У гармоніі ўзаемаадносін

У справе духоўна-маральнага выхавання дзіцяці вялікае значэнне мае ўзаемадзеянне педагога з сям’ёй. Сям’я па праве лічыцца галоўным фактарам развіцця і выхавання дзіцяці. Галоўная задача — накіраваць сямейнае выхаванне на развіццё духоўна-маральных каштоўнасцей навучэнца, забяспечыць гармонію ўзаемаадносін сям’і і ўстановы адукацыі ў гэтым кірунку.

Перш чым пачаць работу ў гэтым кірунку, я вывучыла адносіны бацькоў да праблемы фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей у навучэнцаў. Аналізуючы адказы бацькоў, прый­шла да высновы, што, нягледзячы на розныя меркаванні, як правіла, усім бы хацелася, каб іх дзеці ведалі традыцыі сям’і, сваёй малой радзімы, каб яны выраслі з дакладнымі ўяўлен­нямі пра нормы маралі. Бацькі маюць нейкае ўяўленне ўзроста­выя асаблівасці дзяцей, пра духоўна-маральнае выхаванне, але мала ўвагі ўдзяляюць гэтым пытанням.

З мэтай выхавання духоўна-маральнай асобы навучэнца праз арганізацыю сумеснай дзейнасці з бацькамі я вылучыла асноўныя напрамкі работы: духоўна-адукацыйны; выхаваўча-аздараўленчы; культурна-пазнавальны; маральна-працоўны.

У працэсе работы выкарыстоўвала наступныя выхаваўчыя тэхналогіі: тэхналогія супрацоўніцтва, калектыўнай творчай справы, тэхналогія самаразвіцця і самавыхавання, інфармацыйна-камунікацыйныя і гульнявыя тэхналогіі.

Для дасягнення эфектыўнага выніку выхаваўчай работы ў класе выкарыстоўвала разнастайныя формы арганізацыі духоўна-маральнага выхавання: вучэбная дзейнасць (вырашэнне выхаваўчых задач на кожным уроку); індывідуальныя гутаркі, групавыя формы работы (класныя га­дзіны, пазакласныя мерапрыемствы, конкурсы), вучэбна-даследчая дзейнасць і г.д.

Для развіцця асобы навучэнца і фарміравання сістэмы духоўна-маральнага развіцця і выхавання прымяняла разнастайныя формы арганізацыі і правядзення пазакласных мерапрыемстваў сумесна з бацькамі і дзецьмі.

Ва ўстановах адукацыі право­дзіліся тэматычныя класныя га­дзіны, мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Году малой радзімы, дзяржаўным святам, адзіным дням здароўя, мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці.

Былі арганізаваны акцыі “Цуды на Каляды”, “29 добрых спраў”. Яны садзейнічалі выхаванню дабрыні, клопату аб іншым чалавеку.

Кожную чвэрць праводзіліся пазакласныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ўяўленняў аб нормах маральных паводзін. Гэта гульнявыя праграмы, віктарыны, якія дазваляюць школьнікам набыць вопыт ролевага маральнага ўзаемадзеяння, справядлівасці і міласэрнасці. Мерапрыемствы садзейнічалі азнаямленню законных прадстаўнікоў з атмасферай школьнага жыцця, знаёмству з сябрамі сваіх дзяцей.

Арганізоўваліся сямейныя святы. Правядзенне класных гадзін і мерапрыемстваў па вывучэнні сваёй сям’і, складанне генеалагічнага дрэва спрыялі выхаванню павагі да бацькоў, продкаў. Традыцыйным стала правядзенне канцэртаў з бацькамі і іншымі членамі сям’і. Да іх адносяцца і такія мерапрыемствы, як святы здароўя “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, мерапрыемствы да Дня маці і Міжнароднага жаночага дня (літаратурна-музычная кампазіцыя “Самым любімым, дарагім!”, акцыя-віншаванне “Павіншуй маму!”), Дня абаронцаў Айчыны (конкурсна-гульнявая праграма). Да падрыхтоўкі свят далучаліся бацькі.

Дзеці і бацькі прымалі ўдзел у працоўнай і прыродаахоўнай дзейнасці. Пад кіраўніцтвам бацькоў вырабляліся кармушкі для птушак. Дзеці аказвалі пасільную дапамогу па гаспадарцы дома, займаліся праполкай клумб і агарода. Арганізоўваліся акцыі “Здай макулатуру — захавай дрэва”, “Свет без пластыку”. Такі ўдзел дзяцей у працоўных справах выхоўвае павагу да працы, працавітасць.

Ва ўстановах адукацыі афармляліся выставы творчых работ: конкурс вырабаў “Цуды асенняй прыроды”, конкурсы малюнкаў “Свет прафесій”, “Беражы гэтую зямлю”. Мерапрыемствы спрыя­юць развіццю творчых задаткаў і эмацыянальнага свету, дазваляюць адчуць гордасць за сваю працу і даюць стымул да стварэння больш цікавай работы, спрыяюць з’яднанню сям’і.

