Творчыя аб’яднанні павялічваюць прадукцыйнасць

Працэс мадэрнізацыі адукацыі прад’явіў сур’ёзныя патрабаванні да ўстаноў дашкольнай адукацыі як першай прыступкі ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Павышэнне якасці дашкольнай адукацыі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад кадравага патэнцыялу.

У сучасных умовах рэфармавання адукацыі радыкальна мяняецца статус педагога, яго адукацыйныя функцыі. Адпаведна мяняюцца патрабаванні да прафесійна-педагагічнай кампетэнтнасці. Сёння запатрабаваны педагог творчы, кампетэнтны, здольны да развіцця ўмення мабілізаваць свой асобасны патэнцыял у сучаснай сістэме выхавання і развіцця дашкольніка.

Педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі заўсёды ўспрымальныя да ўсяго новага. Аднак самыя выдатныя ідэі і пачынанні ў сістэме адукацыі могуць быць прайграны з-за адсутнасці правільнага метадычнага суправаджэння, развіцця прафесіяналізму педагога. Асаблівая ўвага — творчым і праблемным групам, стартап-пляцоўкам і педагагічным майстэрням, асноўная задача якіх — адпрацоўка і ўкараненне лепшых традыцыйных і новых узораў педагагічнай дзейнасці, прафесійныя зносіны і абмен вопытам пры вырашэнні задач па ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя ўстаноў Светлагорскага раёна. Больш за сем гадоў у Светлагорску ажыццяўляюць сваю дзейнасць творчыя аб’яднанні музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці. Іх дзейнасць шматгранная і разнастайная — ад распрацоўкі сцэнарыяў і дыдактычнага матэрыялу да стварэння сістэмы планавання адукацыйнага працэсу.

Пачатак любога аб’яднання — гэта вызначэнне праблемнага поля, у рамках якога будзе працаваць група. Штогадовая маніторынгавая і дыягнастычная дзейнасць, метадычныя выхады і педагагічныя зносіны — гэта тое, што агаляе праблемы. Такім чынам вызначаецца змест работы групы, размяркоўваецца паміж удзельнікамі спектр работы і прагназуецца выніковасць аб’яднання.

Тэрміны дзейнасці аб’яднанняў розныя, і, як паказвае практыка, часцей за ўсё гэта заўсёды навучальны год. У кастрычніку вызначаецца актуальная праблема, збіраецца група аматараў, вызначаецца змест работы і з лістапада кожны ўдзельнік, атрымаўшы свой аб’ём, займаецца творчай метадычнай дзейнасцю. Перыядычна група збіраецца для карэкціроўкі дзейнасці. У выніку работа акумулюецца і праходзіць метадычную крытыку. Пасля гэтага вынік прэзентуецца ўстановам дашкольнай адукацыі і ўкараняецца ў практыку.

Такім чынам у раёне былі выключаны праблемы ў планаванні кампанентаў адукацыйных галін “Дзіцячы фітнес”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Прасцейшы турызм”, адукацыйнага працэсу ў перыяд зімовых, вясновых і летніх канікул, па рэалізацыі задач адукацыйнай галіны “Выяўленчае мастацтва” і інш.

Сёння пра эфектыўнасць аб’яднанняў гаворыць іх выніковасць: наяўнасць больш як 45 метадычных распрацовак, дыдактычны матэрыял па арганізацыі дзейнасці выхаванцаў усіх узростаў у гульнявых і пазнавальных цэнтрах групавых памяшканняў, удзел і перамогі ў рэспубліканскіх фестывалях метадычных распрацовак для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню”, “Як мова родная гучала” (17 сертыфікатаў), удзел і перамогі ў міжнародных конкурсах і фестывалях. Таксама мы актыўна друкуемся ў навукова-метадычным часопісе “Пралеска”, у зборніку рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Асобаснае развіццё і прафесійнае станаўленне педагагічных работнікаў: тэорыя, метадалогія, практыка”. Выйшла 8 дапаможнікаў для педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. 

Група заўсёды зробіць больш, чым адзін чалавек. Не абавязкова ведаць усе адказы, каб знайсці рашэнне. Уклад кожнага павялічвае прадукцыйнасць у цэлым. Сумесная работа ў творчых аб’яднаннях — ключ да поспеху любой арганізацыі. 

Людміла ЯВАР, 
метадыст Светлагорскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.