Творчы дух не на паперы

Сёлета спаўняецца 40 гадоў дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці Чачэрска. Больш за 30 гадоў у ім працуе загадчыца ўстановы Іна Муляр. Дзякуючы творчасці нашых педагогаў, распрацоўваюцца і праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, узбагачаецца прадметна-прасторавае асяроддзе для выхаванцаў у групах.

Вядома, што эфектыўнасць духоўна-маральнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту залежыць не толькі ад узроўню прафесіяналізму педагогаў, але і ад іх крэатыўнасці, іх творчай самарэалізацыі ў педагагічнай дзейнасці. Творчы дух педагогаў жыве не ў сценах, не на паперы, а, як сказаў К.Д.Ушынскі, у характары большасці выхавальнікаў і адтуль пераходзіць у характар выхаванцаў.

Нашы педагогі знаёмяць выхаванцаў з народнымі промысламі і рамёствамі продкаў, а таксама з сучаснымі народнымі ўмельцамі Чачэрскага краю. Такім чынам прывіваецца любоў да малой радзімы, павага да старэйшага пакалення, дзеці вучацца шанаваць і паважаць працу іншых.

Адным з такіх творчых педагогаў з’яўляецца Тамара Дзям’янава. На асабістым прыкладзе яна паказвае дзецям, якую прыгажосць можна ствараць сваімі рукамі. Два гады яна працавала над стварэннем рэпрадукцый абразоў у стылі алмазнай мазаікі для пакоя па духоўна-маральным выхаванні.

Выкарыстоўваючы модульнае арыгамі, вязанне пруткамі і кручком і іншыя тэхнікі, Дзіяна Кацятунова, Іна Мініна, Наталля Емяль­янава і іншыя педагогі стварылі аб’ёмныя макеты храмаў, будынкі гарадской ратушы, наглядны дапаможнік “Кола праваслаўных свят”, іканастас, як у старадаўняй беларускай хаце. Афармленне праваслаўнага пакоя не закончылася, яно працягваецца, але ўжо зараз можна любавацца творамі майстроў і адначасова знаёміцца з іканапісам, дойлідствам, музыкай і г.д.

Выхавальнікі Яна Дуброўская, Антаніна Шчукіна, Таццяна Пяўнёва, Алена Хішчанка, Кацярына Міхайлава, Інеса Саўчук фарміру­юць уменне мысліць вобразамі, ставіць сябе на месца іншага чалавека. У гутарках, апавяданнях, інсцэніроўках, гульнях дзеці вучацца перажываць, спачуваць, шкадаваць і дараваць. Так узбагачаецца духоўны свет дзяцей дашкольнага ўзросту і напаўняецца новым стваральным сэнсам.

Эмацыянальная спагадлівасць дзіцяці дашкольнага ўзросту на праваслаўныя духоўна-маральныя каштоўнасці, дзейснае спачуванне людзям і ёсць лепшыя паказчыкі паспяховай працы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Магчыма, менавіта новае пакаленне, выхаванае на праваслаўных каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа, зможа супрацьстаяць меркантылізму, жорсткасці, распушчанасці і эгацэнтрызму сучаснага свету.

Таццяна ШКАЛЯНКОВА,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска.