Танкіст–легенда Андрэй Усаў

У другую нядзелю верасня, у гэтым годзе 13 верасня, у Рэспубліцы Беларусь адзначаюць Дзень танкіста. У каляндар святочных дат гэты дзень унесены ў знак прызнання заслуг танкавых войскаў у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг. У музеі баявой славы сярэдняй школы № 131 ужо стала традыцыяй праводзіць мерапрыемствы да гэтага дня і ўспамінаць подзвігі танкістаў-герояў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У экспазіцыі “Ніхто не забыты, нішто не забыта!” школьнага музея размешчаны матэрыялы пра легендарны бой пад Вайсковіцамі, у якім прымаў удзел А.М.Усаў (камандзір гарматы (наводчык) у складзе экіпажа цяжкага танка КВ-1 старшага лейтэнанта З.Р.Калабанава). У музейных вітрынах размешчаны танкавы шлемафон, копіі фатаграфій, дакументаў, схема і падрабязнае апісанне бою.

А.М.Усаў нарадзіўся 30 кастрычніка 1917 г. у вёсцы Барсукі Зарэчнаталачынскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні (з 1919 вёска стала лічыцца вёскай Сватошыцкага сельсавета Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі). Нацыянальнасць — беларус. Працаваў у калгасе і на электрастанцыі БелДРЭС у якасці трактарыста. У верасні 1939 г. прызваны ў РСЧА.

Скончыўшы спецыяльную школу камандзіраў гармат цяжкіх танкаў, стаў танкістам. Служыў у 14-й танкавай дывізіі ў Нара-Фамінску Маскоўскай вобласці, адкуль быў накіраваны ў Ленінград, на асваенне новых цяжкіх танкаў КВ-1, дзе і заспеў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ да вайны ў час службы ў танкавых войсках А.М.Усаў стаў адным з лепшых стралкоў Савецкага Саюза. З.Р.Калабанаў пра гэта ведаў, і зрабіў усё, каб стралок-ас трапіў у яго экіпаж.

20 жніўня 1941 г., дзейнічаючы з засады, камандзір прылады танка КВ-1 старшы сяржант А.М.Усаў за гадзіну бою зрабіў 98 гарматных стрэлаў, падбіў і падпаліў 22 нямецкія танкі.

Па ўспамінах А.М.Усава: “Варожыя снарады хоць і не прабівалі браню нашага “КВ”, але рабілі такі грукат, што здавалася, быццам па галаве б’юць кувалдай”.

З успамінаў І.Б.Шпілера, былога камандзіра 1-га танкавага батальёна 1-га танкавага палка 1-й танкавай дывізіі:

“Я добра ведаў камандзіра гарматы Усава ў гэтым экіпажы… Гэта быў адзін з дасведчаных і адважных малодшых камандзіраў. Страляў без прамашкі. Удзельнік баёў з фінамі. Прыбыў ён да нас перад вайной з Маскоўскай акругі і хутка асвоіў новую тэхніку …”.

За легендарны бой А.М.Усаў быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Затым А.М.Усаў ваяваў пад Гатчынай і Шлісельбургам, пад Сінявіна і Пулкава. У студзені 1944 г. удзель-нічаў у аперацыі “Студзеньскі гром” на паўднёвым захадзе ад Ленінграда, у баях за Пскоў і Нарву.

За баі на карэльскім перашыйку 11—15 чэрвеня 1944 г. гвардыі малодшы лейтэнант А.М.Усаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Затым вызваляў Тарту, Рыгу, браў Гданьск, Кёнігсберг і Расток. За прарыў умацаванага рубяжа ў раёне Тарту 17—21 верасня 1944 г. узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Удзельнічаў у 30 танкавых атаках, гарэў у танку, знішчыў 27 нямецкіх танкаў, дзясяткі гармат і мінамётаў. Тройчы цяжка паранены. Скончыў вайну ў званні гвардыі старшага лейтэнанта.

У 1946 г. дэмабілізаваўся з войс-ка і вярнуўся ў родны Талачын (Віцебская вобласць), дзе і працаваў да выхаду на пенсію. Памёр у 1986 г. у Талачыне, там і пахаваны.

Імя Андрэя Усава, ураджэнца Беларусі, які здзейсніў у жніўні 1941 года легендарны подзвіг у танкавым баі пад Гатчынай, занесена ў Залатую кнігу Санкт-Пецярбурга.

Напярэдадні свята экскурсавод музея баявой славы сярэдняй школы № 131 навучэнец 9 “А” класа Максім Лепеш разам з бацькамі і навуковым кіраўнікам настаўнікам гісторыі С.С.Якшуком адправіўся ў Талачын Віцебскай вобласці. Удзельнікі паездкі ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі і магілы А.М.Усава, наведалі Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе размешчаны матэрыялы пра жыццё і подзвіг танкіста.

Усё далей і далей адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ўсё менш застаецца яе непасрэдных удзельнікаў. Сёння мы павінны захаваць памяць пра гэтых лю-дзей, павінны памятаць усіх тых, хто ўдзельнічаў у ёй.

Сяргей ЯКШУК,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік музея баявой славы сярэдняй школы № 131 Мінска.
Фота аўтара.