Тэатр моды ў краіне цудаў

Мода ў жыцці любога чалавека адыгрывае важную ролю. Кожная жанчына хоча мець у сваім гардэробе эксклюзіўныя рэчы і заўсёды выглядаць элегантна, быць непадобнай на іншых. Узнікае пытанне: дзе гэтаму можна навучыцца? А ці трэба гэтаму вучыцца? Можа, эстэтычная культура, пачуццё элегантнасці закладзены ў чалавеку з нараджэння? Навукоўцы сцвярджаюць, што менавіта эстэтычны густ трэба выхоўваць. Вялікія магчымасці для авалодання пачуццём стылю дае дзецям дадатковая адукацыя.

Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прапануе сваім выхаванцам 239 аб’яднанняў па інтарэсах па 15 профілях. Пра адно з такіх аб’яднанняў мы і хочам расказаць.
Народны аматарскі калектыў маладзёжнай студыі моды “Купава” быў створаны ў 2001 годзе. Першым яго кіраўніком была Наталля Алегаўна Маёрава. Ідэя стварэння касцюмаў з саломкі зарадзілася ў яе задоўга да таго, як увасобіцца ў жыццё. За многія гады ў Наталлі Алегаўны і яе аднадумцаў назбіралася нямала ведаў і ўменняў у розных відах рамёстваў. Першая калекцыя “Саламяная феерыя” адрознівалася новай тэхнікай у аплікацыі саломкай: аб’ёмныя кветкавыя кампазіцыі і арыгінальныя саламяныя галаўныя ўборы прыдавалі асаблівую непаўторнасць. Па-майстэрску раскрываліся магчымасці традыцыйных беларускіх матэрыялаў, нацыянальныя традыцыі ў касцюмах, як народных, так і святочных. У такіх касцюмах спалучалася адразу некалькі напрамкаў дэкаратыўнай творчасці: макрамэ, саломапляценне, аплікацыя саломкай, вышыўка і вязанне.

Ішоў час — шліфавалася майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі, а захапленне юнакоў і дзяўчат расло. Сёння кіраўніком студыі моды “Купава” з’яўляецца Святлана Рыгораўна Бяленік, апантаны і вельмі творчы чалавек. Як вынік — у 2008 годзе калектыву прысвоена званне “народны”.
З даўніх часоў вопратцы людзей надавалася вялікае значэнне. Адзенне і касцюм у цэлым неслі значную сэнсавую і абярэгавую нагрузку. Кожны знак дэкору меў сваё значэнне: кветка — прыгажосць, бязгрэшнасць; ромб з кропкай — урадлівасць; хвалістая лінія — вада; чырвоны колер — абарона; чорны — зямля; блакітны — неба. Усё гэта падлеткі стараюцца ўлічваць пры распрацоўцы калекцый.
Калекцыя сукенак “Фолкмадэрн” — гэта своеасаблівы мікс фальклору і стылю мадэрн. Яна выканана з тканіны з элементамі нацыянальнага касцюма. У калекцыі выкарыстана вышыўка, дэкарыраваная тасьмой і пампонамі ў чырвона-чорнай гаме, што ўласціва народнаму касцюму. Доўгія спадніцы, блакітны колер, вышыўка, махры — элементы стылю мадэрн, якія выдатна спалучаюцца з фальклорам. Стылізаваныя галаўныя ўборы з выкарыстаннем саломы завяршаюць вобраз.

