Цуды рукамі дзяцей

Кожнае дзіця — гэта маленькі чараўнік, які імкнецца ствараць цудоўныя рэчы. Хто з нас не любаваўся прыгожымі дыванамі, сурвэткамі, габеленамі! Але тое, што гэтыя рэчы можна стварыць сваімі рукамі, а тым больш рукамі дзяцей, ведае не кожны.

Работа па навучанні выхаванцаў дзіцячаму ручному ткацтву ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля вядзецца на працягу 4 гадоў. Дзеці займаюцца ткацтвам з пяцігадовага ўзросту. Працэс навучання ажыццяўляецца ў некалькі этапаў. На першым дзеці знаёмяцца з ткацтвам як адным з відаў народнага мастацтва. Гэтаму садзейнічаюць разглядванне абсталявання і прылад, матэрыялаў, неабходных для ткацтва, падчас экскурсій па міні-музеі  “Спадчына” дашкольнага цэнтра, інтэрактыўныя заняткі-падарожжы ў сялянскую хату з дапамогай мульціборда, паказ гатовых габеленаў, малюнкаў і фотаздымкаў работ мастакоў-габеленшчыкаў. На практычнай частцы заняткаў дзеці вучацца запраўляць простую рамку-станок ніткай асновы, карыстацца прыладамі для ткацтва.

На другім этапе работа накіравана на развіццё ў дзяцей пачуцця колеру, кампазіцыі, фактуры матэрыялу падчас авалодання прыёмамі “нятканага” габелена.

На апошнім этапе дашкольнікі знаёмяцца з прыёмамі і спецыяльнымі аперацыямі ткац­тва. Дзеці авалодваюць тэхнікай палатнянага і фактурнага перапляцення, вучацца змешаным тэхнікам работы з прымяненнем саломкі, каляровых тканін, дэкаратыўнага шнура.

На занятках па дзіцячым ручным ткацтве выхаванцы ствараюць прыгожыя цацкі, цікавыя элементы касцюмаў для лялек, атрыбуты для сюжетна-ролевых гульняў, робяць аздабленне для групы на святы. Возьмуць у рукі клубочак — і хутка з’явяцца яго яркія, прыгожыя кветкі, цудоўныя жывёлы, казачныя пейзажы або мяккія дываны. Такое абуджае ў дзяцей цікавасць да гэтага віду мастацтва, развівае творчыя здольнасці, мэтанакіраванасць. А галоўнае, ткацтва вельмі падабаецца дзецям, яны з задавальненнем прыходзяць на заняткі і з нецярпеннем чакаюць наступных.

Вынікі праведзенай работы дэманструюцца на жнівеньскай канферэнцыі, метадычных аб’яднаннях, майстар-класах, выставах у міні-музеі  “Спадчына”. На ўсіх выставах наведвальнікі захапляюцца дзіцячымі работамі, даюць ім высокую ацэнку. А пасля малыя с задавальненнем прэзентуюць свае творчыя работы блізкім і сябрам.

Далучэнне дашкольнікаў да самабытнай творчасці фарміруе ў  іх нацыянальную свядомасць, развівае мастацкія і крэатыўныя здольнасці, добры густ. У дзяцей з маленства фарміруюцца такія якасці, як працавітасць, стараннасць, імкненне пераадольваць цяжкасці, даводзіць пачатую справу да канца. У працэсе далучэння да дзіцячага ручнога ткацтва ў выхаванцаў развіваюцца зрокавая памяць, дробная маторыка, што забяспечвае ім далейшае паспяховае навучанне пісьму ў школе.

Вольга КАНДРАЦЬЕВА,
выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля.


“Слуцкія паясы”

Канспект заняткаў у старшай групе па дзіцячым ручным ткацтве

Праграмны змест: фарміраваць уяўленні аб ручным ткацтве ў Беларусі, пазнаёміць дзяцей з гісторыяй узнікнення тканага пояса; развіваць нацыянальную самасвядомасць сродкамі далучэння да нацыянальнага мастацтва, развіваць ручныя ўменні; выхоў­ваць працавітасць, павагу да працы іншых людзей.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, інтэрактыўная гульня “Апрані Алеся ў беларускі касцюм”, станкі з нацягнутай ніткай асновы, каляровыя ніткі, нажніцы.

