Светлагорскія дашкольнікі на алімпійскай эстафеце

У падтрымку беларускіх спартсменаў, якія абараняюць гонар радзімы на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа, у яслях-садзе № 5 Светлагорска прайшлі свае малыя алімпійскія гульні пад назвай “Здаровая нацыя — моцная краіна”.

Выхавальнікі сталі трэнерамі каманд. Яны сумесна з сем’ямі распрацоўвалі эмблему і дэвіз. Дарэчы, кожная каманда выступала пад сваім “сцягам”. Таксама рыхтавалі атрыбуты для аматараў, алімпійскі сцяг і агонь, упрыгажэнні для спартыўнай пляцоўкі. Права запаліць наш алімпійскі агонь было прадастаўлена прызёрцы рэспубліканскіх першынстваў і турніраў, кандыдату ў майстры спорту па тхэквандо, навучэнцы ДЮСШ № 1 Светлагорскага раёна Настассі Смірновай. Пасля ўзняцця дзяржаўнага сцяга пад гімн Рэспублікі Беларусь на старт выйшлі тры сямейныя каманды: “Страла” (сям’я Яўсеевых), “Камета” (сям’я Папянковых), “Вясёлка” (сям’я Уласенка).

Пад гімн алімпійскіх гульняў быў падняты алімпійскі сцяг. Судзіла спаборніцтвы строгае, але кампетэнтнае журы ў складзе загадчыка нашай ўстановы дашкольнай адукацыі Галіны Косткі, Настассі Смірновай і яе мамы Вольгі Віктараўны Смірновай. Спартсмены пераадольвалі алімпійскія эстафеты, змагаліся ў кіданні, стральбе з лука, скачках у даўжыню, перацягванні каната. Журы выстаўляла адзнакі камандам за кожнае спаборніцтва. У перапынках удзельнікі даведваліся шмат цікавага пра алімпіяду і пра выбітных беларускіх спартсменаў, танцавалі і атрымлівалі музычныя віншаванні ад выхаванцаў. Урэшце, канечне, былі заслужаныя ўзнагароды — медалі, дыпломы і памятныя падарункі. Тых, хто прайграў, на нашай алімпіядзе няма — усе атрымалі станоўчыя эмоцыі і ўражанні. Гэтыя спаборніцтвы дапамаглі выхаванцам яшчэ больш пасябраваць са спортам, яшчэ мацней аб’ядналі сем’і.

Вікторыя ХУЛУП,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Светлагорска.