Дзеці змалку імкнуцца пераймаць звычкі дарослых, нават замест звышмодных цацак выбіраюць звычайныя побытавыя рэчы. Маленькіх даследчыкаў прыцягваюць электрапрыборы, посуд, фурнітура, да якіх мы ім забараняем датыкацца. І вось пытанне вырашана: можна прапанаваць бізіборд.
Бізіборд — гэта развіццёвая дошка, на якой размешчаны разнастайныя прыстасаванні са штодзённасці: замкі, кнопкі, лямпачкі, выключальнікі і г.д. Гэтае ноу-хау было вынайдзена вядомым педагогам М.Мантэсоры яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. З таго часу яно ўзята на ўзбраенне як бацькамі, так і настаўнікамі. Прычым вынаходства з кожным разам усё больш удасканальваецца і адаптуецца да канкрэтных мэт.
У спецыяльным яслях-садзе № 5 Гродна выхоўваюцца асаблівыя дзеткі, таму і падыходы да іх мы стараемся знайсці незвычайныя. Каб зацікавіць вучэбным працэсам, часта звяртаемся да гульнявых метадаў. Так з’явіўся інтэрактыўны дапаможнік па матэматыцы ў выглядзе бізіборда. Мы кіраваліся тым, што гэтая прылада выклікае цікавасць, развівае лагічнае мысленне, дазваляе далучыцца да дарослых сфер дзейнасці. Дапаможнік падрыхтаваны для сярэдняй групы, дзе праграмай прадугледжана вывучэнне лікаў ад 1 да 5.
Наш матэматычны бізіборд складаецца з дзвюх панэлей. Першая прысвечана вуснаму лічэнню. Па парадку ў яркай колеравай гаме прымацаваны маланкі рознай даўжыні. Дзеці па чарзе зашпільваюць кожную і дасягаюць пэўнай лічбачкі. Потым адпраўляюцца ў зваротны шлях. Адзінка, зразумела, самая кароткая, а пяцёрка самая доўгая. Цікава таксама адчыняць акенцы з надпісамі лічбаў, за якімі знаходзіцца адпаведная колькасць жывёл. Развіццю дробнай маторыкі спрыяе шнуроўка. Два самалёты (зялёны і аранжавы) гатовы да палёту. Дзецям прапануецца пракласці траекторыю руху, злучыўшы шнуркі пэўнага колеру з лічбачкамі па парадку на такім жа фоне. На другой панэлі арганізуюцца сюжэтна-ролевыя гульні. У хатках, замкнёных на сапраўдныя замочкі з ланцужком, жывуць персанажы (і зноў жа, іх колькасць адпавядае напісанай лічбе). Трапіўшы ў госці, выхаванцы атрымліваюць пэўнае заданне. Напрыклад, у якасці квеста дзве рыбкі з доміка № 2 прапануюць акунуцца ў водную стыхію, пагуляць з арбізамі (гелевымі шарыкамі, якія павялічваюцца пры сутыкненні з вадкасцю), адправіцца на рыбалку; тры парасяці з доміка № 3 раскажуць нам аднайменную казку; а да кватэры № 5 падведзены вадасцёкавы сіфон, у які кідаюць і потым пералічваюць пяць кубікаў.
Таксама не абмінулі актуальную тэму прафілактыкі захворвання COVID-19. Пад энергічнае лічэнне дзеці адкрываюць скрыначкі з лічбамі і ўзгадваюць правілы здароўя: адзін — мыем рукі з мылам, два — носім маскі, тры — захоўваем дыстанцыю, чатыры — не дакранаемся да твару, пяць — звяртаемся па дапамогу да доктара.
Такі бізіборд мы выкарыстоўваем у залежнасці ад пастаўленай мэты: толькі элементы — для паэтапнага знаёмства, цалкам — для падагульнення вывучанага матэрыялу. Дзецям падабаецца націскаць, круціць, званіць, пстрыкаць, таму яны забываюць, што знаходзяцца на занятках. У выніку павышаецца вучэбная матывацыя. Падобнае прыстасаванне плануецца змайстраваць і для навучання грамаце, дзе ў цэнтры ўвагі ўжо будуць літары.
Як бачым, матэматычны бізіборд — шматфункцыянальны прыкладны дапаможнік. Дзякуючы яму, адбываецца навучанне пэўным дысцыплінам і пазнанне навакольнага свету, развіваецца дробная маторыка, набываюцца пазітыўныя эмоцыі. І, бадай, самае галоўнае, што прываблівае дзяцей, — гэта магчымасць дакрануцца да дарослых сфер дзейнасці. З дапамогай бізіборда штодзённыя звычайныя аперацыі раскрываюцца з новага, таямнічага, боку.
Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік cпецыяльнага ясляў-сада № 5 Гродна.