Суквецце талентаў

Сярэдняя школа № 4 Магілёва — школа новых магчымасцей, школа пошуку, школа дасягненняў. Вучні тут вельмі розныя, таму педагагічны калектыў імкнецца ў кожным убачыць асобу з яе магчымасцямі і здольнасцямі. Школа гатова даць кожнаму дзіцяці трывалыя веды, таму кожны педагог імкнецца зацікавіць вучня сваім прадметам.

Так, настаўніца матэматыкі Святлана Аляксандраўна Марчанка на сваіх занятках паказвае дзецям, наколькі дзівосная і ўсемагутная матэматыка і якое шырокае практычнае прымяненне яна мае. Яна імкнецца, каб на любым уроку кожны вучань удзельнічаў у калектыўнай рабоце пры рашэнні задач, доказах, аналізе і даследаваннях. Вучні Святланы Аляксандраўны неаднаразова займалі прызавыя месцы на школьных і раённых алімпіядах. А ў гэтым навучальным годзе навучэнцы 5 класа Ксенія Дзенісенка і Ян Клімовіч на раённай алімпіядзе па матэматыцы былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені.
Настаўніцы рускай мовы і літаратуры Алена Анатольеўна Буката і Святлана Леанідаўна Лаута на сваіх уроках выкарыстоўваюць прынцып пасільнай даступнасці і творчага характару заданняў. Гэта дазваляе ім максімальна развіваць здольнасці вучняў. Таму невыпадкова іх навучэнцы сталі прызёрамі раённай алімпіяды па рускай мове: вучаніца 6 класа Вікторыя Фядосава ўзнагароджана дыпломам І ступені, вучаніца 6 класа Лізавета Праявенка адзначана дыпломам ІІ ступені, а вучаніцы 7 і 5 класаў Аляксандра Гарбузава і Аліна Макаранцава атрымалі дыпломы ІІІ ступені.
Самы лепшы ўрок той, на якім прысутнічае атмасфера творчасці, так лічыць настаўніца гісторыі Святлана Мікалаеўна Прыстаўкіна. На сваіх уроках педагог аб’ядноўвае элементы розных тэхналогій: развіцця крытычнага мыслення, метаду праектаў, праблемнага навучання — у залежнасці ад узроўню ведаў дзяцей, тэмы ўрока і нават настрою, які ў пэўны момант пануе ў класе. Гэта дазваляе ёй дасягаць добрых вынікаў. Так, вучаніца 5 класа Ганна Салаўёва на раённай алімпіядзе па гісторыі ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
А вось маладая настаўніца геаграфіі Юлія Леанідаўна Макарэвіч здольнасці вучняў развівае праз творчую дзейнасць: абарону творчых праектаў, напісанне казак, маляванне, чытанне вершаў. Гэта дазволіла вучню 5 класа Мікіту Палякову ў раённай алімпіядзе атрымаць дыплом І ступені.
Настаўніцы англійскай мовы Юлія Леанідаўна Кац і Наталля Міхайлаўна Міронава, плануючы і праводзячы ўрокі, асаблівую ўвагу адводзяць арганізацыйнаму моманту, паколькі лічаць, што ўдалы пачатак урока — гэта пяцьдзясят працэнтаў яго паспяховасці. Яны імкнуцца так пабудаваць заняткі, каб навучэнцы з першых хвілін адчулі сябе на іх актыўнымі ўдзельнікамі, а не пасіўнымі назіральнікамі. Для фармулёўкі тэм яны прапаноўваюць наступныя заданні: тэма-загадка, тэма-рэбус, тэма-лабірынт і іншыя. Дзякуючы гэтаму кожны вучань разумее, для чаго ён прыйшоў на ўрок, чаму ён павінен навучыцца і як гэта яму спатрэбіцца ў жыцці. На ўроках англійскай мовы пануе атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі. І гэта дае свае вынікі: на раённай алімпіядзе па англійскай мове вучаніца 6 класа Лізавета Праявенка ўзнагароджана дыпломам І ступені, а вучаніца 9 класа Улада Савіна і вучань 4 класа Радзівон Шыбалкі — дыпломам ІІ ступені.
