Тайны зроку

Усе мы хочам быць здаровымі, добра чуць, добра бачыць, але не ўсе людзі могуць пахваліцца 100- працэнтным зрокам. Што можа дапамагчы ў гэтым выпадку ўбачыць свет ва ўсёй разнастайнасці форм і фарбаў? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да навучэнцаў установы.

Многія адказалі, што гэта акуляры. Вырашылі разабрацца і даведацца, ці толькі акуляры могуць дапамагчы вырашыць гэтую праблему, чаму некаторыя людзі носяць акуляры, а некаторыя — не. Паралельна ўзніклі пытанні: як пабудавана вока, якія спосабы існуюць для захавання зроку, як акуляры дапамагаюць нашым вачам, ці ўсе акуляры аднолькавыя, якія акуляры самыя лепшыя? Каб адказаць на ўсе гэтыя пытанні, вучні 1 і 2 класаў Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы прынялі рашэнне рэалізаваць праект “Таямніца зроку”.

Пачалі работу над праектам з анкетавання навучэнцаў і іх бацькоў з мэтай атрымання інфармацыі аб стане зроку дзіцяці, выяўлення прычын пагаршэння зроку, захавання зрокавага рэжыму. Параўноўваючы адказы навучэнцаў і бацькоў, зрабілі наступны вывад: дзеці ў большай ступені, чым бацькі, прычынамі пагаршэння зроку лі­чаць выкарыстанне гаджэтаў. Большая частка бацькоў (у два разы) лі­чаць мерай для захавання зроку абмежаванне карыстання тэлефонамі, планшэтамі.

Правялі сустрэчу з настаўнікам біялогіі на тэму “Будова вока”. Працягнулі работу ў ходзе практыкуму “Што я бачу адным вокам?”, затым, правёўшы заняткі “Цікава ведаць: хто як бачыць?”, даведаліся, што ўсе жывёлы бачаць па-рознаму.

Наступным этапам работы стала разважанне “Ці ёсць у вачэй памочнікі?”. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве запрасілі бацькоў. Правялі гульні “Пазнай па голасе”, “Пазнай па паху”, “Пазнай на смак”, “Цудоўны мяшочак”. Аказалася, што памочнікамі з’яўляюцца вушы, нос, язык, скура. У ходзе правядзення мерапрыемства “Прычыны пагаршэння зроку” працавалі ў групах, і назіранні за працай таварышаў змаглі выявіць асноўныя прычыны пагаршэння зроку чалавека. Яны могуць быць самымі разнастайнымі. Пачынаючы ад няправільнай паставы, недахопу вітамінаў, няправільна падабранай мэблі, заканчваючы траўмамі і тэхнічнымі пашкоджаннямі, а таксама залішнім выкарыстаннем тэлефона, планшэта, камп’ютара, тэлевізара. А ў некаторых навучэнцаў зніжэнне зроку залежыць ад спадчыннага фактару.

Прычын пагаршэння зроку шмат, але кожны з нас можа іх пазбегнуць. Правёўшы практыкум “Ты сабе не нашкодзь, свае вочкі беражы” і хвілінку здароўя “Якія прадукты карысныя для вачэй?”, зрабілі выснову: каб вочы былі здаровыя, іх трэба “карміць”, “паіць” і “выгульваць”. Але нават выконваючы ўсе рэкамендацыі, не ўсе могуць пахваліцца добрым зрокам. Што ж рабіць у гэтым выпадку? І тут на дапамогу прыходзяць акуляры. Вучням стала цікава, калі з’явіліся першыя акуляры і якімі яны былі.

Пазнаёміўшыся з гісторыяй стварэння акуляраў, вырашылі разабрацца, якія іх віды існуюць сёння. Праслухаўшы паведамленне “Акуляры — мае памочнікі. Віды акуляраў”, даведаліся, што іс­нуюць сонцаахоўныя акуляры і акуляры, якія засцерагаюць ад моцнага выпраменьвання; ахоўныя акуляры (ад пылу, ветру, вады і інш.); 3D-акуляры; акуляры начнога бачання; аптычныя акуляры; акуляры для зняцця стомленасці; у Японіі вынайдзены акуляры-“шукальнікі”; амерыканскія даследчыкі распрацавалі спецыяльныя акуляры, якія мо­гуць аднавіць сон і добры настрой.

У сучасным свеце акуляры шырока распаўсюджаны і практычна ў кожнай сям’і ёсць некаторыя іх віды. Дзеці прынеслі іх у клас і правялі даследаванне “Зрокавыя ўражанні, атрыманыя ў акулярах і без акуляраў”, а таксама практычныя заняткі “Ці можна насіць чужыя акуляры?”. Аказалася, што выкарыстоўваць аптычныя акуляры можна толькі чалавеку з дрэнным зрокам, і яны павінны быць індывідуальна падабраныя.

Акрамя акуляраў, існуюць і іншыя аптычныя прыборы: бінокль, лупа, мікраскоп, з якімі дзеці змаглі пазнаёміцца падчас доследу “Уласцівасці аптычных прыбораў”. Акуляры, як і нашы вочы, патрабуюць догляду. Падчас практычных заняткаў “Хатка для акуляраў. Як даглядаць акуляры” даведаліся, што акуляры трэба захоўваць у футарале, выціраць шкло спецыяльнай сурвэткай, браць акуляры за дужкі і класці іх шклом уверх.

Галоўнай задачай кожнага, хто хоча бачыць свет ва ўсёй яго разнастайнасці, з’яўляецца захаванне зроку. Немалаважную ролю ў гэтым маюць практыкаванні для зняцця зрокавага напружання. Кожны з дзяцей разам з бацькамі знайшоў некалькі практыкаванняў і гульняў, якія мы разам правялі і з якіх адабралі лепшыя для стварэння буклета “Гімнастыка для вачэй” і зборніка гульняў “Вочкі просяць пагуляць”. Выпусцілі і распаўсюдзілі флаер “Беражыце зрок”.

З мэтай павышэння дасведчанасці бацькоў па пытанні захавання добрага зроку ў дзяцей, інфармавання пра прычыны яго зніжэння, азнаямлення бацькоў з прыёмамі прафілактыкі блізарукасці, з правільнай арганізацыяй зрокавага рэжыму разам з медсястрой правялі сямейны савет “Дзіцячы зрок. Засцярога і прафілактыка. Гульні для дзяцей з парушэннем зроку”. У канцы савета ўсе разам распрацавалі памяткі “Правілы работы за камп’ютарам”, “Правілы гігіены пры выкананні дамашніх заданняў”, “Арганізацыя зрокавага рэжыму ў дзяцей”.

У выніку работы над праектам вучні пашырылі веды аб органе зроку, яго значэнні, аб правілах гігіены, існуючых спосабах захавання зроку, аб ролі акуляраў і іх відах; усвядомілі каштоўнасць зроку, неабходнасць беражлівага стаўлення да сябе, свайго здароўя, уважлівага стаўлення да людзей з аслабленым зрокам; навучыліся даглядаць акуляры, знахо­дзіць неабходную інфармацыю ў навукова-пазнавальнай літаратуры па гэтай тэме. Падзяліліся сваімі ведамі і напрацоўкамі з іншымі навучэнцамі ўстановы для таго, каб захаваць ці палепшыць ім зрок.

Наталля ПАРЖОН,
Наталля СОСНА,
настаўніцы пачатковых класаў Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы Смаргонскага раёна.