Сямейны клуб “Праменьчык” аб’ядноўвае дзіцячы сад і сям’ю

Віктор Гюго заўважыў: “Пачаткі, закладзеныя ў дзяцінстве чалавека, падобныя да выразаных на кары маладога дрэва літар, якія растуць разам з ім, складаюць неад’емную частку яго”. З гэтым нельга не пагадзіцца. Праўда, з невялікім удакладненнем: роля сям’і ў выхаванні дзяцей застаецца вызначальнай, нават калі дзіця наведвае дзіцячы сад.

Дома дзіця праводзіць прыкладна дзве трэці свайго часу. Тут яно гуляе, чытае, малюе, адпачывае, абменьваецца ўражаннямі з блізкімі. Звычкі і навыкі, атрыманыя ў сям’і, застаюцца на ўсё жыццё, а таксама з’яўляюцца асновай фарміравання асобы. Але, на жаль, не ўсе бацькі ўсведамляюць вядучую ролю ў закладанні асноў будучыні сваіх дзяцей. Выхаванне дзіцяці не можа адбыцца без самаўдасканалення самой сям’і, без самавыхавання бацькоў. Аднак, акрамя самавыхавання, цярпення, прыроджаных здольнасцей і вопыту, неабходны яшчэ і спецыяльныя навыкі, якія бацькі змогуць атрымаць з дапамогай педагагічнай асветы.

На працягу некалькіх гадоў работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі асвету бацькоў я ажыццяўляла традыцыйна: штоквартальна арганізоўвала бацькоўскія сходы, праводзіла гутаркі, кансультацыі. Па вызначаным плане працавалі члены бацькоўскага камітэта. Але ўсё гэта разам узятае не ў поўнай меры фарміравала бацькоўскі калектыў, а значыць, не было дастаткова дзейсным. Стала зразумела, што ранейшыя формы работы ўжо непрымальныя, састарэлі. Хацелася чагосьці новага, больш эфектыўнага, каб бацькоўскі калектыў жыў такім жа актыўным і творчым жыццём, як жыве калектыў нашай установы. Менавіта таму ў 2007 годзе быў створаны сямейны клуб “Праменьчык”. Асноўная яго задача — педагагічная асвета бацькоў.

Кожнае пасяджэнне сямейнага клуба прысвечана падрабязнаму вывучэнню пэўнай тэмы. Тэматыка заняткаў плануецца ў адпаведнасці з узростам выхаванцаў, пажаданнямі і запытамі, якія вызначаюцца ў працэсе анкетавання, індывідуальных гутарак з бацькамі. Пры складанні плана работы сямейнага клуба “Праменьчык” абавязкова ўлічваюцца пытанні гадавых задач установы дашкольнай адукацыі і тэматыкі года нашай краіны — Рэспублікі Беларусь. Бацькам навічкоў складаней за ўсё, бо для іх паступленне сына ці дачкі ў дашкольную ўстанову яшчэ больш стрэсавая сітуацыя, чым для самога малога. Таму патрэбна грунтоўная падрыхтоўка. Я прымаю ўд зел у бацькоўскім сходзе “Матчынай школы”, арганізоўваю гутаркі і анкетаванні з бацькамі, выяўляю індывідуальныя патрэбы бацькоў і дзяцей. Праводжу назіранні за выхаванцамі ў адаптацыйнай групе “Кроха”, вызначаю ступень прыхільнасці ў сям’і і іншыя падрабязнасці сямейнага ўкладу і выхавання. Адаптацыйны перыяд для дзіцяці пройдзе лёгка, калі мама і тата будуць за яго спакойныя. Таму здымаю для кожнай сям’і невялікія відэасюжэты рэжымных момантаў. Адпраўляю індывідуальна на месенджар, што садзейнічае больш хуткаму ўсталяванню кантакту паміж выхавальнікам і сям’ёй.

Першае пасяджэнне праводжу разам з педагогам-псіхолагам, які тлумачыць нюансы адаптацыйнага перыяду. Абавязкова манцірую відэафільм для калектыўнага прагляду “Мама, я не плачу!” ці “Адзін дзень у дзіцячым садзе”. Атрымліваюцца вельмі цікавыя, незабыўныя кадры, якія пацвярджаюць той факт, што дзецям ва ўсіх адносінах камфортна. Трапляючы ў свет гульні, малыя забываюць, што мама не побач, што яны ў нязвыклай сітуацыі. Першы крок зроблены: знаёмства, стартавае пасяджэнне… Далей адкрываецца бязмежны акіян для рэалізацыі творчасці і педагагічных ідэй. “Усім нам патрэбны дом”, “Суд над камп’ютарам”, “Падарожжа ў Краіну ведаў” ці “Толькі наперад!”, “Сямейны альбом” ці “Падарожжа ў гісторыю маёй сям’і” — вось далёка не поўны пералік заняткаў у нашым клубе. Сямейны “Праменьчык” не застаецца ў баку ад спартыўнага жыцця — напрыклад, мы правялі цікавыя спартыўныя святы, прысвечаныя перамогам беларускіх спартсменаў на зімовай алімпіядзе ў Сочы, Еўрапейскіх гульнях у Мінску. Натхнёныя дзеці і бацькі разам складаюць вершы, працуюць над выпускам насценгазет для выставы ў групе, прымаюць актыўны ўдзел у імправізаваных зімовых і лёгкаатлетычных спаборніцтвах.

Адна з самых запамінальных форм правядзення пасяджэнняў клуба “Праменьчык” — гэта сумесны вольны час: паходы, экскурсіі. Кожны год 1 чэрвеня разам з бацькамі мы арганізоўваем паходы па знакавых мясцінах нашай Сенненшчыны. Кожны куток прыроды дапамагае задумацца над пытаннямі экалогіі, выкананнем правіл бяспекі на гарадскім пляжы і стадыёне, над неабходнасцю прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. У рамках цяперашніх умоў сацыяльнага дыстанцыявання, калі вочныя правядзенні пасяджэнняў не заўсёды магчымы, арганізоўваю анлайн-сустрэчы ў дадатку Zoom, што дазваляе абмеркаваць запланаваныя педагагічныя і псіхалагічныя тэмы, адказаць на хвалюючыя бацькоў пытанні. Як паказвае практыка, такая форма правядзення пасяджэнняў не менш эфектыўная. Бацькі з вялікім энтузіязмам і задавальненнем выказваюць свае меркаванні, дзеляцца вопытам, дэманструюць малюнкі, прэзентуюць насценгазеты і вырабы, якія падрыхтавалі разам з дзецьмі.

“Усё пачынаецца з дзяцінства!” — каторы раз паўтараю асноўны дэвіз нашага клуба. Шчырасць і паразуменне паміж педагогамі і бацькамі, жаданне супрацоўнічаць і дапамагаць адно аднаму ў выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення — асноўныя дасягненні работы сямейнага клуба “Праменьчык”. Дзіцячы сад паступова становіцца для дзяцей другім домам, дзе ім спакойна і цікава кожную хвіліну, кожны дзень. А для бацькоў — месцам, дзе ім заўсёды рады, дзе яны заўсёды атрымаюць педагагічную і метадычную дапамогу.

Наталля СІНІЧЭНКА,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Сянна.