Цэнтр LEGO рыхтуе да школы

На базе дзіцячага сада № 41 Мазыра знаходзіцца LEGO-цэнтр. Для дзяцей тут ёсць магчымасць творча рэалізавацца, даследаваць навакольны свет, дзяліцца сваімі думкамі, рабіць вывады. Таксама важная магчымасць дзейнічаць самастойна, выявіць дапытлівасць, актыўнасць, адказнасць, паразуменне, павялічыць самаацэнку выхаванцаў. 

Тут мы, педагогі, выкарыстоўваем розныя формы: гутаркі, сюжэтныя і дыдактычныя гульні, заданні па ўзоры, схеме, падбор дэталей, прэзентацыі, праблемныя сітуацыі… Педагогі займаюцца LEGO-канструяваннем з дзецьмі малодшага і старэйшага дашкольнага ўзросту. Перавага — заняткам у падгрупах. Малым прапануюць буйныя дэталі канструктара, выхаванцам 5—6 гадоў — драбнейшыя.

Рэалізоўваць задачы сацыяльна-маральнага і асобаснага кірунку дапамагаюць сумесныя пабудовы выхаванцаў, аб’яднаных адной ідэяй. Паралельна педагогі фарміруюць навыкі зносін і ўзаемадзеяння дзяцей, гатоўнасць да сумеснай дзейнасці з аднагодкамі і дарослымі, развіваюць цікавасць да розных відаў працы і творчасці. 

Задачы пазнавальнага развіцця педагогі вырашаюць падчас тэхнічнага канструявання — увасабленне задумы з дапамогай дэталей LEGO-канструктара. Пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню першасных уяўленняў пра сябе, іншых людзей, аб’екты, уласцівасці навакольнага свету. Напрыклад, пры канструяванні сучаснай мадэлі аўтамабіля дзеці замацоўваюць уяўленні пра форму, колер, памер, матэрыялы, паняцці “частка” і “цэлае”, “прастора” і “час”. Творчае канструяванне садзейнічае эстэтычнаму развіццю выхаванцаў. Цікава назіраць за дзецьмі, калі яны фантазіруюць, здзіўляюцца атрыманаму выніку.

Кірунак “Фізічнае развіццё” асабліва актуальны для нас, бо мы з’яўляемся апорнай установай адукацыі па ім. Фарміраванне фізічнай культуры, развіццё буйной і дробнай маторыкі — задачы, якія вырашаюцца падчас дзейнасці з LEGO-канструктарам. З выкарыстаннем “мяккіх цаглінак” мы праводзім ранішнюю гімнастыку, дэталі буйнога канструктара выкарыстоўваем для прафілактыкі плоскаступнёвасці, парушэнняў паставы, развіцця каардынацыі рухаў. 

У перспектыве хочам распрацаваць цыкл заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, аформіць і сістэматызаваць наглядна-дыдактычны матэрыял, распрацаваць майстар-класы для калег і бацькоў. Між тым магу ўпэўнена сказаць, што канструктар LEGO — гэта займальны матэрыял, які стымулюе дзіцячую фантазію, фарміруе маторныя навыкі, вучыць працаваць як у невялікай групе, так і ў калектыве, з прычыны чаго развіваюцца маўленне і камунікатыўныя навыкі.

Створаныя LEGO-пабудовы дзеці выкарыстоўваюць у розных гульнях і практыкаваннях пры падрыхтоўцы да навучання грамаце, азнаямленні з навакольным светам. Канструяванне больш чым іншыя віды дзейнасці, павышае пазнавальную актыўнасць выхаванцаў, а значыць, рыхтуе іх да далейшага навучання.

Таццяна КАНАВАЛЬЧУК,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 41 Мазыра.