Свет прыгод

Свет не стаіць на месцы, і новыя тэхнічныя магчымасці адкрываюць новыя формы дзейнасці чалавека. Геакешынг — адна з сучасных тэхналогій дашкольнай адукацыі. Што ж гэта такое? Перакладаючы складовыя часткі слова — geo (зямля) і cache (тайнік), атрымаем “пошук тайніка ў зямлі”. Геакешынг — прыгодніцкая гульня з элементамі турызму і краязнаўства. Задача, якую вырашаюць гульцы ў геакешынг — гэта пошук тайнікоў, зробленых іншымі ўдзельнікамі гульні.

Да гульні прыцягваюцца дзеці ўсіх узростаў. Дзеці малодшага школьнага ўзросту гуляюць у спрошчаную квест-гульню, якая рыхтуе іх да геакешынга. Яны выконваюць элементарныя заданні: пошук прадметаў па зададзеных прыметах у гульнявым пакоі; пошук прадметаў па малюнках. Дзеці сярэдняй групы ў гульні ўжо вучацца карыстацца картамі-схемамі і перамяшчаюцца па будынку дашкольнай установы, што з’яўляецца падрыхтоўкай для паўнавартаснай гульні ў геакешынг у старэйшым дашкольным узросце.

Для дзяцей старэйшага да­школьнага ўзросту першы этап гульні пачынаецца ў групе з запрашэння да гульні (відэапісьмо, карта скарбаў і г.д.). Гэта дапамагае дзецям атрымаць зарад станоўчых эмоцый, уключыць сваё ўяўленне, настроіцца на гульню. Дзяцей могуць сустракаць героі, якія запрашаюць іх і дарослых у свет прыгод і пошуку.

Другі этап — гэта гульня ў будынку дзіцячага сада. Дзеці павінны прайсці па зададзеным маршруце і знайсці “скарбы”, ідучы па арыенцірах, прадстаўленых на картах ці схемах.

Трэці этап праходзіць на вуліцы. Падчас вулічнай часткі гульні дзеці здзяйсняюць працяглую пешую прагулку па тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі, перамяшчаючыся з дапамогай навігатара, карты, планшэта ці іншага пуцяводнага гаджэта.

На заключным этапе гульні адкрываецца скарб і падводзіцца вынік падарожжа.

Гэты від гульні даказвае, што нязмушана можна вучыцца лі­чыць, лагічна думаць, аналіза­ваць, удасканальваць прасторавыя і матэматычныя ўяўленні. Практыка работы з дзецьмі паказала, што на паспяховасць навучання ўплывае не толькі змест матэрыя­лу, але і форма яго падачы. Гульня геакешынг здольна выклікаць зацікаўленасць дзяцей, іх пазнавальную актыўнасць. Веды, пада­дзеныя ў займальнай форме пошуку скарбу, у форме групавой гульні, засвойваюцца хутчэй, лягчэй і больш трывала, чым звычайна.

Выкарыстоўваючы гульнявыя прыёмы геакешынга, мы імкнёмся да таго, каб радасць ад гульнявой дзейнасці паступова пераходзіла ў радасць да пазнання.

Алена РУСАКОВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 3 Капыля.