Таленавітых педагогаў аб’ядноўваюць дзеці

Формы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу любой установы адукацыі вызначаюць яе імідж і грамадскую ацэнку. Безумоўным поспехам і каштоўнасцю для сістэмы адукацыі нашага раёна з’яўляецца тое, што ў сценах Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля працуюць творчыя, крэатыўныя педагогі, прафесіяналы з вялікай літары. Дзякуючы іх рабоце, установа неаднаразова прызнавалася лепшай сярод устаноў дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці, станавілася пляцоўкай для правядзення метадычных мерапрыемстваў раённага і абласнога ўзроўняў.

У выхавальніцы дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Таццяны Уладзіміраўны Сергіені набыты вялікі вопыт па тэатральнай дзейнасці. Пад яе кіраўніцтвам склалася пэўная сіс­тэма, якая ўключае ў сябе, з аднаго боку, дзейнасць педагагічнага калектыву (выраб касцюмаў, дэкарацый, работа над тэкстам тэатральных пастановак), з другога — навучанне дзяцей акцёрскаму майстэрству, увасабленню сцэнічнага вобраза, дзеянню на сцэне. Ва ўстанове дзейнічае гурток “Тэат­ральныя фантазіі”, у якім займаюцца розныя дзеці, у тым ліку замкнутыя, сарамлівыя, з парушэннем маўлення. З мэтай развіцця ўвагі дзяцей дашкольнага ўзросту педагог выкарыстоўвае эцюды з тэатральнымі лялькамі “жывой рукі”: “Не будзем сумаваць”, “Прыдумай казку”, “Будзь уважлівым”, практыкаванні на развіццё ўяўлення: “ажыві прадмет”, “уяві сябе кнігай, кветкай, казачнікам”. Таццяна Уладзіміраўна лічыць, што чым актыўней выяўляюцца і развіваюцца ў адукацыйным працэсе творчыя здольнасці дзіцяці, тым больш пас­пяховым будзе яго жыццёвая пазіцыя ў далейшым.

У выхавальніцы дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святланы Валер’еўны Гецман набыты вялікі вопыт работы па выяўленчай дзейнасці, ёсць багатая метадычная база. Абагульнены вопыт работы па тэме “Развіццё творчых здольнасцей дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз нетрадыцыйныя тэхнікі малявання”. Для развіцця ўяўлення і пазнавальных здольнасцей дзяцей на занятках па маляванні педагог выкарыстоўвае мастацкае слова, музычнае суправаджэнне, паказ, пальчыкавыя гульні, гульні-імітацыі, дыдактычныя гульні, назіранне, аналіз, тлумачэнне паслядоўнасці і спосабаў выканання, пастаноўку перад дзецьмі задач, якія патрабуюць знаходжання самастойнага рашэння, гэта значыць задач праблемнага характару. Прымяняе гульні-заняткі з выкарыстаннем арт-тэрапеўтычных тэхнік “Намалюй, што ў мяшочку”, “Малюнкі на спіне”; гульнявыя медытацыйныя і рэлаксацыйныя прыёмы “Кошачкі і кацяняты”, “Свечкі на торце”, “Адправіліся ў любімае месца” і інш.

Музычны кіраўнік вышэйшай квалі­фікацыйнай катэгорыі Людміла Аляксандраўна Стасевіч з энтузіязмам і любоўю ставіцца да сваёй справы. Пад яе кіраўніцтвам у дашкольным цэнтры вельмі цікава праходзяць святы, забавы на розную тэматыку. Хачу прадставіць вашай увазе сцэнарый свята “У госці да Купалінкі”.

У дашкольным цэнтры “Сонейка” перад кожным педагогам стаіць задача развіцця патэнцыялу дзіцяці. Рэсурсы і магчымасці для дасягнення пастаўленых мэт ёсць. У перспектыве бачу ўстанову адукацыі як “школу” творчасці, поспеху, прафесійнага станаўлення, надзейнага тылу для бацькоў выхаванцаў.

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ,
метадыст Капыльскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.


“У госці да Купалінкі”

Сцэнарый забавы для выхаванцаў рознаўзроставай групы

Мэта: пашыраць веды дзяцей пра жыццё беларусаў у былыя часы, прадметы побыту; працяг­ваць знаёміць з традыцыямі роднага краю; развіваць цікавасць і выхоўваць павагу да гістарычнага мінулага сваёй краіны; знаёміць дзяцей з беларус­кім фальклорам.

Пад гучанне беларускай народнай песні дзеці ўваходзяць у залу музея “Беларуская хата”, спяваючы песню “Прывітальная”. Іх сустракае Дамавік.

Дамавік:

Добры дзень, мае сябры!

Тут жыву я на гары.

У хаце ўсім амаль кірую,

Хоць і ёсць гаспадары.

Не дзіця я, не стары

Маю назву… Дамавік.

А завуць усе мяне Кузьмой. Прывітанне, дзеці дарагія! Ой, я так і ведаў, што сёння ў нас будзе шмат гасцей, бо Купалінка з самай раніцы ўсё спявае ды спявае. Чуеце?

(Уваходзіць Купалінка і спявае прыпеў песні “Госцікі”.)

Купалінка:

Госцікі, госцікі,

Запрашаем у хату.

З кубачка, з кубачка

Будзем піць гарбату.

Добры дзень, мае даражэнькія,

Дарослыя і маленькія!

А я вас вельмі чакала,

Шмат страў прыгатавала.

 Зараз будзем частавацца.

Дамавік:  — Але перад тым як частавацца, я прапаную пагуляць, патанцаваць, песні вясёлыя паспяваць.

(Дзеці танцуюць “Весялуху”.)