Калекцыя “Кветкі Беларусі” нясе ў сабе вялікі сэнсавы патэнцыял. Кожны касцюм яскрава раскрывае вобразную асацыяцыю з той ці іншай кветкай: рамонак, мак, сланечнік, званочак, васілёк, лён.
Калекцыя “Аліса ў краіне цудаў” створана на аснове лапікавай тэхнікі. Кожны строй яскрава адлюстроўвае настрой дзяўчынкі, якая апынулася ў цудоўнай казачнай краіне.
Фантазія, стыльнасць, незвычайнасць дэкору прасочваецца ў калекцыі з утыльсыравіны “Восеньская мелодыя”. Прыгожа і вытанчана дапаўняюць касцюмы галаўныя ўборы.
Час патрабуе новых падыходаў, і ўдзельнікі студыі ўдзяляюць увагу калекцыям, зробленым з непрыдатнага матэрыялу: поліэтылену, CD-дыскаў, паперы і г.д. Калекцыі “Зімовы сон” і “Неонавая лэдзі” зроблены з выкарыстаннем такіх матэрыялаў. Дапаўненнем і неад’емнай часткай касцюмаў з’яўляюцца галаўныя ўборы і біжутэрыя.

На занятках студыі ўсе навучэнцы займаюцца нарыхтоўкай і апрацоўкай саломы і іншага прыроднага і дадатковага матэрыялу. Разам з мастацкім кіраўніком яны распрацоўваюць эскізы, абмяркоўваюць асаблівасці пашыву і дэкору касцюмаў, уносяць свае заўвагі, пажаданні, змяненні і дапаўненні ў прапанаваны варыянт касцюма.
У адпаведнасці са стылем і асаблівасцямі мадэлей падбіраецца музычнае суправаджэнне, ажыццяўляецца пастаноўка нумароў. Выхаванцы наведваюць заняткі аэробікі і шэйпінгу, вучацца акцёрскаму і сцэнічнаму майстэрству, вывучаюць гісторыю нацыянальнага касцюма. Кожнаму ўдзельніку студыі даецца магчымасць не толькі стварыць, але і прыгожа прадэманстраваць касцюм.

Студыя моды “Купава” ўзнагароджана дыпломамі па выніках раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і аглядаў. Калекцыя “Саламяная феерыя”, якая стала пераможцай абласнога конкурсу, дэманстравалася па Гродзенскім тэлебачанні, каналах СТБ, ТБP, стала лаўрэатам прэміі “Міс кураж” Рэспубліканскага конкурсу “Калейдаскоп фантазій”. На III Міжнародным конкурсе высокай моды нацыянальнага касцюма студыя моды “Купава” ўзнагароджана дыпломам “Прыз глядацкіх сімпатый” (III месца ў СНД). Студыя моды “Купава” з’яўляецца дыпламантам IV і V Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур, адзначана дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Таксама студыйцы атрымалі падзяку адміністрацыі Шчолкаўскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці. На абласным фестывалі юных мадэльераў “Жывіца” калекцыя “Саламяная феерыя” адзначана спецыяльным дыпломам, а калекцыя з непрыдатнага матэрыялу “Зімовы сон” — граматай за I месца.

Кіраўнікі маладзёжнай студыі моды “Купава” неаднаразова праводзілі майстар-класы для Міжнароднай асацыяцыі па саломапляценні (Англія), для французскай і міжнароднай дэлегацый моладзі.
У 2011 годзе прайшло пацвярджэнне звання “народны”, а калекцыя “Неонавая лэдзі” стала прызёрам І ступені абласнога конкурсу юных мадэльераў “Жывіца”.
За апошнія два гады народны аматарскі калектыў маладзёжнай студыі моды “Купава” стаў пераможцам у шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах, а таксама ў Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Я памятаю! Я ганаруся!”. Усё гэта дало магчымасць калектыву з вялікім поспехам пацвердзіць званне “народны” ў сакавіку 2014 года.
Кожная аўтарская калекцыя — гэта заўсёды ідэя. Але ідэю трэба ажыццявіць, а для гэтага неабходны талент. Акрамя таленту, патрэбна творчае мысленне. Не трэба забываць і пра такую якасць, як працавітасць. Трэба мець вялікае жаданне ўвасобіць свае ідэі ў жыццё. А гэта праца — і праца нялёгкая. Удзельнікі студыі моды “Купава” гэта разумеюць.

Тамара КУЛАКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі;
Ганна ФІНАГЕНАВА,
загадчык метадычнага кабінета цэнтра.