Танец як машына часу

У сталічным Палацы дзяцей і моладзі “Золак” 31 сакавіка адбылося яркае, маляўнічае і вясёлае мерапрыемства — “Вясновы баль кветак”, удзельнікамі якога сталі 60 старшакласнікаў Заводскага раёна сталіцы. Усе яны нібыта на машыне часу змаглі перанесціся ў ХІХ стагоддзе, адчуць яго атмасферу, пабачыць сапраўднага распарадчыка балю, а таксама пачуць шэдэўры класічнай музыкі ў жывым выкананні.

Ганаровым госцем “Вясновага балю кветак” стаў кіраўнік спраў адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Аляксандр Крымскі, які падзякаваў арганізатарам за цудоўнае свята і павітаў галантных дам і кавалераў: “Як ведаюць усе дарослыя, вясна — гэта стан душы. З кожным па, паланэзам, вальсам і мазуркай вы набліжаецеся да сваёй мары. Няхай усе вашы мэты дасягаюцца. Я жадаю вам дабра, міру і пазітыву!”

Наведала баль і начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы Алена Цыпылова. Яна адзначыла: “Ад кожнай установы агульнай сярэдняй адукацыі Заводскага раёна ў балі ўдзельнічала адна пара. Усяго ў нас 32 установы адукацыі, праўда, атрымалася 30 пар. Нам вельмі хацелася, каб сёлетнія вясеннія канікулы зай­гралі новымі фарбамі для падлеткаў, каб яны атрымалі станоўчыя эмоцыі праз гістарычны прыгожы танец, а таксама каб зразумелі важнасць культуры ў фарміраванні асобы. Усе юныя ўдзельнікі балю, як кветкі, будуць зіхацець перад намі сваімі фарбамі юнацтва, запалу і прыгажосці”.

Па традыцыі баль адкрыў урачысты танец — паланэз. За ім юных беларусаў закружылі шатландскі вальс, берлінская полька, мазурка, акунуўшы ўдзельнікаў балю ў чароўную атмасферу 200-гадовай даўніны.

“Ідэя правядзення баляў у стылі ампір у Заводскім раёне ўзнікла ў нашага педагога Вольгі Палітыка, якая займаецца рэкан­струкцыямі баляў. Дзеці сапраўды праяўляюць да іх цікавасць, магчыма, гэта павеў часу, але і ў гэтым узросце ім вельмі цікавыя зносіны адно з адным. Дарэчы, спачатку мы пачалі арганізоўваць восеньскія балі з удзелам нашых сяброў з сярэдняй школы № 143, дзе ёсць профільныя класы МНС, і аркестра сярэдняй школы № 43. Калі іх навучэнцаў прымаюць у шэрагі юных ратавальнікаў-пажарных, мы ладзім вялікае свята з удзелам кіраўніка раёна. Спадзяёмся, што і “Вясновы баль кветак” стане традыцыйным. На жаль, памяшканні нашага палаца невялікія, таму мы звярнуліся па дапамогу да калег з “Золака”, бо там самае вялікае фае. Лічу, што карысць такога мерапрыемства не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая, бо падлеткі ў час рэпетыцый забываюцца пра гаджэты і засяроджваюцца на жывых зносінах. Думаю, што і пасля завяршэння нашага мерапрыем­ства яны працягнуць сябраваць”, — выказала меркаванне дырэктар Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” Наталля Басарэўская.

Падрыхтоўка да балю пачалася яшчэ ў лютым. За два месяцы юнакі і дзяўчаты 8—11 класаў не толькі развучылі танцавальныя нумары, але і ператварыліся ў са­праўдных дам і кавалераў, пазнаёміўшыся з гісторыяй баляў і іх традыцыямі ў эпоху ампір пачатку XIX стагоддзя, манерамі і свецкім этыкетам пры дапамозе рэжысёра балю В.П.Палітыка, кіраўніка студыі рэканструкцыі баляў Carnet de bal (што ў перакла­дзе азначае “бальная кніжачка”) сталічнага Палаца дзяцей і мола­дзі “Арыён”. “Вясновы баль кветак” у Заводскім раёне мы право­дзім упершыню. Нашы танцоры — дзеці, у якіх зараз мы закладваем зярняткі бальнай культуры, што была ўласціва нашым землям. Хто б што ні гаварыў, але бальная і свецкая культура на тэрыторыі Беларусі была. І тое, што мы закла­дзём зараз у сучасных дзяцей, прарасце ў іх у будучыні, — пераканана Вольга Пятроўна. — Мы не адбіралі дзяцей па здольнасцях, а запрашалі ўсіх жадаючых, але пастараліся падабраць для іх тое, чым можна, так бы мовіць, захапіць сучаснае пакаленне і што натхніць іх на любоў да танца. Рыхтаваліся скрупулёзна, рэпетыцый прайшло шмат, што дазволіла хлопцам і дзяўчатам адчуваць сябе ўпэўнена на паркеце. Варта адзначыць, што ніхто з дзяцей не адмовіўся і ўсе дайшлі да канца. Цяпер нават шкадуюць, што настаў фінальны дзень. Многія з навучэнцаў падкрэслілі, што яны шмат чаго важнага і каштоўнага вынеслі для сябе. Усе мае выхаванцы ўнікальныя і чароўныя, усіх іх люблю бязмежна!”

Вучаніца сталічнай школы № 98 Настасся Дужынская, дзелячыся сваімі ўражаннямі ад балю, сказала, што “нібыта трапіла ў казку”. “Вельмі зачароўваюць і танцы, і новыя знаёмствы, — прызналася дзяўчына. —  За час падрыхтоўкі да балю мы даведаліся шмат незвычайнага пра ХІХ стагоддзе”. А старшакласнік сярэдняй школы № 135 Яраслаў Нікіцюк дадаў, што такое мера­прыемства дазволіла амаль што здзейсніць падарожжа на машыне часу: “Нас цалкам акунулі ў старадаўнюю атмасферу. Кожны вывучаны танец унікальны па-свойму! Цікава было даведацца, напрыклад, што кавалер не мог запрасіць адну і тую ж даму больш за тры разы за вечар і больш чым на два танцы запар. А адсутнасць пальчатак — важкая падстава, каб не пусціць госця на баль і яго даму таксама. І яшчэ шмат незвычайных фактаў нам расказала Вольга Пятроўна, якой мы вельмі ўдзячны за гэтае свята!”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.