Сустрэчы з бацькамі выхаванцаў па–новаму

Ва ўзаемадзеянні з бацькамі выхаванцаў дашкольнай установы вельмі важна, каб зносіны насілі даверлівы характар. Добра зарэкамендавалі сябе нестандартныя падыходы.

У сваёй практыцы прымяняю займальныя прыёмы, бо імкнуся, каб мамы і таты адчувалі сябе нязмушана, давяралі выхавальніку, свабодна дзяліліся звесткамі аб сваім дзіцяці. Найбольш спрыяльную для гэтага атмасферу дазваляюць стварыць разнастайныя гульнявыя коўчынгі, трэнінгі, майстар-класы. Асаблівую ўвагу ўдзяляю падтрыманню пазітыўнага псіхалагічнага настрою бацькоў. Адной з асноўных задач нашых сустрэч лічу неабходнасць даць ім магчымасць забыцца пра будзённыя клопаты і проста адпачыць.

Існуе шэраг цікавых методык наладжвання зносін. Пры першапачатковым знаёмстве выкарыстоўваю тэхніку малявання спіртавым чарнілам “Інтуітыўны жывапіс”, якая заключаецца ў тым, што на паперу трапляе кропля чарніла, а потым пры дапамозе фена раздуваецца. У выніку атрымліваецца абстрактны малюнак, нейкі вобраз папярэдніх страхаў і прадчуванняў, якія панавалі ў пачатку знаёмства. Па чарзе кожны дадае свае элементы да сумеснай карціны. Так нараджаецца давер, пачатковы этап разбівання лёду пройдзены. Дарэчы, бягучыя кропелькі чарніла асацыіруюцца з дзеткамі, якія знаходзяцца ў пастаянным руху і не  прыслухоўваюцца да бацькоў. Вось і фен, выконваючы ролю мам і татаў, спрабуе накіраваць кропельку ў неабходны бок.

Заўсёды добра прымаецца кулінарны паядынак. Можна прапанаваць бацькам згатаваць кашу, арыгінальна яе ўпрыгожыць. Паралельна прагаворваюцца моманты рэжыму дня і карыснага харчавання. Каб паменшыць сум ад расстання мамы з дзіцем, выкарыстоўваю методыку “Чырвоная стужка”. Сутнасць яе заключаецца ў наступным: выхавальнік абводзіць вакол сваёй рукі клубок чырвонай стужкі, а потым перадае бацькам, якія робяць тое ж самае. У выніку ўтвараецца вялікае замкнёнае кола. Затым нажніцамі абстрыгаюцца бакі, адначасова неабходна вымавіць ласкавыя словы ў адрас свайго дзіцяці. Сімвалічная чырвоная стужка з’яўляецца сувязным звяном у ланцужку выхавальнік—дзіця—бацькі.

Перадаць свае эмоцыі можна падчас стварэння відэароліка, у якім мамы і таты звяртаюцца да сваіх дзетак з цёплымі словамі аб тым, як яны сумуюць і вельмі чакаюць сустрэчы. Адначасова карысна згадаць аб неабходнасці добрых паводзін у дзіцячым садку. Прагляд відэароліка раніцай можа стаць своеасаблівым рытуалам, дзякуючы якому выхаванцы будуць атрымліваць падтрымку ад родных.

Магчымы сумесны выраб фігурак, якія асацыіруюцца ў бацькоў з іх дзецьмі. Ляпіць лепш за ўсё з салёнага цеста, а потым упрыгожыць фарбамі. Такім спосабам дарослыя атрымліваюць магчымасць змагацца са стрэсам пасля напружанага працоўнага дня. А можна, наадварот, увасобіць у фігуркі свае страхі і пакуты, потым перамагчы іх, разбурыўшы, і перарабіць у пазітыўны вобраз.

Пазбавіцца негатыўных эмоцый дазваляе методыка “Вядро-ўцякач”. На аркушы паперы бацькі запісваюць свае перажыванні, праблемы, скамечваюць яго і спрабуюць выкінуць у вядро на калёсіках, якое ўвесь час ад’язджае і з невялікім інтэрвалам адкрывае накрыўку. Злавіць такога ўцекача і трапіць у яго няпроста, але весела. У вядро-ўцекача можна таксама выкідваць дрэнныя звычкі, папярэдне занатаваўшы іх на паперы. Так умоўна мы дапамагаем дзецям пазбавіцца, напрыклад, прыхільнасці да мабільнага тэлефона, лішняй сціпласці ці агрэсіўнасці.

Прэзентаваць асаблівасці сваіх дзяцей можна з дапамогай стварэння міні-праекта “Маё дзіця можа ўсё”. На плакаце кожная мама ўмоўна малюе свайго сына/дачушку, пад якімі занатоўваюцца тры схільнасці дзіцяці або характарыстыкі. Гэта дазволіць выхавальніку выбраць правільны падыход да кожнага малыша.

Работа з бацькамі ў новым фармаце дапамагае наладзіць спрыяльны мікраклімат ва ўзаемаадносінах выхавальніка і бацькоў. У выніку зносіны грунтуюцца на павазе, даверы і сяброўстве. Таму мэтазгодна актыўна ўкараняць у практыку ва ўстановах адукацыі падобныя займальныя інтэрактыўныя прыёмы.

Людміла ДАРАШКЕВІЧ, 
выхавальніца ясляў-сада № 79 Гродна.