Акцыя “Чытаем разам” садзей­нічала выхаванню цікавасці да кнігі, любові да чытання. У рамках шостага школьнага дня былі арганізаваны бацькоўскія гасцёўні і творчыя вечары, на якіх бібліятэкар знаёміла з навінкамі мастацкай літаратуры. Навучэнцы і бацькі чыталі вершы любімых паэтаў і нават уласныя.

Экскурсіі на месцы работы баць­коў садзейнічалі азнаямленню з прафесіямі бацькоў, умовамі іх працы.Вялікае значэнне ў выхаваўчым працэсе маюць сумесныя бацькоўскія сходы. Бацькі па-іншаму пачынаюць бачыць жыццё класа, ролю свайго дзіцяці ў школьным жыцці, адчуваюць адносіны да яго таварышаў. Звычайна сходы заканчваюцца дзіцячай самадзейнасцю, у якой удзельнічаюць усе дзеці класа. Такія мерапрыемствы аказваюць велізарны ўплыў на добразычлівыя і даверлівыя адносіны паміж бацькамі, навучэнцамі і настаўнікамі.

Сход праходзіць асабліва актыўна і зацікаўлена, калі выкарыстоўваецца работа па групах, выкананне імі творчых заданняў, вырашэнне праблемных пытанняў, абмеркаванне сітуацый з жыцця класа.

Адна з эфектыўных форм сумеснай работы з бацькамі і дзецьмі — гэта работа з традыцыямі кожнай сям’і. Дзеці расказваюць пра свае сямейныя традыцыі, гісторыю сям’і. З дапамогай бацькоў навучэнцы падрыхтавалі даследчыя работы: “Традыцыйны ручнік у культуры беларусаў”, “Ехала вяселлейка да сяла” і інш.

Трэнінгі з бацькамі — гэта актыўная форма работы з тымі баць­камі, у якіх існуюць праблемныя сітуацыі ў сям’і, якія хочуць змяніць сваё ўзаемадзеянне з уласным дзіцем, зрабіць яго больш адкрытым і даверлівым. Бацькам і дзецям прапаноўваўся шэраг практыкаванняў для сумеснага выканання. Вынікам стала зніжэнне ўзроўню агрэ­сіўнасці дзяцей, з’яднанне бацькоў і дзяцей, павышэнне ўзроўню ўзаемадапамогі паміж імі.

Выкарыстоўваліся як групавая, так і індывідуальная формы ўзаемадзеяння педагогаў з сям’ёй. На працягу навучальнага года бацькі мелі магчымасць звярнуцца па індывідуальную кансультацыю. У працэсе такіх сустрэч ім растлумачвалі праблемы дзіцяці, сумесна знаходзілі найбольш прадукцыйныя шляхі вырашэння праблем. Падбіралі памяткі, складалі рэкамендацыі для работы з дзіцем пры неабходнасці.

Увага бацькоў звярталася на выніковае сумеснае правя­дзенне часу. Прапаноўваліся станоўчыя варыянты сямейнага вольнага часу. Варта звярнуць увагу на тое, што ў арганізацыі сямейнага вольнага часу выяўляецца нямала памылак: шмат часу дзеці знахо­дзяцца ля тэлевізара ці камп’ютара, мала бываюць на свежым паветры, бацькі часта ў­дзяляюць сваім дзецям неда­статкова часу, спасылаючыся на занятасць, стомленасць і г.д.

Важна дапамагчы бацькам у стварэнні спрыяльнай атмасферы ў сям’і. Для гэтага можна знаёміць бацькоў з мерапрыемствамі, што развіваюць адносіны ў сям’і (правядзенне сямейных свят, падрыхтоўка сюрпрызаў адно аднаму, віншаванні з важнымі падзеямі ў жыцці кожнага члена сям’і, размеркаванне абавязкаў паміж баць­камі і дзецьмі); прапагандаваць вопыт фарміравання станоўчых адносін у сям’і.

Такім чынам, неабходнай умовай фарміравання маральнай сферы дзіцяці з’яўляецца арганізацыя сумеснай дзейнасці дзяцей, баць­коў і настаўнікаў, якая спрыяе зносінам і ўзаемаадносінам дзяцей адно з адным і з дарослымі.

У працэсе зносін дзіця засвойвае сацыяльны вопыт, атрымлівае ўяўленні аб іншым чалавеку і самім сабе, аб сваіх магчымасцях і здольнасцях. Укараненне ў работу з бацькамі актыўных і разнастайных форм і метадаў дазволіла павысіць іх актыўнасць, дапамагчы ў арганізацыі выхавання сваіх дзяцей. Сумесная работа і падрыхтоўка да розных мерапрыемстваў зблізіла бацькоў і дзяцей, умацавала сем’і.

Валянціна ЧАЧУХА,
настаўніца пачатковых класаў Прускага дзіцячага сада — сярэдняй школы Старадарожскага раёна.