагагічным вучылішчы № 145 (сакавік 1945 года): “За прымяненне антыпедагагічных мер уздзеяння на вучняў, якое выразілася ў неаднаразовым збіванні вучняў, настаўніка 2 класа базава-практыкавальнай школы Л.В.Ю. адхіліць ад работы ў школе”.
Вось такая гісторыя адбылася шмат гадоў назад. Яе таксама трэба ведаць.

Некалькі пытанняў дырэктару:

— Вы калі-небудзь накрычалі на свайго вучня?
— Ніколі. Нельга павышаць голас на таго, хто не можа адказаць тым жа.

— Чаму вы таксама апранаеце фірменнае адзенне каледжа?
— Паказваю дзяўчатам, як можна падабраць аксесуары і выглядаць па-рознаму.

— На што б вы маглі патраціць вялікую суму грошай?
— Пабудавала б прытулак для бяздомных жывёл. А яшчэ стварыла б сістэму, дзе сусветную культуру вывучалі б спачатку ў школе, а потым ва ўсіх кутках свету. Ці наадварот.

— Што дапамагае захоўваць аптымізм?
— Усведамленне бязмежнасці жыцця.

 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.