Сустрэча на пазітыве

З мэтай папулярызацыі карыснай занятасці ў вольны час Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх упраўлення правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама была арганізавана прэзентацыя аб’яднанняў па інтарэсах для непаўналетніх, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Гасцей азнаёмілі з гісторыяй палаца, дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах “3D-ма­дэляванне”, “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, “Паўэрліфтынг”, “Водны турызм”. На занятках, майстар-класах навучэнцы пашырылі і набылі новыя веды па 3D-графіцы, формах графічных файлаў, стварэнні каляровых мадэлей, павучыліся працаваць у рэдактары трохмернай графікі Blender, на практыцы прымянілі навыкі па арыентаванні на мясцовасці, тэхніцы руху і пераадоленні маршрутаў па рэках, азёрах і вадасховішчах на турыстычных суднах.

Такія сустрэчы спрыяюць развіццю асобасных якасцей, фарміруюць пачуццё ўнутранай упэўненасці, выхоўваюць у дзяцей і падлеткаў дабрыню і пазітыўны погляд на свет.

Алеся ДАРОЖКА,
загадчыца аддзела сацыяльных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Віцебскага абласнога палаца
дзяцей і моладзі.