Сучасныя цацкі для развіцця дзіцяці

Цацкі поп-іт захапілі сэрцы маленькіх дзяцей. Калі вы выпадкова не ведаеце, то поп-іт — гэта сіліконавы дыванок з круглымі пухіркамі, якія можна бясконца ціскаць. Дыванок можа быць розных форм — ад простага круга ці квадрата да галавы аднарога ці абрысу дыназаўра, матылька ці рыбкі… У залежнасці ад памеру на ім бывае каля 25—50 пухіркоў.

Кожны пухірок гэтай тактыльнай сэнсарнай цацкі націскаецца невялікім высілкам пальчыка. Пухіркі не лопаюцца, і гэта дае магчы­масць выкарыстоўваць выраб шмат разоў. Калі такія цацкі з’явіліся практычна ў кожнага выхаванца, я пачала пошук эфектыўных прыёмаў выкарыстання поп-іт як сродка разнастайнага развіцця. Вось некаторыя прыклады гульняў і практыкаванняў для дзяцей.

Поп-іт — выдатны аналаг лічыльных палачак. Гаворым дзецям прыклады і просім лопнуць столькі пухіркоў, колькі паказана ў прыкладзе 5 + 3.

У выніку ў нас атрымаецца 8 лопнутых пухіркоў. Просім лоп­нуць 5 сініх пухіркоў і 3 чырвоныя. Шукаем адказ на пытанні: якіх пухіркоў больш? А што зрабіць, каб была аднолькавая колькасць лопнутых пухіркоў?

Рашаем арыфметычныя задачы. Саша купіў 5 чырвоных “шарыкаў”, а Маша — 4. Колькі шарыкаў у дзяцей? Пры гэтым не забываем лопаць пухіркі.

Арыенціроўка. Тут выхаванец дзейнічае па інструкцыі: на трэцім радку зацісні чацвёрты пухірок справа, падніміся вышэй на радок і зацісні другі пухірок злева, апусціся на два радкі і зацісні пяты пухірок злева і г.д.

Гульні ў парах з кубікам. Дзеці кідаюць кубік, глядзяць, якая лічба ім выпала — столькі пухіркоў і націскаюць. Хто апошнім націскае пухіркі, той і прайграў.

Педагог хавае шарык пад поп-іт у любы пухірок, а дзеці пачынаюць па чарзе націскаць на іх. Выйграе той, хто першым знойдзе схаваны шарык. 

Гульня “Ставім рэкорд”. Можна правесці вясёлыя спаборніцтвы. Ставім секундамер і прапануем хутка націскаць на пухіркі. Фіксуем, хто зробіць гэта хутчэй. Дарэчы, дзеці любяць спрабаваць пабіць свае ж рэкорды.

Гульні на аўтаматызацыю гукаў. Важна націскаць пухірок і паўтараць гук — такім чынам можна аўтаматызаваць любы гук ізалявана, у складах, у словах. Можна даць заданне прыдумаць слова з такой колькасцю складоў, колькі жоўтых пухіркоў і г.д. Прапаную дзецям назваць столькі слоў з гукам [р] у пачатку слова, колькі, напрыклад, сініх пухіркоў. Даю заданне: калі пачуеш зададзены гук у слове, націскай чырвоны пухірок, калі яго няма ў слове — зялёны.

Пампончык у пухірку. Ёсць у нас гульня на замацаванне даволі складанага навыку, які патрабуе сілы ў пальцах, спрыту і добрай каардынацыі рухаў. Прапаную дзецям раскласці пінцэтным захопам у пухіркі пампончыкі ці піпеткай набраць і разліць у іх ваду. Пінцэтным захопам называецца дзеянне, якое здзяйсняецца з дапамогай трох пальцаў рукі: вялікага, указальнага і сярэдняга. Звычайна такім чынам мы захопліваем дробныя і тонкія прадметы, перагортваем старонкі ў кнізе, а таксама гэтае ўменне дапамагае нам пісаць і ўтрымліваць прылады для ­пісьма.

Развіваем памяць і ўвагу. Для развіцця памяці, мыслення і назіральнасці прапаную дзецям гульню “Паўтары ўзор”: раскласці пампончыкі ў пухіркі па прапанаванай схеме.

На развіццё ўвагі ёсць гульня “Націсні туды, куды скажу”. Па слоўнай інструкцыі дзеці выконваюць заданне накшталт: “можна лопнуць пухіркі не чырвоныя, не сінія, не жоўтыя, не зялёныя”. Дзеці павінны лопнуць пухіркі любога колеру, не названага педагогам.

Для развіцця міжпаўшарных сувязей выконваем наступнае заданне. Бяром аднолькавыя поп-іт і ўказальнымі пальцамі абедзвюх рук націскаем адначасова пухіркі па схеме: 3 жоўтыя, 4 сінія, 3 чырвоныя, 6 фіялетавых і г.д. Добра суправаджаць гульні разнастайнымі вершыкамі. Вось некалькі прыкладаў:

Мы сегодня поиграем,

Шарик пальчиком надавим.

Ці:

Будем мы сейчас играть,

Шарик будем догонять.

Ну-ка, шарик, не ленись,

В ямку быстро превратись.

Дзеці з цацкай поп-іт цікава правядуць час, і адначасова ў іх будуць развівацца дробная маторыка, маўленне, замацуюцца навыкі лічэння, актывізуюцца разнастайныя разумовыя працэсы. Калі рухі дапоўнены вясёлай мелодыяй і прахо­дзяць у кампаніі аднагодкаў, то такія гульні вельмі падабаюцца дзецям.

Алена КАНАНОВІЧ,
выхавальніца Бабраняцкага ясляў-сада Мазырскага раёна.