Стварылі “Код нацыі”

Пачуццё Радзімы пачынаецца ў дзіцяці са стаўлення да сям’і, да самых блізкіх яму людзей: маці, бацькі, дзядулі, бабулі, братоў і сясцёр. Развіццё пачуцця любові да роднага дома служыць першай прыступкай патрыятычнага выхавання. Паступова ўяўленні пра родны край пашыраюцца, і Радзіма ўжо асацыіруецца не толькі з домам, але і з вуліцай, на якой жыве дзіця, з родным горадам, з навакольнай прыродай. Пазней прыходзіць усведамленне яднання з краінай, грамадзянінам якой дзіця з’яўляецца.

Выхаванне патрыятызму — працэс складаны і працяг­лы. Каб дасягнуць пэўнага выніку, неабходна знаходзіць нетрадыцыйныя метады выхавання дзіцяці, каб натуральна і гарманічна напоўніць светапогляд выхаванцаў. З мэтай стварэння ўмоў для фарміравання ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі ў нашай школе на працягу года рэалізоўваўся праект па арганізацыі шостага школьнага дня “Код нацыі”.

Удзельнікамі праекта сталі вучні 1—11 класаў, педагогі, бацькі. Праект складаўся з дзевяці тэматычна ўзаемазвязаных блокаў: “Беларуская спадчына — арнамент”, “Беларуская сям’я: традыцыі і каштоўнасці”, “Беларускі фальклор”, “Свята ў нашым доме”, “Шукаю свае карані”, “Абавязак і памяць”, “Беларусь — крыніца натхнення”, “Магілёў: тут пашчасціла нарадзіцца”, “Раўненне на герояў Перамогі”. Чырвонай ніткай праз увесь праект прайшоў беларускі арнамент: “Дзяцінства”, “Сям’я”, “Бяскон­цасць”, “Агонь”, “Продкі”, “Мужчына”, “Маладосць”, “Абуджэнне зямлі”, “Світанак”.

На рэалізацыю кожнага блока адводзіўся каляндарны месяц, на працягу якога праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы. У якасці дамашняга задання ўдзельнікі вышывалі па схемах сімвалы беларускага арнаменту, якія ўдзельнічалі ў выставе “Код нацыі”. Выстава абнаўлялася штомесяц.

Праект стартаваў 2 верасня 2019 года на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай святу першага званка. Лінейка была праведзена на рускай і беларускай мовах і ўключала творчыя нумары з тканымі ручнікамі. З рук вучняў 11-х класаў першакласнікі атрымалі ў падарунак сімвал беларускага арнаменту “Дзяцінства”.

У ходзе рэалізацыі праекта аднымі з самых яркіх мерапрыемстваў сталі майстар-клас “Танцуй сваё” пры ўдзеле калектыву “Беларускія народныя танцы ў Магілёве”, фестываль “Наша беларус­кая спадчына”, творчая гасцёўня “Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек — сваёй сям’ёй. Мой радавод” і інш.

На працягу дзевяці месяцаў у вучняў назіраліся цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі, станоўчае эмацыянальна-каштоўнаснае стаўленне да малой радзімы, паважлівыя адносіны да гераічнага мінулага краіны, а таксама да гісторыі сваёй сям’і і сямейных традыцый. Вучні з захапленнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах праекта. Класныя кіраўнікі і бацькі актыўна дапамагалі дзецям і падтрымлівалі ўсе іх пачынанні.

Дзякуючы праектнай дзейнасці ўдалося ўмацаваць грама­дзянска-патрыятычныя пачуцці ў сем’ях ­удзельнікаў праекта, а таксама павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў у пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання і стварыць умовы для творчай самарэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці.

Людміла ЗУЕВА,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 45 Магілёва.