Сямейны клуб

як эфектыўная форма ўзаемадзеяння гімназіі, сям’і і царквы ў духоўна-маральным выхаванні асобы

На працягу апошніх шасці гадоў на базе Калінкавіцкай гімназіі працуе бацькоўскі клуб “”. За кубкам гарбаты атмасфера на сустрэчах становіцца цёплай, бацькам лягчэй раскрыцца і адчуваць сябе ўпэўнена. Асноўныя формы работы — семінары-практыкумы, круглыя сталы, выставы, экскурсіі, сумесная гульнявая і творчая дзейнасць, святы.

На пасяджэннях увага ўдзяляецца самым розным тэмам. Адна з сустрэч “Гартаючы сямейны альбом” была прысвечана сямейным традыцыям. Менавіта яны здольны збліжаць, умацоў­ваць любоў, узаемапавагу і паразуменне. Баць­кі расказалі пра сямейныя абеды, нядзельныя вандраванні, спартыўныя захапленні. Абуджэнню цікавасці да сямейнага чытання была прысвечана сустрэча “Жывое слова мудрасці духоўнай”. На ім бацькі, дзеці і педагогі чыталі ўрыўкі з любімых твораў.

Змястоўна праходзяць сустрэчы са святарамі: ігуменам Аўксенціем (Абражэем), іерэямі Сергіем Карповічам і Антоніем Буянам. Святары з пункту гледжання праваслаўнага вучэння тлумачаць, як выхоўваць дзяцей не словам, а справай. Падобныя гутаркі дапамагаюць разабрацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Вялікую дапамогу свяшчэннікі аказваюць у рабоце з сем’ямі, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі.

Былі арганізаваны дыскусіі “Што рабіць, калі ў сям’і праблемы?”, “Канфлікты ў сям’і”, “Сям’я. Законы яе захавання”, цыкл духоўных сустрэч са святарамі па фарміраванні ўсвядомленага бацькоўства “Мацярынства — таямніца з таямніц”. Падчас такіх сустрэч бацькам прапаноўваецца наглядны прыклад іншых сем’яў. Разам мы вандруем па святых месцах Беларусі. Гімназісты і іх бацькі пабывалі ўжо ў Гомелі, Тураве, Лельчыцах, Нясвіжы, Юравічах… Такія паездкі збліжаюць, а пры наведванні храмаў бацькі і дзеці даведваюцца гісторыі стварэння цэркваў, маюць магчымасць сур’ёзна задумацца над духоўным бокам свайго жыцця.

Гімназісты і іх бацькі аказваюць дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі Свята-Раства-Багародзічнага Юравіцкага мужчынскага манастыра, храма Казанскай іконы Божай Маці. Гэтая работа стварае ўмовы для ўключэння сям’і ў сістэму маральных адносін — узаемадапамогі, адказнасці, прынцыповай патрабавальнасці.

Сумесныя дабрачынныя акцыі “Добрыя справы Свяціцеля Мікалая”, “Цуды на Каляды”, “Падзяліся сваім цяплом”, “Добрае сэрца” фармі­руюць у дзяцей пачуццё спачування, суперажывання, спагады. Мы спрабуем данесці да бацькоў, што праваслаўе і выхаванне, вера і асвета — гэта тыя складнікі, якія, дапаўняючы адно аднаго, даюць чалавеку права выбару, магчымасць усвядоміць сябе, уменне будаваць адносіны з людзьмі.

Алена АНДРАЧЫК,
педагог сацыяльны гімназіі Калінкавіч.