Цвіце канвалія ў Канвелішках

У мінулым годзе Улад Станкевіч і Віктар Буйноўскіс скончылі канвелішскую школу. Гэтым летам яны зноў праводзяць час у роднай школе ў Воранаўскім раёне, але ўжо як студэнты філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Хлопцы праходзяць фальклорную практыку і адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі лагера “Канвалія”.

Гэты незвычайны кругласутачны лагер адпачынку дзейнічае ў вучэбна-педагагічным комплексе “Канвелішскі яслі-сад — сярэдняя школа” не першы год і аб’ядноўвае ў адну дружную творчую сям’ю навучэнцаў і студэнтаў. Ідэя арганізацыі такога лагера належыць самім дзецям. Калі першы раз студэнты прыехалі на фальклорную практыку, навучэнцы вельмі зацікавіліся гэтай справай і далучыліся да збору матэрыялу. Так і рэалізавалася ідэя “Канваліі”.

— Назва лагера — “Канвалія” — тлумачыцца сугучнасцю назвы нашага аграгарадка і кветкі ландыша. Ландыш майскі, ці на латыні Convallariamajalis упрыгожвае вясной нашу мясцовасць, а лагер становіцца сапраўдным упрыгажэннем аграгарадка і школы, — расказвае дырэктар Канвелішскага ясляў-сада — сярэдняй школы Наталля Віктараўна Якжык.

Да складання праграмы лагера, стварэння ўмоў для знаходжання школьнікаў і студэн­таў тут падыходзяць вельмі адказна. Як адзначае дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдат філалагічных навук Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі, умовы для правядзення фальклорнай практыкі вельмі спрыяльныя. Па-першае, Воранаўшчына — край самабытнай, унікальнай культуры, дзе спрадвеку жылі людзі розных нацыянальнасцей і да гэта часу захаваны народныя творчыя скарбы, якія штогод адкрываюцца маладым фалькларыстам-студэнтам. Па-другое, тут выдатныя бытавыя ўмовы. Па-трэцяе, цікавая арганізацыя работы лагера, што дае магчымасць сумесна праводзіць мерапрыемствы, святы, спаборніцтвы, адпачываць і студэнтам, і школьнікам, якіх, дарэчы, прымаюць у юныя фалькларысты, здзяйсняючы адпаведныя абрады.

Наталля Віктараўна называе ў гэтым пераліку і прафарыентацыйную работу. Дарэчы, Улад і Віктар сталі студэнтамі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы менавіта дзякуючы супрацоўніцтву з універсітэтам, рабоце педагагічнага класа і “Канваліі”.

Віктар Буйноўскіс адпачываў у лагеры некалькі гадоў запар. У 2019 годзе ў Канвелішкі прыязджалі і навучэнцы сярэдняй школы № 32 Гродна. Віктар запомніў той час як самы цікавы за ўсе летнія школьныя гады. А лета 2021 года стане запамінальным для яго і фальклорнай практыкай, і сустрэчай з настаўнікамі і вучнямі роднай школы, і званнем… “Містар “Канвалія”.

— У гэтым годзе мы ўлічылі пажаданні нашых вучняў і ўключылі ў праграму конкурсы “Голас”, “Містар і міс “Канваліі”, флэш-мобы, лаўнж інаватараў “Моладзь за здаровы лад жыцця”, — расказвае дырэктар лагера Алена Антонаўна Савуль. — Першы дзень прайшоў пад дэвізам “Новых сяброў набывай, а старых не забывай”. А аб’яднала ўсіх агульная справа — майстар-клас па вырабе канваліі. Ландышы ва ўсіх атрымаліся прыгожыя. Хлопцы і дзяўчаты праявілі ініцыятыву і творчасць пры ўпрыгожванні спальных і гульнявых пакояў, а вечарам студэнты  і школьнікі закружыліся ў карагодзе дружбы на святочнай дыскатэцы.

Кожны дзень праходзіў пад сваім паэтычным дэвізам і напаўняўся шматлікімі справамі. “О, шмат прыгожых дзяўчатак зямельцы нашай Бог паслаў” — гэтыя радкі Янкі Купалы спадарожнічалі конкурсу “Беларуская прыгажуня”. “Міс “Канвалія” — навучэнка 9 класа Паліна Станкевіч — адзначыла, што конкурсы былі даволі складаныя, а найбольшую цікавасць выклікалі ўборы дзяўчат, якія яны рабілі з падручных матэрыялаў. На другі дзень на сцэну выйшлі ўдзельнікі конкурсу “Беларускія джэнтльмены” і прадэманстравалі знаходлівасць, сілу і артыстызм. Журы вызначыла пераможцаў: Містар “Канвалія” — студэнт Віктар Буйноўскіс, Містар “Канвалія-анлайн” — навучэнец 10 класа Даніла Трахімчык.

Дзень, які прайшоў пад дэвізам  “О, край родны, край прыгожы, мілы кут маіх дзядоў”, прысвячаўся Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На літаратурна-музычным вернісажы “Над маім лунае лёсам Беларусь мая” прагучалі вершы, якія прачыталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі дацэнты кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліна Эдмундаўна Сабуць і Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі, а таксама студэнты і навучэнцы. У гэты дзень гучалі душэўныя песні і жартоўныя прыпеўкі. Для прысутных была праведзена пазнавальная віктарына аб родным краі. Гасцінныя героі Дзед і Баба пачаставалі ўсіх духмянымі пірагамі і іншымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні. А закончыўся дзень вячэрняй вандроўкай “Легенды і паданні канвелішскіх ваколіц”.

Гучалі паэтычныя радкі і падчас PR-акцыі “Як нараджаюцца вершы”, калі Аліна Эдмундаўна Сабуць чытала дзецям свае творы. 

Увогуле падарожжаў і творчасці было шмат. Студэнты пабывалі амаль ў дзясятку навакольных вёсак, сустракаліся са старажыламі, запісвалі казкі, паданні, песні, каляндарныя абрады. Гэты багаты матэрыял трэба будзе пашпартызаваць, а потым падрыхтаваць справаздачу аб фальклорнай практыцы і напісаць эсэ аб адным з гэтых народных твораў.

А яшчэ студэнты і школьнікі пабывалі ў Воранава, вёсках Гайцюнішкі і  Свілы, з­дзейснілі гістарычную вандроўку “Шляхамі паўстанцаў” у вёску Асава.

— Атмасфера ў лагеры была вельмі творчая і добразычлівая. Калі мы прыехалі і зайшлі ў актавую залу, то адразу пачулі: “Давайце знаёміцца”, — расказвае Аліна Эдмундаўна. — І мы не проста пазнаёміліся, мы пасябравалі.

У Канвелішках не сумняваюцца, што сяброўства працягнецца і гасцінная “Канвалія” сустрэне сяброў і ў будучым годзе. А казак, паданняў і легенд воранаўская зямля назапасіла не на адну фальклорную практыку.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.