Студыя “Арт–дэкор” папоўнілася новым абсталяваннем

Усебаковае развіццё дзіцяці і падлетка — гэта не толькі школьная праграма, але і творчы шлях, магчымасці спазнаць сябе праз знаёмства з народнымі рамёствамі і промысламі. Неверагодна прыгожыя мастацкія вырабы можна знайсці ў скарбонцы творчых работ студыі сучаснай творчасці “Арт-дэкор” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Асноўны профіль аб’яднання па інтарэсах — кераміка, навучэнцы ўвасабляюць свае ідэі з прыроднага матэрыялу — гліны. А яшчэ гэта месца творчасці, сустрэч і адпачынку для тых, хто верыць у стварэнне шэдэўраў сваімі рукамі. Тут пад кіраўніцтвам дасведчанага педагога Алесі Пупкоўскай спасціга­юць сакрэты ганчарнага мастацтва — ад замесу і лепкі да абпалу і роспісу. Дзеці асвойваюць гісторыю промыслу, вучацца вырабляць гліняныя цацкі і сувеніры да свят. Студыя ладзіць свае выставы, прымае ўдзел як у раённых, так і ў міжнародных выставах і конкурсах, што таксама развівае дзяцей, стымулюе развіццё творчых здольнасцей. У гэтым годзе ў творчай майстэрні ўстаноўлена новае прафесійнае абсталяванне: муфельная печ і ганчарны круг, набытыя ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Павышэнне сацыяльнай інклюзіі шляхам арганізацыі сумесных мерапрыемстваў і паляпшэння сацыяльных паслуг у Полацкім раёне і Краслаўскім муніцыпалітэце”. Праект з’яўляецца адным з пунктаў праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю. Дзякуючы гэтаму, аб’яднанне па інтарэсах выйшла на новы ўзровень развіцця дадатковай адукацыі навучэнцаў.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.