Папярэдняя работа: разглядванне беларускага адзення ў міні-музеі.

Ход заняткаў

Выхавальнік (В.): Дзеці, сёння да нас у госці прыйшоў хлопчык Алесь (выява на экране). Алесь збіраецца на свята да сваёй сяброўкі Алены і хоча апрануць беларускі касцюм. Давайце дапаможам яму.

Гульня “Апрані Алеся ў беларускі касцюм”

На экране мульціборда з’яўляюцца элементы касцюма, сярод якіх трэба знайсці і выбраць элементы беларускага касцюма, назваць іх.

В.: — Апрануўся наш Алесь, вось толькі нечага не хапае. Як вы лічыце, чаго? (Пояса). Так, не хапае пояса. Што рабіць? (Купіць у магазіне, падперазацца стужкай, зрабіць пояс самастойна). Усё гэта правільна, але Алесь марыць пра прыгожы святочны беларускі пояс. І я ведаю, дзе яго можна знайсці.

Мы з вамі адправімся на невялікую інтэрактыўную экскурсію ў Слуцк. (На экране з’яўляецца выява горада Слуцка). Многія з вас былі з бацькамі ў Слуцку. Але не многія ведаюць, што Слуцк стаў вядомы ва ўсім свеце дзякуючы таму, што там ткалі самыя прыгожыя паясы. Гэтыя паясы сталі не толькі гістарычным, культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі. (Выява на экране). Гэта былі надзвычай прыгожыя, сімвалічныя і дарагія прадметы мужчынскага гардэроба, даступныя толькі багатым людзям. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.

Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Класічны слуцкі пояс — гэта раскошная доўгая (до 3,5—4 м) тканіна шырынёй 35—40 см, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі  паверх шляхецкага адзення.

На “канцах” ткалі ўзоры кветак, пераплеценых сцяблін з лістамі, галінак дрэў, медальёны разнастайнай формы. Асноўная частка  складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам. Уздоўж бакоў пояса — вузкі бардзюр з раслінным арнаментам. Канцы завяршала паласа з арнаментам і махры. Слуцкі пояс ткалі з натуральных шаўковых нітак: звычайных і абкручаных вельмі тонкім залатым або сярэбраным дротам.

Ткалі паясы толькі мужчыны. На 25 станках штогод выпускалі 200 паясоў вельмі тонкай работы.

На прадпрыемстве “Слуцкія паясы” працуе ўнікальны музей, дзе можна ўбачыць  сучасныя паясы, паназі­раць, як ткачы ствараюць гэтыя шэдэўры, набыць сувеніры.

Акрамя паясоў, у Слуцку робяць і іншыя арыгінальныя вырабы ў беларус­кіх традыцыях. Напрыклад, на ручных драўляных станках тут ткуць прыгожыя абрусы, сурвэткі, ручнікі.

Наша падарожжа скончылася. Дзе мы з вамі пабывалі? Пра што даведаліся? Ці змаглі дапамагчы Алесю? Так, Алесь можа набыць пояс для свайго касцюма ў Слуцку. Але ж свята адбудзецца сёння, і ён не паспее вярнуцца ў час. Давайце самі паспрабуем зрабіць пояс для Алеся. Але спачатку мы крыху адпачнём.

Фізкультхвілінка

Дзве сяброўкі — дзве рукі

Весела працуюць:

Вяжуць, шыюць, ткуць, прадуць,

Мыюць і прасуюць.

Дзве сястрыцы — дзве рукі

Гарады будуюць,

Водзяць у рэйсы цягнікі,

Граюць і друкуюць.

Беляць столь,

Мятуць падлогу,

Асфальтуюць нам дарогу…

Умеюць дошку габляваць,

Чыста бульбу абабраць,

Расчасаць галоўку,

Зашпіліцца лоўка,

І ляпіць, і маляваць

Будуць нам дапамагаць.

А зараз я запрашаю вас сесці на свае месцы і пачаць працаваць.

Дзеці выбіраюць ніткі, з якіх бу­дуць ткаць свае паясы. Падчас работы гучыць кампазіцыя “Беларускія ткачыхі”. У канцы заняткаў ладзіцца выстава, праводзіцца аналіз дзіцячых работ.