Тыдзень роднай мовы

Шасцікласніца ўважліва глядзіць у вочы і пытае: “А вы заўсёды размаўляеце на роднай мове?” “Стараюся”, — спакойна адказваю я, а ў душы радасць і невыказнае задавальненне ад таго, што дзіця беларускую мову лічыць роднай. Відавочна, сённяшнія дзеці, як і павінна быць, не падобны да сваіх папярэднікаў, нават мінулагодніх вучняў. Таму зноў і зноў узнікае пытанне: а ты, настаўнік, паспяваеш кожны год “абнаўляцца”, каб працаваць годна з наступным класам? І настаўнік зноў знаходзіцца ў пошуку. Многае, што напрацавана, становіцца традыцыйным, як, напрыклад, прадметныя тыдні ў школе.

Сёлета Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай установе праходзіў пад дэвізам “Ды вернецца народу продкаў мова”. Такія маштабныя для школы мерапрыемствы дапамагаюць вырашаць многія адукацыйныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы.  Сёння камп’ютар, планшэт, смартфон адабралі ў дзяцей жаданне чытаць, абмяркоўваць прачытанае, задумвацца над учынкамі літаратурных герояў. Мяняецца свет захапленняў, пачуццяў, прычым не на карысць саміх дзяцей. Адпаведна, слоўнікавы запас вучняў збядняецца, губляецца матывацыя да вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Як актуалізаваць станоўчыя адносіны да роднай мовы, нацыянальнай культуры — тых асноў, спасцігаючы якія, фарміруецца асоба чалавека, здатнага любіць сваю Радзіму, народ, сям’ю? Выйсце бачыцца ў належнай арганізацыі не толькі вучэбнай, але і пазакласнай дзейнасці па прадметах.

Праграма тыдня была распрацавана ў выглядзе спаборніцтва паміж класамі, таму перш-наперш вучням быў прапанаваны “Ліст уліку  выніковасці”. Пасля кожнага дня вучні маглі сачыць за вынікамі сваёй дзейнасці.

 Арганізаваная да адкрыцця тыдня выстава флаераў “Беларускія паэты пра беларускую мову” стала  дэманстрацыяй творчай актыўнасці вучняў, якія стваралі лістоўкі-рэкламы. Конкурс “Працуем перакладчыкамі” быў арганізаваны сярод вучняў 5—11 класаў. Заданні былі падрыхтаваны з улікам  узросту дзяцей кожнай вучнёўскай групы. Словы, якія перакладалі вучні, былі ўзяты з раней вывучаных твораў. Напрыклад, сямікласнікам трэба было перакласці падборку слоў з паэмы “Курган” Янкі Купалы і з апавядання “Незагойная рана” Васіля Быкава. Найбольш складанымі для дзяцей сталі словы: “пиршество, чибис, гравий”. У заданнях для кожнага класа знайшліся словы, якія найбольш зацікавілі вучняў або не паддаліся перакладу, таму ў наступныя дні яшчэ доўга ішло абмеркаванне работы над прапанаваным заданнем. Такі від дзейнасці, як пераклад, садзейнічае развіццю чытацкай цікавасці, паглыбленню атрыманых ведаў, раскрыццю індывідуальных схільнасцей кожнага вучня, развіццю самастойнасці, творчай актыўнасці.

Пяцікласнікам вельмі спадабалася інтэрактыўная гульня “Кола загадак”. Вучні прызналіся, што зрабілі для сябе шмат адкрыццяў аб раслінах і цяпер яны не бу­дуць больш блытаць агародніну з садавіной.

Вельмі хвалюючым і адказным, як высветлілася пазней, стаў трэці дзень тыдня.  Дэвіз дня — “Родная мова, матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова”. На гэты дзень была запланавана акцыя “Татальны дыктант”. Вучні былі размеркаваны па ўзроставых групах і працавалі над дыктантам “Родны кут” (паводле Б.Сачанкі). Словы тэксту нагадвалі вучням пра іх малую радзіму, тыя вёсачкі, адкуль яны кожную раніцу прыязджаюць на заняткі ў школу. Да таго ж, адказнасць кожнага вучня павялічылася, бо хацелася атрымаць найбольшы бал, каб клас стаў пераможцам.

Вельмі спадабаўся вучням і чацвёрты дзень тыдня, дэвіз якога — “Гучаць у кожным слове і продкі нашы, і вякі”. Інтэлектуальная гульня “Лепшыя знаўцы беларус­кай літаратуры” захапіла спаборніцкім падыходам да вырашэння важных жыццёвых праблем, вызначаных у раней вывучаных  мастацкіх творах. Напрыклад, адно з заданняў было наступным. Вучні слухаюць сцэнічнае прачытанне ўрыўка: “Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі” (Ян Баршчэўскі “Вужыная карона”). Заданне вучням: прапануй, што б ты зрабіў на месцы гэтага героя. Здаецца, усё проста. Але аднакласнік можа прапанаваць зусім іншае выйсце. Хваляванне, узрушанасць, нязгода, дапамога сяброў, сумненне… Чалавек перажывае шэраг пачуццяў, няхай падчас супярэчлівых, але як без пошуку ісціны.

Не пакінулі вучняў абыякавымі і іншыя дні тыдня, калі праводзіліся віктарына “Моўныя скарбы роднага краю”, выстава-партрэт да 100-годдзя з дня нараджэння А.Макаёнка, турнір “Падарожжа па роднай мове”, акцыя “Роднай мове прысвячаю”, традыцыйныя адкрыццё і закрыццё тыдня, узнагарода пераможцаў.

Усё задуманае рэалізавана: кожны вучань быў задзейнічаны, кожны для сябе штосьці адкрыў, зразумеў, адчуў. Абмеркаванне некаторых заданняў яшчэ доўжыцца ў вучнёўскім асяроддзі. І не з адных дзіцячых вуснаў прагучала пытанне: “А ў нас яшчэ будзе Тыдзень беларус­кай мовы і літаратуры?”

Святлана КАРЖУЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Саўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна.