Свой край спазнавай

У сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Краязнаўства”. На занятках у ім праз гульню навучэнцы далучаюцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей, да навукова-даследчай дзейнасці.

Зацікавіўшыся края­знаўствам, навучэнцы захацелі атрымаць адказы на многія пытанні: як на Капыльшчыне развіваліся пісьменнасць і літаратура? Хто такі Цішка Гартны? Ці можна назваць Капыльшчыну калыскай беларускіх літаратараў? 

Тады ўзнікла ідэя стварэння да Дня беларускага пісьменства, сталіцай якога ў гэтым годзе і быў Капыль, пазнавальнай настольнай гульні “І гэта ўсё — мой край”. Назвай стаў радок з верша Адама Русака.

Вывучыўшы матэрыял, назапашаны вучонымі і педагогамі, здзейсніўшы шэраг экскурсій, рэалізаваў праект навучэнец 5 класа Дзмітрый Дудко.Прэзентацыя гульні адбылася падчас Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ў рамках Дня беларускага пісьменства. 

Гульня знаёміць з гісторыяй Капыльшчыны, археа­лагічнымі раскопкамі на яе тэрыторыі, адукацыйнымі і літаратурнымі старонкамі краю і складаецца з 6 раздзелаў: “Як помнік былога, як быль…”, “З гісторыі развіцця адукацыі”, “Капыльшчына літаратурная”, “Помнікі і мемарыяльныя дошкі”, “Лічбы, факты, падзеі”, “Краязнаўчыя задачы”.  

Для кожнай намінацыі падрыхтаваны карткі з заданнямі. У залежнасці ад складанасці пытанняў прысвоена колькасць балаў за адказ. Калі ўдзельнікі не маюць дастаткова ведаў па тэме, яны могуць скарыстацца прыкладзеным да гульні “Даведнікам па краязнаўстве”, які склалі вучні.

Настольная гульня дапамагае навучэнцам не толькі праверыць свае веды па родным краі, але і папоўніць іх. А станоўчыя эмоцыі спрыяюць хуткаму засваенню матэрыялу.   

Матэрыялы гульні выкарыстоўваюцца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства”, падчас тэматычных тыдняў, на ўроках, падчас адпачынку ў дзіцячым аздараўленчым лагеры. Гульню можна ўзяць з сабой у паход ці паездку. 

У гэтым навучальным годзе Дзмітрый Дудко са сваёй работай стаў пераможцам конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці ў секцыі “Гісторыя. Краязнаўства”. 

Святлана КАЛЕВІЧ, 
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.