Беларуская мова і літаратура — прадметы творчыя. Таму настаўніцы Жанна Анатольеўна Сівакова і Наталля Міхайлаўна Сюркіна аддаюць перавагу адпаведным формам работы на занятках. Яны выкарыстоўваюць напісанне творчых работ розных жанраў, інсцэніроўкі, падрыхтоўкі і правядзенне спектакляў. Школьнікі з вялікім жаданнем ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі і невялікія відэаролікі. Таму і цікавасць да вывучэння роднай мовы вялікая. На раённай алімпіядзе па беларускай мове вучаніца 6 класа Вікторыя Фядосава ўзнагароджана дыпломам І ступені, а вучаніца 7 класа Марыя Кавалёва — дып-ломам ІІІ ступені.
На ўрокі фізікі да Людмілы Фёдараўны Нядзведскай вучні заўсёды ідуць з упэўненасцю, што 45 хвілін іх школьнага жыцця не пройдуць дарма. Дзецям падабаюцца разнастайныя доследы, якія балансуюць на мяжы з фокусамі, таму настаўніца імкнецца праводзіць іх як мага часцей. Зацікаўленых фізікай педагог бачыць адразу: яны вельмі актыўныя на ўроках, ім заўсёды ёсць што сказаць, пра што паспрачацца, і задачы ім даюцца лёгка. З такімі вучнямі яна пачынае займацца з першага года вывучэння фізікі па індывідуальным плане і гэта дае вынік: на раённай алімпіядзе па фізіцы вучань 8 класа Ягор Сцяпанаў узнагароджаны дыпломам І ступені.
Першая настаўніца — важны чалавек у жыцці дзіцяці. Настаўніцы пачатковых класаў Таццяна Анатольеўна Мірановіч і Алена Аркадзьеўна Дзёміна працуюць па сістэме развіццёвага навучання. Гэта дазволіла ім дасягнуць максімальных вынікаў пры агульным развіцці кожнага дзіцяці з высокім узроўнем інтэлектуальнай культуры. На раённай алімпіядзе іх чацвёртакласнікі паказалі высокія вынікі: Дар’я Бялясава ўзнагароджана дыпломам І ступені па рускай мове, Радзівон Шыбалкі — дыпломам І ступені па рускай і беларускай мовах, Марына Леаненка — дыпломам ІІІ ступені па рускай мове і дыпломам ІІ ступені па дысцыпліне “Чалавек і свет”, а Аляксандра Яцук — дыпломам ІІІ ступені па беларускай мове.
Педагагічны калектыў вялікую ўвагу ўдзяляе даследчай дзейнасці навучэнцаў, бо настаўнікі перакананы, што гэта адзін з эфектыўных спосабаў развіцця асобы дзіцяці. Выконваючы даследаванні, вучань не толькі набывае новыя веды, але і развівае інтэлект, здольнасць да творчасці, становіцца больш самастойным, адказным, мэтанакіраваным. Навучэнцы школы прынялі актыўны ўдзел у раённым конкурсе навукова-даследчых работ. Работы адрозніваліся актуальнасцю, практычным значэннем, глыбінёй раскрыцця, таму, нядзіўна, што многія з іх адзначаны адпаведнымі дыпломамі.
Дзякуючы творчаму падыходу педагогаў, удалося выявіць і развіць своеасаблівае суквецце талентаў сярод навучэнцаў школы, а поспехі, несумненна, будуць спадарожнічаць ім і ў далейшым.

 

Людміла НЯДЗВЕДСКАЯ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў-прадметнікаў прыродазнаўча-навуковага цыкла сярэдняй школы № 4 Магілёва.