Хачу спяваць, але на галодны жывот нешта песня не пяецца. Чую пах бліноў, так і хочаца іх з’есці. Але ж без смятаны не так смачна будзе. А дзе ж гэта мой сябар кот Васька? Мабыць, спіць на печы! Трэба яго паклікаць і адправіць у камору па смятану. Сам я туды ісці баюся, бо вельмі шмат мышэй развялося.

(Стукае па печы.)

Васька, хопіць спаць! Чуеш, як аладкі смачна пахацяць? Схадзі ў камору па смятану.

(Выходзіць Кот, пацягваецца.)

Кот: — Цяжкая гэта справа, але прыйдзецца ісці. Спачатку трэба ўзброіцца. (Бярэ “стрэльбу” і выхо­дзіць. Праз хвіліну чуецца грукат. Выходзіць Кот з міскай на галаве, у лапах трымае збанок.)

Кот: — Я перамог мышэй. (Дамавік стукае па місцы на галаве.)

Кот: — Ой, хто там?

Дамавік: — Гэта я, Кузьма, а ты хто?

Кот: — Я  — пераможца вялікай бітвы. Усіх мышэй пабіў!

Дамавік: — А дзе ж смятана? (Заглядвае ў збанок.) Не бачу смятаны тут.

Кот: — Глядзіш дрэнна! На дне яшчэ засталася.

Дамавік: — А дзе астатняя? З’еў?

Кот: — Не…

Дамавік: — А вочы гавораць, што з’еў.

Кот: — А яны ў мяне заўсёды хлусяць (заплюшчвае вочы).

Дамавік: — Затое вусы не хлусяць.

(Купалінка заглядвае ў збанок, у гэты час Кот хаваецца.)

Купалінка: —Так і ведала! Пакінула збанок са смятанай без нагляду, а яе і след прастыў. Ведаю, чыя гэта справа. Зараз я з ім разбяруся.

(Знаходзіць Ката і бярэ яго за каўнер. Заходзіць Дамавік.)

Дамавік: — Прабач гэтаму свавольніку, калі ласка! Ён так больш не будзе.

Купалінка: — Ты, Кузьма, колькі гадоў тут у хаце гаспадарыш? Чаму не адгаварыў Ваську, а яшчэ і падвучыў?!

Дамавік: — Прабач нам, гаспадынька! Вельмі ж аладак са смятанай захацелася!

Купалінка: — Так і быць, прабачаю! Але за гэта павесяліце дзяцей, а я пайду смятанку зніму з малака, ды масла саб’ю.

(Праводзіцца гульня “Карагодная”. Уваходзіць Купалінка.)

Купалінка:

Малайцы, што пагулялі

І ката пазабаўлялі.

Хто вясёлы — той наш госць!

Во якая весялосць!

Дамавік:

Тут на ўвесь прастор вялікі

Заігралі нам музыкі.

(Дзеці танцуюць “Трасуху”.)

Гаспадынька, паглядзі! Танцорам гэтым гадкоў пяць, а як умеюць танцаваць!

Купалінка: — Бачу ўсе вы малайцы! Танцавалі ад душы!

Дзіця:

Сеў за кола ганчар,

З гліны выкруціў шар.

Горла, вушка прарабіў,

Усё ў печы абпаліў.

І глядзіце: ужо гатовы

Гліняны збаночак новы.

Купалінка: — На Беларусі людзі здаўна шанавалі працу ганчароў і паважалі іх. У мяне ў гаспадарцы таксама шмат глінянага посуду. Ёсць збанкі, міскі, гарлачыкі.

А вось з гэтым прыгожым гарлачыкам я прапаную вам пагуляць у гульню “Гарлачык”.

Дамавік: — Дзеці, наша Купалінка вельмі добрая гаспадыня. Паглядзіце, якія прыгожыя ручнікі, настольнікі, сурвэткі вышыла.

Купалінка: — Каб адзенне было прыгажэйшым, яго вышывалі доўгімі зімовымі вечарамі. Жанчыны збіраліся ў адной хаце, песні спявалі і рэчы аздаблялі, дзяўчынкі ім дапамагалі.

Дзіця: — А што рабілі  хлопчыкі?

Купалінка: — А хлопчыкі займаліся з татамі рамёствамі: плялі з саломы, лазы розныя рэчы, выразалі з дрэва цацкі, рабілі свістулькі і дудачкі. І таксама спявалі і танцавалі.       

(Дзеці танцуюць і спяваюць жартоўны танец “Юрачка”.)

Купалінка: — Як мне прыемна з вамі сёння гуляць, на роднай мове размаўляць. Бачу я, што вы вельмі любіце сваю цудоўную краіну.

Хлопчык:

Блакіт нябёс і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус.

Мой край завецца Беларуссю,

А сам я хлопчык-беларус.

Дзяўчынка:

Блакіт нябёс і белы бусел

І кветкі ў полі, быццам хустка.

Мой край завецца Беларуссю

І я дзяўчынка-беларуска.

(Дзеці выконваюць песню “Дзяўчынка-беларусачка”.)

Купалінка:  — Ну вось і надышоў час развітацца.

Любіце травы, дрэвы, рэкі,

Прастор палёў, блакіт нябёс.

Цаніце працу чалавека

І бог вам дасць спагадны лёс.

Дамавік:

А каб цанілі вас у свеце

Я лепшых слоў не падбяру.

Шануйце дзіва на планеце,

Святую нашу Беларусь!

(Дзеці выконваюць песню “Ты — мая Беларусь”, муз. і сл. В. і В.Бабковых.)

Падрыхтавала Людміла СТАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля.